Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакраты прайграюць, бо сталі закладнікамі барыкаднай культуры


Грамадзкі рэдактар тыдня - пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч сьвяткуе свой юбілей. У Нямеччыне, Францыі, Японіі яна лічыцца адным з найбольш выдаваемых замежных аўтараў. Тры гады таму Сьвятлана Алексіевіч атрымала галоўную літпрэмію ЗША. Усяго яе кнігі выдадзеныя больш як у 20 краінах сьвету, а ў Беларусі не друкуюць ужо 13 гадоў.


Сёньня Сьвятлана Алексіевіч разважае пра стэрэатыпы дэмакратычнага мысьленьня, пра тое, чаму дэмакраты прайграюць:

"Вы ж ня можаце абвінаваціць мяне ў недэмакратызме... Аднак нельга быць закладнікам нейкага найноўшага бальшавіцкага мысьленьня. Шмат хто (і тут, і на захадзе) хочуць увагнаць цяперашнюю рэальнасьць у нейкія прывычныя рамкі: халодная вайна, Лукашэнка дыктатар, Пуцін кадэбіст…І калі пачынаеш гаварыць, разважаць па-іншаму, то як у эўрапейскага чыноўніка, так і ў рускага ці беларускага дэмакрата твары адразу становяцца сумнымі.
Хочуць увагнаць цяперашнюю рэальнасьць у нейкія прывычныя рамкі: халодная вайна, Лукашэнка дыктатар, Пуцін кадэбіст

Бо ўся тая альтэрнатыўная спрошчанаму варыянту квітнеючая складанасьць жыцьця іх папросту раздражняе. Таму што прапаноўваецца зусім іншы погляд на сытуацыю. На новы сьвет. Ён больш складаны, больш драпежны і больш няпросты, чым традыцыйна падаваўся.

І ў Расеі больш складаная сытуацыя. “Палкоўнік КДБ” – гэта зразумела. Але нехта з амэрыканскіх прэзыдэнтаў, ня памятаю канкрэтна, таксама меў дачыненьне да спэцслужбаў – ня ў тым справа!

Да ўлады прыйшлі маладыя, больш плястычныя, больш моцныя людзі. Як я разумею, у іх было два выбары: ці пахаваць лібэралізм і выратаваць цэласнасьць вялізнай Расеі ў гэты прамежкавы час, ці працягваць шлях Ельцына і мець у выніку, відавочна, развал краіны, войны, масу іншых праблемаў. Яна пайшлі сваім шляхам, дакладна дасягнулі з нафтагазвай дапамогай сваіх мэтаў.

Гэтаксама ня ўсё проста і з Лукашэнкам. У любові да яго мяне аніяк нельга абвінаваціць. Але ён здолеў прадоўжыць сацыялізм – заключыў з насельніцтвам сацыяльны кантракт. І цяпер у параўнаньні з Расеяй у нас сапраўды абаронены студэнт, абаронены бедны чалавек, стары чалавек. Падабаецца ці не, але гэта – факт.

Іншая рэч, за чый кошт. Іншая рэч, што ў выніку мы спазьніліся, што ўвесь гэты час наша эканоміка рушыцца… Аднак жа шараговец у такім ключы не разважае! Ён жыве сёньня і цяпер!
Лукашэнка гібка прыстасоўваецца да свайго народу.

Нават маладыя мне кажуць з гордасьцю: “Расея ўстала з кален, з намі лічацца!” І гэта праўда – яны сталі лепш жыць.

Вось дзе губляюць дэмакраты, бо яны такія закладнікі барыкаднай культуры, што сталі, як шаманы: далдоняць адное і тое ж…

А жыцьцё ж насамрэч мяняецца! І нават вось тая старая сыстэма мысьленьня, якую ўвасабляе нават Пуцін, яна больш гібка прыстасоўваецца да часу. Гэтаксама Лукашэнка больш гібка прыстасоўваецца да свайго народу.

Гэта ўсё да таго, што мы, дэмакратычная эліта, прайграем. Мы ня выкарысталі свой шанец менавіта з той прычыны, што сталі закладнікамі старых ідэй.

Тыя, хто перамаглі і апынуліся наверсе, вырашаюць рэальныя праблемы: Лукашэнка ня хоча згубіць уладу, Расея імкнецца выйграць краіну. А як мы па-ранейшаму ні за што не адказваем, то застаёмся гаварунамі. Гаварэньне ж – цяпер ужо ня справа… Даруйце".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG