Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Рыме праходзіць саміт ААН у праблеме росту сусьветных цэнаў на харчаваньне. Паводле зьвестак ААН, цягам толькі 2007-га цэны на прадукты вырасьлі на 35%.


У чым прычыны росту цэнаў на харчаваньне ў сьвеце? Ці сапраўды Беларусь можа апынуцца ў выйгрышы ад гэтага працэсу? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Леанід Злотнікаў.

Цыганкоў: “Наколькі аб’ектыўным і рынкавым ёсьць гэты працэс росту цэнаў на харчаваньне? Ці тут змова прадаўцоў гэтай прадукцыі і біржавых спэкулянтаў?У чым вы бачыце асноўныя прычыны?”

Злотнікаў: “У сусьветнай эканоміцы часам вельмі заблытаныя сувязі паміж рознымі чыньнікамі – таму вельмі цяжка прадбачыць тое, што будзе адбывацца. Нельга казаць, што да гэтага прыводзяць нечыя наўмысныя дзеяньні.
Калі глядзець глябальна і стратэгічна, то для Беларусі гэта выгадна

Ёсьць аб’ектыўныя прычыны. Па-першае, насельніцтва Зямлі павялічваецца кожны год на 70 мільёнаў чалавек. Па-другое, кожны год скарачаюцца ворныя землі, на якіх можна вырошчваць сельскагаспадарчыя культуры. Гэтае скарачэньне за апошнія тры гады склала тэрыторыю Беларусі.

Па-трэцяе, эканамічна ўздымаюцца такія краіны, як Кітай ды Індыя. Напрыклад, у Кітаі павялічыліся даходы на душу насельніцтва і яны пачынаюць спажываць тыя прадукты, якія раней не спажывалі. Падлічана, штокалі кітайцы пачнуць спажываць столькі рыбы на душу насельніцтва, колькі ядуць зараз японцы, то ўвесь сусьветны ўлоў рыбы дастанецца толькі кітайцам.

Далей – рост цэнаў на нафту таксама выклікаў павышэньне цэнаў на харчаваньне. Напрыклад, у 2007 годзе ЗША не экспартавалі кукурузу ў Эўропу, бо ўсю кукурузу яны пусьцілі на вытворчасьць этанолу. Такім чынам рост цэнаў на харчаваньне стаў наступствам гэтых глябальных працэсаў у сьвеце”.

Цыганкоў: “Ці можна лічыць, што Беларусь можа выйграць ад гэтага працэсу. Маўляў, цяпер нашу сельскагаспадарчую прадукцыю зараз усе купяць па любых цэнах..”

Злотнікаў: Калі глядзець глябальна і стратэгічна, то для Беларусі гэта выгадна. Бо сельскагаспадарчай зямлі на душу насельніцтва ў нас больш чым у Эўропе у 2,5-3 разы. Гэта азначае, што мы маем такі рэсурс, які стратэгічна дапаможа дзяржаве разьвівацца.

Але на сёньняшні момант гэта вельмі стратная вытворчасьць, і яна пакуль не пакрываецца нават апошнім ростам цэнаў на сусьветным рынку. Экспарт беларускіх харчовых тавараў у Расею, такіх як масла, ялавічына, яйкі стратны. Так што пакуль нават павышэньне цэнаў не перакрывае высокую затратнасьць беларускай сельскай гаспадаркі. Але калі б была праведзена яе рэформа, сусьветныя працэсы росту цэнаў былі б на карысьць Беларусі”

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG