Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Макарэвіч: "Мяне не дапусьцілі да іспыту па беларускай мове"


“Сёлета я сканчаю школу. Мяне не дапусьцілі да іспыту па беларускай мове. Накіравалі здаваць яго ў жніўні”, - паведаміла актывістка “Маладога фронту” Алена Макарэвіч.


Алена Макарэвіч сказала: “Матывавалі тым, што я спазьнілася на некалькі хвілінаў на іспыт. Мяне дапусьціла школа і прадстаўнікі камісіі маніторынгу. Але начальніца ўправы адукацыі Фрунзенскага раёну Менску Тацяна Захаронак прыйшла ў школу і зьняла зь іспыту. Кажа: “Будзеш здаваць у жніўні”.

“Я думаю, яны зрабілі гэта для таго, каб я сёлета не паступіла”, - перакананая дзяўчына.

“Настаўнікі плакалі. Яны так змагаліся, каб мяне дапусьцілі. Ім загадвалі мяне зусім не дапускаць. А яны дапусьцілі і атрымалі за гэта па шыі. І вось зьнялі з апошняга іспыту…”

Алена прызнаецца, што “была ў шоку, калі даведалася пра сытуацыю з Іванам”.

“Чаму Іван? Ён адзін з самых актыўных, намесьнік старшыні Маладога фронту. Я ў захапленьні ад працы Івана”,- кажа А.Макарэвіч.

“Яны хочуць забраць яго ў войска”, - мяркуе дзяўчына.

Алена Макарэвіч распавядае: “Мне не аднаго разу пагражалі выключыць са школы. Маёй маці пагражалі і колькі разоў выклікалі ў КДБ. Бацьку абяцаюць не падоўжыць кантракт”.

“Намесьніца па ідэалягічнай працы чытае ўсе апазыцыйныя сайты, сочаць, хто дзе якое інтэрвію даў, а пасьля выгаворваюць”, - прыводзіць прыклад яна. “У адным інтэрвію я сказала, што ў нашай школе 99% вучняў - сябры БРСМ. Яна мяне за такое нават пахваліла – бо іх гэта ў “плюс” ідзе”
XS
SM
MD
LG