Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З “адлічэнцаў” вырастаюць знакамітыя асобы


Адлічэньні студэнтаў і школьнікаў з навучальных установаў у Беларусі ня рэдкасьць. За палітычную актыўнасьць страцілі месца за партай дзясяткі маладых людзей па ўсёй краіне.

Між тым усясьветны досьвед яскрава дэманструе: некаторыя адлічаныя за “неадпаведную” грамадзянскую пазыцыю ці за непасьпяховасьць потым робяцца знакамітымі на ўвесь сьвет.

Летась напярэдадні сэсіі Юрася Алейніка адлічылі з чацьвёртага курсу Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце. Фармальнай падставай сталі нібыта прагулы, якія назьбіраліся ў Алейніка за паўгодзьдзе. У многіх ВНУ “зачыстка” праблемных навучэнцаў зь вялікай колькасьцю пропускаў ці вымоваў — справа звыклая. Аднак Юрась хадзіў у выдатніках, папярэднюю сэсію здаў зь сярэднім балам 9.0. Як лічыць сам, сапраўднай прычынай выключэньня стала ініцыяваная ім кампанія збору подпісаў сярод студэнтаў Акадэміі кіраваньня супраць скасаваньня льготаў.

Адукацыя за мяжой — ня горшая за беларускую

Вось ужо год Юрась займаецца ў прэстыжным Дзяржаўным унівэрсытэце “Вышэйшая школа эканомікі” ў Маскве. Апякуецца студэнтам кіраўнік Савету замежнай і абароннай палітыкі Расеі Сяргей Караганаў, дэкан факультэту ўсясьветнай эканомікі і міжнароднай палітыкі, дзе навучаецца Алейнік. Выключэньне Івана Шылы Юрась Алейнік пракамэнтаваў так:

“Што тычыцца Шылы, сытуацыя, канечне, вельмі сумная. Але больш аптымізму яму хацелася б пажадаць, бо без аптымізму ў нашай краіне, у нашых рэаліях жыць немагчыма. Што б ні адбывалася, жыцьцё паказвае — усё робіцца да лепшага, ці пры ўласных намаганьнях можна зрабіць так, каб стала лепш. Мой прыклад сьведчыць на тое ж. Мне здавалася, год таму жыцьцё зьмянілася кардынальна. Прычым у горшы бок. Амаль на апошнім годзе навучаньня адлічылі: што можа быць далей? Але пайшлі дзясяткі прапановаў, была сур’ёзная падтрымка, салідарнасьць студэнтаў, выкладчыкаў. Тое ж і ў выпадку з Іванам. Проста дзікунства ўладаў, калі хлопца выганяюць са школы на апошнім іспыце ў 11 клясе. Сэнсу ў гэтым ніякага! Можа, яго хочуць нечага пазбавіць?! Але ён атрымае адукацыю, я ўпэўнены. Атрымае далей і вышэйшую адукацыю. Дай Божа, каб гэта было на Радзіме. Калі не — атрымае і за межамі, і ня горшую. Але, канечне, сама сытуацыя — гэта проста дзікунства”.

У мінулым годзе шмат беларускіх студэнтаў зьехалі па навуку ў розныя краіны Эўропы. Многія былі адлічаныя з навучальных установаў за грамадзкую пазыцыю і палітычныя погляды. Адным з найбольш гучных прыкладаў стала справа Тацяны Хомы. У 2005 годзе ў Францыі дзяўчына была абраная ў праўленьне эўрапейскай студэнцкай арганізацыі ESU. Пасьля гэтага яе адлічылі зь Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту — рэктар Шымаў патлумачыў, што Хома была паехала за мяжу безь ягонага дазволу. Суд стаў на бок навучальнай установы. Цяпер Тацяна Хома вучыцца ў Венскім унівэрсытэце на факультэце бізнэс-адміністраваньня.

З унівэрсытэцкай аўдыторыі адразу ў казарму трапіў студэнт 3 курсу матэматычнага факультэту Гомельскага дзяржунівэрсытэту імя Скарыны Зьміцер Жалезьнічэнка. Армейскія пэрспэктывы маячаць яшчэ перад адным трэцякурсьнікам, адлічаным з факультэту журналістыкі БДУ, Франкам Вячоркам.

Улады дэманструюць праявы дзікунства

Сын настаўніцы-пэнсіянэркі Яўгеніі Канстанцінаўны Дудко ў пэўным сэнсе таксама адхілены ад сфэры вышэйшай адукацыі. Гэта Аляксандар Казулін, звольнены з пасады рэктара БДУ прэзыдэнцкім загадам:

“Такога дзікунства, такога зьдзеку з нашай моладзі, напэўна, нідзе ў сьвеце няма. Я як гэта пачула па Свабодзе, дык у мяне ўсё перавярнулася. Як можна? Хлапец канчае школу, здаў два іспыты — і яго выключаюць! За што? Калі б ён нешта ўчыніў, забіў некага, каб перавярнуў увесь сьвет — дык я разумею. А што хлапец робіць? Здае экзамэны! Ён хоча быць чалавекам! А яго топчуць у балота. Што ж гэта адбываецца, як такое перажыць бацькам? І гэта ўсё сыстэма, усё нешта новае. Мой сын невядома за што сядзіць ужо больш за два гады. За што пакутуе ў гэтых засьценках? І колькі яшчэ ў нас такіх людзей, якія пакутуюць? За тое, што яны хочуць добрага жыцьця, што яны хочуць быць людзьмі. Як некалі казалі нашы клясыкі — людзьмі звацца... Я вельмі абураная. І мне вельмі шкада гэтага хлопчыка”.

У сьвеце нямала прыкладаў, калі незавершаная адукацыя ніяк не паўплывала на кар’ерны рост мэтанакіраваных людзей. У 1887 будучага “правадыра ўсясьветнага пралетарыяту” Ўладзімера Леніна адлічылі зь І курсу Казанскага ўнівэрсытэту за ўдзел у студэнцкім руху. Ягонага пасьлядоўніка Іосіфа Сталіна, які пазьней адзначыўся беспрэцэдэнтнымі ў гісторыі чалавецтва рэпрэсіямі, выключылі з Тыфліскай духоўнай сэмінарыі за рэвалюцыйную дзейнасьць. Паводле расейскіх гісторыкаў, кіраўнікі бальшавіцкай Расеі былі людзьмі ў літаральным сэнсе малаадукаванымі: на час масавых рэпрэсій толькі 14% мелі вышэйшую ці няскончаную вышэйшую адукацыю.

Колісь расейскія мэдыі кпілі з тагачаснага прэм’ер-міністра Расеі Віктара Чарнамырдзіна. Камусьці ў рукі трапіў табэль пасьпяховасьці школьніка Чарнамырдзіна — аказваецца, той ледзьве перавальваўся з двоек на тройкі. Аднак аказаўся сярод доўгажыхароў на прэм’ерскай пасадзе.

Адзін з найбагацейшых людзей сьвету Біл Гейтс, заснавальнік карпарацыі-гіганта “Майкрасофт”, так і ня скончыў сваіх “гарвардзкіх унівэрсытэтаў”, што не перашкодзіла яму ўчыніць сапраўдную рэвалюцыю ў галіне праграмнага забесьпячэньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG