Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клецк: зьбіты навучэнец ліцэю Ільля Мікуліч


Сёньня навучэнец Клецкага сельскагаспадарчага прафэсійнага ліцэю Ільля Мікуліч зьвярнуўся ў мясцовую пракуратуру са скаргай, што яго зьбілі на загад майстра вытворчага навучаньня. Юнак цьвердзіць, што гэты выкладчык крыўдзіць яго найперш за палітычныя перакананьні.


Пасьля пабояў Ільлю цяжка размаўляць. Але з тэлефоннай гутаркі можна зразумець, што перасьлед чыніць майстар вытворчага навучаньня групы нумар 267 Людміла Пішч. Вось што кажа юнак пра здарэньне, якое адбылося некалькі дзён таму:

“Яны ехалі ў аўтобусе. Перагналі мяне. Вылезьлі і пачалі біць і качаць па зямлі. Рабілі гэта майстар і аднагрупнікі. Я ня даўся, каб мяне зацягнулі ў аўтобус. А пра зьбіцьцё падаў заяву ў пракуратуру”.

Высьвятляю прычыны надзвычайнага здарэньня. Гутару з намесьніцай дырэктара Клецкага сельскагаспадарчага ліцэю па ідэалягічнай працы Зояй Пальчык. Яна тлумачыць:

“Я ўжо ў курсе. Мы толькі даведаліся, што ёсьць такая заява. Па-другое, сёньня Ільля прыйшоў на заняткі. Тая ж самая Пішч зрабіла яму заўвагу. У выніку ён пайшоў дадому”.

Меркаваньне ідэоляга вучылішча пра майстра Людмілу Пішч:

“Вельмі, вельмі даўно працуе. Ужо сёлета яна сыходзіць на пэнсію. Я яе не апраўдваю, калі такая сытуацыя сапраўды была”.

Рэдактар недзяржаўнай газэты “Бойкі Клецк”, праваабаронца Сяргей Панамароў паведамляе, што Ільля Мікуліч — мясцовы актывіст руху “За свабоду”. “За гэта і цярпіць”, — кажа суразмоўца:

“На юнака ідзе ціск ад пэдагогаў гэтага ліцэю. І сілу спрабуюць выкарыстоўваць. Сёньня вось зноў гэта працягваецца...”

Са словаў Сяргея Панамарова, на Клеччыне ўжо шмат маладых людзей удзельнічаюць у апазыцыйным руху. Сярод іх — школьнікі і ліцэісты.

“Ідуць і йдуць гуртам. Навіны прыносяць. Літаратуру бяруць і распаўсюджваюць. Праўда, я крышку крыўдую на кіраўнікоў “Маладога фронту” і на “Моладзь БНФ”. Я неаднаразова зьвяртаўся, каб прыяжджалі. Яны толькі абяцаюць”.


XS
SM
MD
LG