Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Каханьне, Бог і грошы...”


Што падтрымлівае чалавека ў сёньняшнім сьвеце? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся сёньня да гарадзенцаў.


Спадар: “Жыцьцё й падтрымлівае, трэба дзяцей карміць, і ўсё. Я жонку падтрымліваю, яна мяне, і круціся-вярціся, як можаш”.

Спадарыня: “Вядома дзеці, бо што болей можа нас падтрымліваць? Я яшчэ не разлучаюся з Богам, царква як другі дом”.

Спадар: “Я думаю, што мяне падтрымлівае толькі праца”.

Ягоны сябра: “Мяне таксама”.

Спадар: “Дзеці не падтрымліваюць, бо ўжо ўсе дарослыя, ну, хіба ўнукі падтрымліваюць маральна. Яшчэ Бог”.

Дзяўчына: “Людзі вакол сваімі адносінамі, каханыя, сябры...”

Ейная сяброўка: “Вера ў Бога таксама падтрымлівае, любоў да людзей і вера ў сябе”.

Спадарыня: “Напэўна, каханьне, бо яго надта цяпер мала.А што яшчэ? Грошы, грошы, бо іх заўсёды не хапае. Ну й Бог, бо галоўнае, каб у яго верыць. Вось і ўсё...”

Спадар: “Мэты, ідэі...”

Карэспандэнт: “А людзі навокал, блізкія?”

Спадар: “На жаль, я самотны чалавек, пра гэта не магу сказаць”.

Спадар: “Каб жыць у шчасьці, трэба... працаваць, працаваць і яшчэ раз працаваць, г.зн. не рабіць выгляд, што працуеш, а па-сапраўднаму. А яны каб не рабілі выгляд, што плацяць нам грошы”.

Карэспандэнт: “А ў маральным сэнсе ёсьць нейкая падтрымка?”

Спадар: “Сёньня наагул нонсэнс: задаеш вучню 4 клясы пытаньне: хто такі Гітлер? А ён адказвае, што гэта гулец зборнай Бразыліі...”

Спадар: “Наагул існуе шмат розных аспэктаў, але думаю, галоўнае — вера ў сябе і ў будучыню. Астатняе ўсё можна знайсьці, акрамя здароўя”.

Спадарыня: “Напэўна, некага — вера ў Бога, кагосьці — родныя”.

Карэспандэнт: “А вас асабіста?”

Спадарыня: “Вера ў будучыню й сям’я”.

Спадар: “Ніхто, акрамя жонкі, не падтрымлівае. Дзеці ўжо вялікія, вучацца, а бацькі старыя...”

Спадар: “Падтрымлівае толькі вера ў будучыню, што нешта зьменіцца, настане час, калі зажывем лепей, чым цяпер”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG