Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Я — рабочы чалавек, і мяне баіцца рэпрэсіўная машына....”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 4 чэрвеня 2008 году


Многія школьнікі і іхныя бацькі з трывогай чакаюць абяцанага дэкрэта прэзыдэнта Лукашэнкі, якім будзе згорнута рэформа сыстэмы сярэдняй адукацыі. Беларускія дзеці замест цяперашніх 12 гадоў будуць вучыцца, як і раней, 11. Як да такога павароту ставяцца бацькі школьнікаў — асабліва старшаклясьнікаў, на якіх вяртаньне да старой сыстэмы адаб’ецца самым непасрэдным чынам?

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго з такіх лістоў. Яго аўтар — Васіль Пятровіч з Бабруйску, бацька сына-дзесяціклясьніка — піша:

“Людзі не разумеюць, дзеля чаго былі патрэбны ўсе гэтыя экспэрымэнты? Як кажа кіраўнік дзяржавы, у “вэртыкалі” назьбіралася шмат гультаёў, непрафэсіяналаў, безыніцыятыўных асобаў, для якіх дзень мінуў — і добра. І раптам — такі імпэт, калі дайшло да школьнай рэформы. Ці ня шкодніцтва гэта?

Узьнікае шмат пытаньняў. Як сёньняшнія дзесяціклясьнікі за адзін год засвояць праграму двух навучальных гадоў? Гэта ж — падман дзяцей. Так, для школьнай адукацыі дастаткова 11 гадоў. Але калі вы памыліліся, дык навошта дзяцей у зман уводзіць?

Ці яшчэ адна навацыя — так званая “пяцідзёнка” для ўсіх. Ды балбатня ўсё гэта. І раней так казалі, а вучыліся ўсё роўна шэсьць дзён.

І пра тое, што будзе ня больш як шэсьць урокаў на дзень — балбатня. Прымусяць наведваць па 2—3 факультатывы.

У гімназіях дзеці ў апошнія гады сядзяць па 8—10 гадзін. А потым мы гаворым пра слабое здароўе школьнікаў.

Вось ня пусьцяць бацькі сваіх дзяцей у школу на знак пратэсту — і правільна зробяць”, —

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Васіль Пятровіч з Бабруйску.

Пераход на 12-гадовую сыстэму школьнай адукацыі праводзіла тая ж улада, якая цяпер у сьпешным парадку гэтую сыстэму адмяняе. Адметна, што ні тады, ні цяпер думкі грамадзтва наконт гэтага чыноўнікі не пытаюць. Напэўна, яны адчуваюць, што тых пратэстаў, пра якія пішаце вы, спадар Пятровіч, — ня будзе. Калі б былі ўпэўненыя ў адваротным, то да грамадзкай думкі ставіліся б, верагодна, зусім па-іншаму.

Алесь Цадко з Маладэчна ў сваім новым лісьце на “Свабоду” згадвае Вярхоўны Савет 12 скліканьня, у якім цяперашні прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка быў дэпутатам. Слухач піша:

“Я сачыў за тагачаснымі жывымі трансьляцыямі з Авальнай залы. Памятаю, як выступаў дэпутат Лукашэнка. Нярэдка здаралася, што падчас такіх выступаў тагачасная намэнклятура з дэпутацкімі значкамі ад ягоных слоўных пэрлаў надрывала жываты ад сьмеху.

Праўда, цяпер амаль усе яны (і ня толькі яны, але і пэўная частка цьвярозых разумных людзей з дэмблёку) верна служаць гэтаму чалавеку, зносячы, як іх зьневажаюць з экрана на ўсю краіну. Звычайна абгрунтоўваюць гэта разумным канфармізмам у імя дасягненьня ўласных і дзяржаўных мэтаў.

У сувязі з гэтым адна просьба да рэдакцыі беларускай Свабоды. Хопіць вам усур’ёз камэнтаваць выказваньні Лукашэнкі і спрачацца ў эфіры пра ягоныя моўныя экспромты, поўныя супярэчнасьцяў”, —

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Алесь Цадко з Маладэчна.

У Беларусі створана такая сыстэма ўлады, пры якой фактычна ўсе найбольш значныя для дзяржавы рашэньні прымаюцца адной асобай. Журналісты, якія асьвятляюць беларускія падзеі, ня могуць ігнараваць альбо несур’ёзна ставіцца да выказваньняў і дзеяньняў гэтай асобы. Як бы, спадар Цадко, вы і вашы аднадумцы ні ацэньвалі дзейнасьць прэзыдэнта, але трэба прызнаць, што рэальная палітыка ў Беларусі робіцца пераважна ў будынку прэзыдэнцкай Адміністрацыі. Адпаведна і журналісты ставяцца да выказваньняў, якія гучаць адтуль.

У сакавіку і траўні мы падрабязна асьвятлялі гісторыю перасьледу гомельскіх грамадзкіх актывістаў, якія да 90-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі правялі гістарычную экскурсію па мясьцінах, зьвязаных зь дзяячкай БНР Палутай Бадуновай. Арганізатараў і ўдзельнікаў той акцыі пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі. Адзін з пакараных, Аляксандар Процка, даслаў ліст на “Свабоду”, у якім піша:

“За што нас пакаралі? За тое, што каля 30 чалавек з аб’яднанай апазыцыі сабраліся разам ды ішлі зь бел-чырвона-белымі папяровымі сьцяжкамі і паветранымі балёнікамі. За гэта нам “прыпячаталі” арганізацыю ды ўдзел у несанкцыянаваных шэсьці і пікеце. Пяцёра пакараныя арыштамі, трое — вялікімі штрафамі. Так мы сталі сапраўднымі палітычнымі вязьнямі. Абгрунтаваньне судзьдзі гучала прыблізна так: сваім выглядам прыцягвалі ўвагу грамадзкасьці да ўласных палітычных поглядаў”...

