Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці моцная яшчэ "дзедаўшчына" ў беларускім войску?


Менская міжгарнізонная вайсковая пракуратура пачала крымінальную справу па факце гібелі салдата ў войску. Адна з вэрсіяў самагубства – нестатутныя адносіны.


Салдат выкінуўся з вакна 4-га паверху. У пракуратуры пацьвердзілі, што пачата крымінальная справа па артыкуле – «давядзеньне асобы да самагубства ці замаху на яго шляхам жорсткага абыходжаньня з пацярпелым ці сыстэматычнай зьнявагі ягонай асабістай годнасьці».

Сьледчы Дзяніс Лопух сказаў, што вядзецца расьледаваньне. На пытаньне, ці маглі быць прычынай трагедыі нестатутныя адносіны, сьледчы сказаў:

«Ёсьць у мяне вялікая колькасьць вэрсій, якія я цяпер адпрацоўваю».

Спасылаючыся на таямніцу сьледства, у пракуратуры адмовіліся паведаміць прозьвішча салдата і частку, у якой ён служыў.

Паводле дадзеных Міністэрства абароны, у мінулым годзе паказьнік самагубстваў у разьліку на тысячу чалавек у войску склаў 0,07. Адмыслоўцы кажуць, што такія ж засакрэчаныя паказчыкі падаюцца і па нестатутных адносінах.

У адным з інтэрвію намесьнік Беларускага вайсковага пракурора спадар Лапека сказаў, што ў сярэднім у год рэгіструецца 40-50 фактаў нестатутных адносінаў і паскардзіўся: падключылі ўсе рэсурсы, а пазбавіцца гэтай зьявы не ўдалося. Толькі адзін працэнт апытаных вайскоўцаў тэрміновай службы прызнае, што такія адносіны ёсьць. А сярод тых, хто звольніўся і вучыцца ў вышэйшых навучальных установах, каля 70% прызнаюць наяўнасьць нестатутных адносінаў.

Начальнік прэс-службы міністэрства абароны Вячаслаў Раменьчык сказаў:

“Дзедаўшчыны” ва ўзброеных сілах Рэспублікі Беларусь няма. Нестатутныя адносіны ёсьць, як і ў любым мужчынскім калектыве закрытага тыпу. Параўнальна з 1994 годам, калі каэфіцыэнт злачыннасьці быў у нас 10,9 на тысячу чалавек, то сёньня ён у пяць разоў меншы”.

Старшыня БХК Алег Гулак кажа, што войска застаецца ў Беларусі закрытай структурай.

“У нас няма арганізацыі, якія б сур’ёзна займаліся гэтай праблемай. З гэтага многія праблемы войска недастаткова вядомыя грамадзтву. У тым ліку і нестатутныя адносіны. Але такія выпадкі ёсьць, і зьвяртаюцца людзі: і пацярпелыя ад нестатуных адносінаў, і таксама зьвярталіся родныя тых, хто быў пакараны за такія дзеяньні і скардзіліся на тое, што суд ня быў справядлівым”.

Былы вайсковец Валера кажа, што нестатутныя адносіны могуць давесьці салдата да самагубства. З такім прыкладам ён таксама сутыкнуўся пад час службы. Можна згадаць і тыповыя праявы – “прабіць лася” ці “прабіць фанэру”.

“Прабіць лася” – гэта калі адзін вайсковец малодшага прызыву складвае скрыжаваныя рукі далонямі вонкі на ілбе, а так званы дзядуля робіць яму ўдар кулаком па далонях, атрымоўваецца па ілбе. А “удар па фанэры” – гэта ўдар кулаком у грудзі. Гэта ня столькі фізычны, а маральны гвалт”.

Паводле Валеры, факты нестатутных адносінаў утойваюць, і шмат што проста не даходзіць да камандаваньня.

Нядаўна ў прэсу трапіла інфармацыя пра гібель жаўнера элітнай брыгады ПДВ Вадзіма Юшко зь Лепеля. Дагэтуль яго бацькі цьвердзяць, што ён загінуў пасьля зьбіцьця таварышамі па службе. А паводле пракурорскай праверкі – прычынай сьмерці было захворваньне, “атрыманае ў пэрыяд вайсковай службы”.

Адвакатка Вера Страмкоўская лічыць, што злачынствы, якія адбываюцца ў войску, не заўсёды даходзяць да суду:

“Гэта можа залежыць і ад ступені цяжкасьці цялесным пашкоджаньняў ці наступстваў гэтых злачынстваў. Шмат чаго не памянялася, шмат засталося ад тых часоў, калі гэтыя злачынствы маюць нейкую базу ў войску. Гэта ўсё недзе за дзьвярыма, у якія мы так проста ўвайсьці ня можам. І тая інфармацыя, якую нам падаюць, магчыма, прайшла ўжо нейкую цэнзуру”.

Спадар Валеры кажа, што выратаваць войска ад нестатутных адносінаў можа толькі прафэсійная служба па кантракту. А пра цяперашняе войска ён кажа: “Сваіх дзяцей у войска я б не аддаў і не аддам. Я лічу, што гэта дарэмна страчаны час. Войска наша сёньня непрафэсійнае. Гэта хутчэй нейкі шарж. Рэальна ў войску фарбуюць траву – гэта факт”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG