Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вэтэранка Хартыі-77 шле паклон Вользе Сяньковай


Ці павінен пэдагог, выкладчык, прафэсар заступацца за сваіх вучняў і студэнтаў, якім пагражае несправядлівы перасьлед? Якія ён можа для гэтага абраць сродкі, або, наадварот, якія прывесьці апраўданьні сваёй пасіўнай згоды з перасьледам? Дылема выбару асабліва востра стаіць ва ўмовах таталітарных рэжымаў. Свайго роду погляд на мінулае і яго ўрокі – у размове з колішняй чэскай дысыдэнткай, актыўнай удзельніцай Хартыі –77 Данай Немцавай.

У часы дзейнасьці Хартыі-77 спадарыня Немцава займалася ў тым ліку і абаронай несправядліва перасьледаванай моладзі. З-за сваёй праваабарончай актыўнасьці яна, псыхоляг паводле адукацыі, не магла працаваць па спэцыяльнасьці, была прыбіральшчыцай і вахцёршай. Дана Немцава – маці семярых дзяцей. Зь іх толькі чацьвёра атрымалі атэстат аб заканчэньні сярэдняй школы. У часы камунізму ніхто зь дзяцей Даны Немцавай ня мог вучыцца ў вышэйшых навучальных установах і, толькі даганяючы пазьней страчаныя магчымасьці, адна з дачок ужо пасьля сарака гадоў атрымала юрыдычную адукацыю.

Немцава: У часы таталітарызму і Хартыя-77 займалася праблематыкай дзяцей, якія з розных прычынаў былі для рэжыму нязручнымі. Мы вельмі цьвёрда выступалі супраць таго, каб дзеці былі караныя за сваіх бацькоў або за сваю ўласную пазыцыю, асабліва тыя старэйшыя, які ўжо мелі крытычныя погляды. Успамінаю на выпадак, калі хлопца выключылі са школы - было яму 18 гадоў, і гэта азначала, што мог ужо падпісаць Хартыю-77. Выключылі яго пасьля ціску паліцыі і спэцслужбаў. Такіх выпадкаў было, вядома, болей. Былі , між тым, таксама школы, дзе выкладчыкі, пэдагагічны калектыў проста станавіліся на бок вучня, але не дэманстратыўным спосабам. Так, напрыклад, удалося маёй дачцы атрымаць атэстат, нягледзячы на тое, што на школу аказваўся ціск. Так што шмат залежала ад сьвядомасьці, ад пазыцыі таго пэдагога.

Карэспандэнт: А ці часта пэдагогі выбіралі прасьцейшы, нерызыкоўны для сябе варыянт?

Немцава: Ведаю, што ціск на пэдагогаў аказваўся самымі рознымі спосабамі. Ведаю, што яны часта апраўдваліся тым, што калі б адыйшлі, то не далі б сваім студэнтам тыя веды, якія маглі даць. Было гэта складана. Нехта гэтаму ціску падпарадкаваўся, гэта было вельмі частае рашэньне - не рабіць сабе большых праблемаў, а разглядаць крытычную пазыцыю маладога чалавека як нейкую крайнюю праяву маладосьці. Старэйшыя выкладчыкі часта былі перакананыя, што асабістымі паводзінамі ці асабістай мужнасьцю нічога ня зьменіш, але прытым насамрэч гэта зусім наадварот. Асабістая мужнасьць - гэта якраз той спосаб, якім можна процістаяць таталітарнаму ціску.

Карэспандэнт: Якое Ваша пасланьне героям нашай гісторыі ў Салігорску?

Немцава: Я з вялікай павагай паставілася да ўчынку вашай дырэктаркі Вольгі Сяньковай, якая змагла пакінуць сваю пэдагагічную працу і выказаць салідарнасьць з хлопцам, якому не дазволілі закончыць вучобу. Вядома, жадаю таму хлопцу неўзабаве закончыць школу , а дырэктарцы - моцнай адвагі і веры ў тое, што гэта не канец усяму, і што ўсё яшчэ павернецца да лепшага.

  • 16x9 Image

    Алена Ціхановіч

    Родам з Койданава, ці Дзяржынску. У раньнія 90-я пачала супрацоўніць са «Свабодай», вэтэраны якой абралі яе пазьней «голасам радыё».

XS
SM
MD
LG