Я вельмі задаволены такім вынікам, бо я — рабочы чалавек, ня маю ніякай пасады, а мяне баіцца такая рэпрэсіўная машына, такі рэжым (відаць, ужо трухлявы). Мяне на вуліцы цяпер вітаюць незнаёмыя мне людзі, спачуваюць і адначасова падтрымліваюць мой учынак. Я думаю, што гэта — вельмі добры прыклад і вынік”, —

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Аляксандар Процка з Гомеля.

Людзі, пра якіх гаворка, прайшлі па горадзе зь белымі й чырвонымі паветранымі балёнікамі. У Навабеліцы, на месцы, дзе калісьці стаяў дом Палуты Бадуновай, усклалі кветкі й запусьцілі балёнікі ў паветра. І за гэта — арышты і буйныя грашовыя штрафы. Пакараньне выглядае неадэкватным нават на тле беларускіх рэаліяў. Але адбываюцца зьмены і ў гэтай справе: у рэгіёнах апошнім часам дайшло да таго, што трапіць на пятнаццаць сутак у турму можна нават за бела-чырвоны парасон альбо шалік.

Вы слухаеце праграму “Паштовая скрынка 111” — агляд лістоў на “Свабоду”. З вамі Валянцін Жданко.

Наша слухачка Галіна Александроўская з Магілёва разважае пра палітычную сытуацыю ў Расеі і пра тое, як адаб’ецца зьмена ўлады ў Крамлі на беларуска-расейскіх дачыненьнях. У сваім лісьце на “Свабоду” яна піша:

“Пуцін, як і Лукашэнка, настолькі звыкся з уладай і заблытаўся ў ёй, што не жадае і ня можа выпусьціць са сваіх рук усе лейцы кіраваньня. Таму Мядзьведзеў, мяркуючы па ўсім, што адбываецца, будзе непаўнавартасным прэзыдэнтам. Вельмі ўжо ў яго кароткія рукі. Чакаць ад яго нічога ня варта. Усе рашэньні будзе прымаць Пуцін. А Мядзьведзеў вымушаны будзе ўсё падпісваць, калі ўжо ён пагадзіўся на такую ролю.

Нялёгкія часы чакаюць і расейцаў, і нас. Будзем мы, як рабы, працаваць на тых галерах, на якія нас пасадзіць гэтая салодкая парачка — Пуцін ды Мядзьведзеў. Вось што пагражае ўсім нам у бліжэйшыя пяцьдзясят гадоў, калі ўсё будзе працягвацца ў гэтым жа рэчышчы”, —

— гэтак лічыць Галіна Александроўская з Магілёва.

Мяркую, заўчасна рабіць такія катэгарычныя высновы на падставе ўсяго аднаго месяца прэзыдэнцтва Дзьмітрыя Мядзьведзева. Наколькі самастойны новы лідэр Расеі і наколькі залежны ён ад папярэдніка, стане зразумела крыху пазьней. Першыя высновы ў такіх выпадках робяць прынамсі праз сто дзён пасьля прыходу палітыка на пасаду.

Што да сьцьвярджэньня пра аднолькавую залежнасьць ад улады былога расейскага прэзыдэнта Пуціна і нязьменнага беларускага прэзыдэнта Лукашэнкі — варта нагадаць, што Ўладзімер Пуцін таксама стаяў перад спакусай перагледзець Канстытуцыю і ўвесьці пажыцьцёвае прэзыдэнцтва. У выніках такога рэфэрэндуму, да якога яго штурхалі многія палітычныя сілы ў Расеі, сумнявацца не выпадала. Тым ня менш Пуцін абраў іншы шлях.

На заканчэньне — ліст зь вёскі Клетнае Барысаўскага раёну. Наш даўні сябар Алесь Васілеўскі паведамляе пра сваё стаўленьне да прадпрымальнікаў ды іхнага грамадзкага руху:

“Стаўленьне гэтае ўсё яшчэ паважлівае, аднак даволі ўскладненае тым, наколькі мудрагелістым і ня надта празрыстым чынам здабываюць гандляры свае даходы, — піша слухач. — Прыёмы гэтыя ведае кожны. Так што, з аднаго боку, мы бачым напружаную і вельмі часта няўдзячную працу (паспрабуй памерзьні цэлы дзень пад адкрытым небам на рынку, ды яшчэ й ці прадасі што); а з другога — усе хоць раз сутыкаліся з махлярамі, якія недзе купляюць за бесцань абы-які тавар, а потым тут збываюць, зацікавіўшы пакупнікоў даступнай (але зусім ня нізкай для нас) цаной. Людзі крыўдуюць, бо на тое ёсьць важкія прычыны. На рынак часам ісьці проста боязна — бо перад тым як выбраць і купіць, трэба здаць цяжкі іспыт, каб не застацца падманутым”, —

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Алесь Васілеўскі зь вёскі Клетнае Барысаўскага раёну.

Гандляры падладжваюцца пад попыт. На ня надта платаздольным беларускім рынку (асабліва ў рэгіёнах) найхутчэй прадаецца тое, што таннае. Таму і перапоўнены гэты рынак капеечным, падробленым пад фірменны таварам, вырабленым у падпольных цэхах у Расеі кітайскімі ды віетнамскімі гастарбайтэрамі. Наіўна спадзявацца, што красоўкі, набытыя на местачковым кірмашы за дзесяць даляраў, і праўда выпушчаныя ўсясьветна вядомай фірмай, як пазначана на ўпакоўцы. І ці выпадае тады наракаць, што такі абутак не праслужыць і аднаго сэзону?

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG