Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 чэрвеня адбылася чарговая нарада ў прэзыдэнта Беларусі, прысьвечаная рэформе срэдняй школы, у выніку якой прынятае рашэньне вяртацца да 11-гадовага навучаньня.


Як заявіў Аляксандар Лукашэнка, школа мусіць "пазбавіцца ад непатрэбных наслаеньняў, якія толькі ўскладняюць працэс атрыманьня ведаў".

Якія сапраўдныя матывы ў гэтым рашэньні перайсьці да 11-годкі? Чаму ў выніку пераменаў скарачаюцца найперш гуманітарныя прадметы? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Уладзімер Мацкевіч.

Цыганкоў
: “Што стаіць за рашэньнем уладаў перайсьці да 11-гадовага навучаньня ў школе? Якія сапраўдныя прычыны гэтага рашэньня?”

Мацкевіч: “Сапраўднымі матывамі былі, на маю думку, найперш бюджэтныя і эканамічныя чыньнікі. Да рэформы адукацыі трэба было пераходзіць пасьля пэўных эканамічных пераўтварэньняў і пасьля таго, як зьявілася магчымасьць і база для такіх дзеяньняў. Але, калі час прыйшоў, высьвятлілася, што падрыхтаваныя падыходы да рэформы занадта дарагія, і беларуская дзяржава ня можа іх сабе дазволіць. Таму рэакцыя Лукашэнкі і чынавенства была такая – урэзаць! І вырашылі «ўрэзаць» цэлы лішні год!

Але я зь сёньняшняй іх нарады вынес і такую думку: улады ўсьвядомілі сацыяльныя наступствы ліквідацыі рэформы адукацыі. Гэта іх занепакоіла, яны разумеюць, што могуць ня даць рады гэтым наступствам, таму, думаю, да гэтага пытаньня яшчэ будуць вяртацца, кропка не пастаўленая”.

Цыганкоў: “Як вы ставіцеся да тых аргумэнтаў, што 12-годка набліжала Беларусь да эўрапейскай сыстэмы адукацыі?”

Мацкевіч: “Я б паасьцярогся казаць, што «набліжала да эўрапейскай», бо гэта павярхоўная рэч. Галоўнае ў тым, чым занятыя гэтыя 12 гадоў. І ў гэтым сэнсе зьмест беларускай адукацыі цалкам не адпавядаў эўрапейскім стандартам, і ніякага набліжэньня па сутнасьці не было. Гэта было павярхоўнае набліжэньня – але ж вырашылі, што і гэтага ня трэба!”

Цыганкоў: “Як заявіў Аляксандар Лукашэнка, школа мусіць "пазбавіцца ад непатрэбных наслаеньняў, якія толькі ўскладняюць працэс атрыманьня ведаў". І вырашылі пазбавіцца такіх прадметаў як «Айчынная і сусьветная мастацкая культура», «Асновы бясьпекі і жыцьцядзейнасьці», «Музыка і выяўленчае мастацтва» ў старэйшых клясах. То бок пераважна гуманітарныя прадметы. У Беларусі і ў савецкі час асноўную ўвагу надавалі прыродазнаўчым і дакладным навукам, а гуманітарныя былі ў заняпадзе. Вяртаюцца да гэтага?”

Мацкевіч: “Менавіта так. Бо гуманітарная падрыхтоўка, адукацыя – гэта небясьпечная для таталітарных рэжымаў рэч, бо яна вучыць чалавека свабодзе, каштоўнасьцям, правам. У гэтым не зацікаўленыя сёньняшнія ўлады. Гуманітарныя веды ўлады лічыць непатрэбнымі, – і найперш тыя веды, якія вучаць чалавека свабодзе і правам”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG