Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супраць іншадумства -- школьная рэформа


Удзельнічае гісторык Тацяна Процька. Эфір 5 чэрвеня 2008 году .


“Як ні бясспрэчная тая думка, што школа павінна рыхтаваць да жыцьця, паведамляць такія веды, якія акрамя тэарэтычнай каштоўнасьці мелі б і практычны, жыцьцёвы характар, як ні бясспрэчная гэтая думка, аднак пастаноўка навучаньня ў нашай школе прымушае яшчэ многага жадаць у гэтых адносінах”.

Адам Багдановіч, беларускі грамадзкі дзеяч і пэдагог. 1884 год


Вячаслаў Ракіцкі: “Як бачым, і напрыканцы 19-га стагодзьдзя, зрэшты, як і сёньня, на Беларусі не былі задаволены станам сыстэмы адукацыі. Дык і 150 гадоў гаворка вялася пра рэгулярныя школьныя рэформы?”

Тацяна Процька: “Выглядае, што незадаволенасьць сыстэмай адукацыі ў пэўным сэнсе зьяўляецца нацыянальнай рысай беларускай інтэлігенцыі. Цікава, што гэтую незадаволенасьць выказвалі як людзі дэмакратычных перакананьняў, так і тыя, хто бачыў і бачыць у адукацыі магутны сродак “выхаваньня” народу ў неабходным напрамку і, перш наперш, у духу любові і пакорнасьці ўладам, і, канешне, гэтак званай дзяржаўнай ідэалёгіі”.

Ракіцкі: “Зноў я чую знаёмыя словы. Сыстэма навучаньня зьвязваецца зь дзяржаўнай ідэалёгіяй. Няўжо гэта было прынцыповым і ў 19-м стагодзьдзі?”


Процька: “Так, ідэалёгіі былі, хоць слова гэта і не ўжывалася. Панаванымі сярод багатых і ўплывовых у грамадзтве людзей былі дзьве, як іх тады і пазьней называлі у расейкай гістарыяграфіі, – расейская і польская. Расейская ідэалёгія ў сваёй аснове мела прынцыпы “самадзяржаўе, праваслаўе, народнасьць”, польская –“незалежная польская дзяржава, каталіцтва, шляхта”. Першая ідэалёгія была дзяржаўнай, другая клалася з тымі ці іншымі агаворкамі ў аснову паўстанцкіх рухаў. Вядома ж, існаваньне у грамадзтве такіх процілеглых накірункаў грамадзкай думкі не магло не адбіцца на сыстэме адукацыі. А паколькі ад 1840 году на Беларусі дзейнічала дзяржаўная сыстэма толькі расейскіх школаў (габрэйскія пачатковыя школы, якія дазваляліся, не былі дзяржаўнымі), рэфармаваньне тычылася паляпшэньня гэтай сыстэмы з мэтай далейшага ўмацаваньня расейскай ідэалёгіі. На Беларусі, як нідзе ў Расейскай імпэрыі, адукацыйная сыстэма павінны былі вырашаць ідэалягічныя задачы. Я сказала б нават, што менавіта ідэалягічныя задачы заўсёды былі галоўным штуршком для рэфармаваньня сыстэмы – як 150 гадоў таму, гэтак і зараз. Мне падаецца, што некаторыя прапановы ў рэфармаваньні сучаснай сыстэмы адукацыі абапіраюцца менавіта на вопыт тых часоў”.

Ракіцкі: “Дык што сабой уяўляла тагачасная сыстэма адукацыі?”

Процька: “Па-першае, яна не была ўсеагульнай і абавязковай, а дзейнічала паводле прынцыпу “хочаш і можаш – вучыся” і складалася з трох ступеняў: пачатковай школы (народнай), сярэдняй і вышэйшай. Па-другое, яна фінансавалася як зь дзяржаўных сродкаў, так і з прыватных. Па-трэцяе, адукацыя ў асноўным была платная. І што падаецца важным, навучаньне было разьдзельным –хлопчыкі і дзяўчынкі вучыліся у розных установах”.

Ракіцкі: “Якім чынам дзяржава кантралявала школы?”

Процька: “Кантроль за сыстэмай адукацыі ажыцьцяўляўся рознымі дзяржаўнымі ўстановамі, якія знаходзіліся паміж сабой у строгім падпарадкаваньні, вызначаным спэцыяльнымі інструкцыямі. Згодна з адпаведнымі пастановамі Міністэрства народнай асьветы, усе беларускія губэрні ўвайшлі у Віленскаю навучальную акругу, кіраўніцтва якой павінна было ажыцьцяўляць кантроль за адукацыйным працэсам і вырашаць усе пытаньні, зьвязаныя з адукацыйным працэсам, у тым ліку ажыцьцяўляць падбор і падрыхтоўку пэдагагічных кадраў для сваёй акругі. Як правіла, навучальная акруга мела свой унівэрсытэт, куды накіроўваліся здольныя да вышэйшай адукацыі вучні і дзе рыхтаваліся пэдагагічныя кадры. Падпарадкоўваліся акругі міністэрству, яны мала залежалі ад мясцовага кіраўніцтва”.

Ракіцкі: “Няўжо міністэрства наўпрост магло пракантраляваць усю тэрыторыю тагачаснай Беларусі?”

Процька: “Мясцовыя школы, як пачатковыя, так і сярэднія, і асабліва вышэйшыя, у сваёй дзейнасьці абапіраліся толькі на цыркуляры, інструкцыі і іншыя акты, выпушчаныя міністэрствам асьветы, якое вызначала праграмы навучаньня (колькасьць прадметаў, зьмест, колькасьць гадзінаў), мэтодыку выкладаньня, падбірала выкладчыкаў, кантралявала каталёг школьных бібліятэкаў. Мясцовыя органы дзяржаўнага кіраваньня маглі ўмешвацца ў школьныя справы толькі ў выпадку, калі сярод вучняў і выкладчыкаў была “крамола”. І то толькі ў выпадку, калі крамола была даказаная ці відавочная”.

Ракіцкі: “І такая сыстэма пашыралася на ўсю імпэрыю?”

Процька: “Не, не абавязкова. На Беларусі былі і свае асаблівасьці. Паколькі ў 1832 годзе крыніцай “польскай” ідэалёгіі быў вызначаны Віленскі ўнівэрсытэт, дык яго і зачынілі. І колькі потым мясцовае беларускае грамадзтва не рабіла спробаў атрымаць дазвол на адкрыцьцё вышэйшай навучальнай установы, заўсёды была адмова цара. Але былі і свае перавагі. Паколькі атрыманьне вышэйшай адукацыі для жыхароў губэрняў Беларусі было зьвязанае зь вялікімі цяжкасьцямі, сярэднія навучальныя ўстановы тут мелі вельмі добры ўзровень падрыхтоўкі. Іх выпускнікі маглі працаваць на пасадах, якія патрабавалі інстытуцкіх ці ўнівэрсытэцкіх ведаў. На тыя часы нармальнай лічылася хатняя падрыхтоўка. Але на Беларусі, калі сяляне наймалі чалавека для навучаньня дзяцей грамаце, гэта разглядалася як адмоўная зьява і забаранялася. Штраф за гэта быў значны. У таго, хто займаўся навучаньнем, павінен быў быць спэцыяльны дазвол і адпаведная адукацыя. Ва ўсходняй Расеі такога не было. Акрамя таго, у Беларусі царкоўна-прыходзкіх школаў было больш, чым народных вучылішчаў, што таксама не характэрна для ўсходніх расейскіх губэрняў”.

Ракіцкі: “Дык чаму вучылі, якія былі прыярытэты?”

Процька: “Спрэчак пра тое, каго вучыць, у другой палове 19-га стагодзьдзя ўжо не было. Вучыць трэба было ўсіх дзяцей з усіх саслоўяў, але здольных да вучобы. Тэрмін навучаньня і прынцып “трох адукацыяў” павінны былі адпавядаць здольнасьцям і магчымасьцям вучняў. Галоўныя спрэчкі былі наконт таго, чаму вучыць больш – прыродазнаўству, ці мовам і закону Божаму. Я ня буду ўдавацца у падрабязнасьці як найменей пяці рэформаў сыстэмы адукацыі ў 19-м стагодзьдзі. Зазначу толькі, што напрыканцы стагодзьдзя сыстэма пачатковага навучаньня складалася з пачатковых дзяржаўных вучылішчаў, аб’яднаных у дырэкцыі, і царкоўна-прыходзкіх эпархіяльных школаў, сярэдняга навучаньня -- з гімназіяў і прагімназіяў, рэальных вучэльняў, настаўніцкіх сэмінарыяў, вышэйшая -- унівэрсытэтаў і інстытутаў. Пры гэтым выпускнікі толькі гімназіяў маглі паступаць ва ўнівэрсытэты з рэальных вучэльняў. Як правіла, адукацыю можна было працягнуць у профільным інстытуце”.

Ракіцкі: “Ці абавязкова было беларусам ехаць па вышэйшую адукацыю ў Маскву ці Пецярбург? Ці былі вышэйшыя навучальныя ўстановы на тэрыторыі Беларусі?”

Процька: “Апошні зь інстытутаў у Беларусі – Горы-Горацкі земляробчы інстытут, дзе, дарэчы, зьбіраўся працаваць Мендзялееў, у 1864 годзе быў пераведзены ў Пецярбург. Інстытут праіснаваў на Беларусі толькі 17 гадоў.

Ракіцкі: “А сярэднія навучальныя ўстановы?”

Процька: “Найбольш значныя гімназіі і вучэльні знаходзіліся ў Менску, Сьвіслачы, Вільні і Беластоку. Менавіта тут асаблівую ўвагу надавалі вывучэньню прыродазнаўчых навук (хіміі, фізыцы, геаграфіі), а таксама матэматыцы. Гэта ішло насуперак агульнай тэндэнцыі дзяржаўнай адукацыі, скіраванай больш на моўнае і этычнае выхаваньне. Хоць не на роднай мове, але навучэнцы атрымлівалі грунтоўныя веды. Пэдагогі гэтых установаў пісалі ўласныя падручнікі, удзельнічалі у расейскіх навуковых зьездах, выступалі там з дакладамі і прапановамі. У савецкіх падручніках па гісторыі адукацыі на Беларусі зазначаецца, што Беларусь была “найбольш адсталай у галіне сярэдняй спэцыяльнай і вышэйшай адукацыі”. Фармальна можна так лічыць, бо людзі ня мелі дыплёмаў, але мелі грунтоўныя прафэсійныя веды, што заўсёды больш важна за дыплём”.

Ракіцкі: “Зразумела з настаўнікамі, зразумела з агульнымі ўстаноўкамі сыстэмы навучаньня. А як рэглямэнтаваліся паводзіны вучняў?”

Процька: “У 1874 годзе былі зацьверджаны “Правілы паводзінаў вучняў”. Згодна з гэтымі правіламі, спагнаньні, якія накладваліся на вучняў, падзяляліся на 16 разрадаў. Гэта – вымова дырэктара перад клясай (гэта зьніжала адзнаку па паводзінах), вымова ад імя пэдагагічнай рады, ад імя інспэктара, выключэньне з навучальнай установы на пэўны тэрмін з правам і бяз права вяртаньня, адзіночнае сядзеньне ў клясе пасьля ўрокаў, заняткі ў сьвяточныя і нядзельныя дні, і, канешне, карцэр. З 14 299 спагнаньняў, якія атрымалі вучні ў 1883 годзе, кожнае сёмае – карцэр”.

Ракіцкі: “Сёньня адным з самых дыскусійных пытаньняў у беларускім грамадзтве зьяўляецца працягласьць навучаньня ў школах. Ужо бацькі літаральна заблыталіся, у якой клясе вучацца іхныя дзеці. А тады, за царом расейскім, колькі гадоў вучыліся дзеці?”

Процька: “Пачатковая адукацыя была 2-4 гады, сярэдняя -- 4 гады ў прагімназіях і 7 гадоў у гімназіях. Цікава, што міністар асьветы Талстой, уводзячы ў 1871 годзе падрыхтоўчыя клясы ў гімназіях і навучаньне ў 7 клясе 2 гады, аргумэнтаваў гэтыя захады неабходнасьцю захаваць пад кантролем моладзь і зьберагчы яе ад шкодных уплываў “антыўрадавых” настрояў. “Падпарадкаваньне юнакоў яшчэ на адзін год штодзённаму кантролю, як адносна вучэбных заняткаў, так і самога спосабу жыцьця будзе, несумненна, дабратворным”, -- гаварылася ў тлумачальнай запісцы да статуту гімназіяў і прагімназіяў. Мне падаецца, што гэта вельмі сучасна гучыць”.

Ракіцкі: “А ці пакідалі вучняў на другі год? Усе, як зараз, заканчвалі школы?”

Процька: “Раней не было паказчыкаў пасьпяховасьці. Інспэктары навучальнай акругі заўсёды маглі праверыць веды вучняў і якасьць выкладаньня. Так што, як правіла, настаўнікі не завышалі адзнак вучням. І тых, хто ня справіўся з праграмай навучаньня, пакідалі на другі год. Такіх было да 30 працэнтаў. Калі і надалей вучань ня здольны быў вучыцца, яго адлічвалі. Апошнія клясы гімназіяў і прагімназіяў звычайна заканчвала 7-10 вучняў. Зразумела, што яны мелі вельмі добрую падрыхтоўку да паступленьня ў вышэйшыя навучальныя ўстановы і пасьпяхова паступалі”.

Ракіцкі: “Ці было задаволенае тагачаснае беларускае грамадзтва такой сыстэмай навучаньня? І ці апраўдала надзеі дзяржавы сыстэма адукацыі?”

Процька: “Адукацыя ня ёсьць нечым самадастатковым і адарваным ад патрэбаў жыцьця. Яна, наадварот, ёсьць самым першым адказам на жыцьцёвыя выклікі. Калі напрыканцы 19-га стагодзьдзя інжынэр асабіста павінен быў ведаць, як, напрыклад, пабудаваць мост і нёс адказнасьць за правільнасьць будаўніцтва, падрыхтоўка інжынэраў была адпаведная. Калі за савецкія часы інжынэр мог усё жыцьцё адседзець у канторы, перакладаючы паперы з рознымі нарматывамі, для яго патрэбна была ўжо іншая падрыхтоўка. Так і сёньня: калі дзяржава зьбіраецца знайсьці працаўнікоў, напрыклад, для беларускай “сыліконавай даліны” – гэта адна рэформа адукацыі, яна патрабуе ня доўгага навучаньня, а якаснага, а калі, як калісьці сьцьвярджаў Талстой, мэтай рэформы ўтрыманьне юнакоў і дзяўчат ад удзелу ў палітычных падзеях – гэта ўжо іншая рэформа”.

***

“У другой палове 1980-х гадоў у Акадэміі навук БССР распрацоўвалася тэма “Разьвіцьцё навукі і культуры ў дасавецкай Беларусі”. Адказным сакратаром была кандыдат філязофскіх навук Тацяна Процька. Пасьля пяцігадовай працы ЦК Камуністычнай партыі Беларусі абвінаваціў навукоўцаў у скажэньні партыйнай лініі, паводле якой росквіт адукацыі, навукі і культуры пачаўся толькі пасьля 1917 году. Распрацоўка тэмы спынілася”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG