Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусь з афіцыйным візытам прыбывае дзяржаўны сакратар Папы Рымскага Бэнэдыкта XVI, кардынал Тарчызіё Бэртонэ.


З 18 да 22 чэрвеня ён наведае Горадню і Пінск, сустрэнецца з афіцыйнымі асобамі краіны, возьме ўдзел у шэрагу рэлігійных імпрэзаў. Тарчызіё Бэртонэ прыязджае ў Менск на запрашэньне ўраду Беларусі.

Тарчызіё Бэртонэ — другая асоба ў Ватыкане пасьля Папы Рымскага і найбліжэйшы супрацоўнік Бэнэдыкта XVI. Ягоны афіцыйны візыт — значная падзея для кожнай краіны, у тым ліку і для Беларусі, паведаміў на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч:

“Я спадзяюся, што гэты візыт будзе мець важнае значэньне ў жыцьці каталіцкага касьцёла ня толькі ў Менску, але ўва ўсёй Беларусі. Я добра ведаю кардынала, я спатыкаўся зь ім не аднойчы. Ён фанат футболу, нават будучы арцыбіскупам, быў таксама футбольным камэнтатарам. Так што гэты чалавек не замкнёны ў мурах касьцёлу”.

Візыт дзяржсакратара Ватыкану ў Беларусь адбудзецца на запрашэньне ўраду і пройдзе на дзяржаўным узроўні. Аднак пра сустрэчы з афіцыйнымі асобамі краіны намесьнік старшыні Камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Уладзімер Ламека нічога пэўнага не паведаміў:

“Для нашай дзяржавы вялікі гонар прымаць госьця такога высокага ўзроўню ад дзяржавы Ватыкан. Усё будзе рабіцца праз урад, праз адміністрацыю прэзыдэнта. Праграма такіх сустрэч будзе, я думаю, што яна ўжо недзе ёсьць, але да нас пакуль не дайшла”.

Адносна ўрадавай праграмы візыту на сёньня вядома толькі тое, што Тарчызіё Бэртонэ прачытае лекцыю ў БДУ на тэму — навука і рэлігія. Як паведаміў Тадэвуш Кандрусевіч, Тарчызіё Бэртонэ пабывае ў Пінску і ў Горадні, наведае дабрачынны каталіцкі цэнтар “Карытас” у Бараўлянах, асьвяціць будаўніцтва касьцёла ў менскім мікрараёне Серабранка, сустрэнецца зь беларускімі грэка-каталікамі і моладзьдзю. У гадавіну пачатку вайны, 22 чэрвеня, дзяржсакратар Ватыкану ўшануе памяць палеглых ускладаньнем вянка і памоліцца на плошчы Перамогі.

Напрыканцы траўня дзяржсакратар Ватыкану Тарчызіё Бэртонэ наведаў Украіну. Ён запрасіў прэзыдэнта Віктара Юшчанку наведаць з афіцыйным візытам Ватыкан. У сваю чаргу, прэзыдэнт Украіны запрасіў Папу Рымскага Бэнэдыкта XVI пабываць у Кіеве.

Даведка “Свабоды”: Дыпляматычныя адносіны паміж Апостальскай Сталіцай і Рэспублікай Беларусь былі ўсталяваныя 11 лістапада 1992 году. Апостальская нунцыятура ў Менску была заснавана распараджэньнем Папы Яна Паўла ІІ. Першым Апостальскім нунцыем у Беларусі быў арцыбіскуп Габрыэль Мантальва. Свае даверчыя лісты ён перадаў афіцыйнаму Менску 17 кастрычніка 1993 году. З 2004 году і па сёньня прадстаўнік Ватыкану ў Беларусі — арцыбіскуп Марцін Відавіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG