Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гэтымі днямі чарговы грамадзкі рэдактар тыдня пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч сьвяткуе свой юбілей. У Нямеччыне, Францыі, Японіі яна лічыцца адным з найбольш выдаваемых замежных аўтараў. Тры гады таму Сьвятлана Алексіевіч атрымала галоўную літпрэмію ЗША. Усяго яе кнігі выдадзеныя больш як у 20 краінах сьвету, а ў Беларусі не друкуюць ужо 13 гадоў.


Сёньня Сьвятлана Алексіевіч разважае пра ролю эліты.

– Памятаю, лячу ў самалёце, і са мной побач – вучоны. Вялікі, у сэнсе пасадавага рангу – начальнік з Акадэміі навук. Спачатку, пакуль ён мяне не пазнаў, была вельмі добрая гутарка. І раптам нешта мільгае ў вачох: “Вы хто – Алексіевіч?!” Ну, ня ведаю: каб можна было выскачыць тады ў ілюмінатар, то ён бы напэўна так і зрабіў… Зьбялеў, пачаў азірацца: хто яго бачыць…

Вось яна, наша эліта: тут і баязьлівасьць у чалавечых паводзінах, у думцы… Тут усё неяк разам.

А зь іншага боку бачу малады рамантызм: мы – асобыя, мы – ня рускія, мы цягнемся некуды вышэй, у Эўропу…

Тыя жывуць страхам, гэтыя – сьветам рамантызму.

А моцнага мазгавога цэнтру, эліты сапраўднай сёньня ня маем. Лепшыя магікане памерлі ўжо: няма ні Караткевіча, ні Быкава, ні Адамовіча, Брыля няма… Але ж былі ў нас такія людзі!

А цяпер, у такі страшны час, мы абсалютна без пастыраў. А яны нам дужа патрэбныя. Бо мы вырашаем праблемы XX, a не XXI стагодзьдзя.

Няхай нават з розных прычынаў шмат каго нас не чытаюць і ня слухаюць (мяне, напрыклад, як і многіх іншых, выкідваюць з праграм, не друкуюць), аднак сёньня такі сьвет, калі можна і сказаць, і надрукаваць. У такім разе трэба не ў адчай упадаць, а спакойна рабіць сваю працу.

Чаму? Дакладна ведаю, што тыя сотні маладых людзей, якія выходзяць на вуліцу, яны ня зробяць рэвалюцыю. Але нас, нашую годнасьць – ратуюць.

Адзінае, у чым я абсалютна ўпэўненая, гэта наступнае: рамантызм сёньня злачынны. Эліта мусіць ісьці да людзей, гаварыць зь імі, выяжджаць на месцы. Я, дарэчы, калі вяртаюся ў Менск, вельмі шмат падарожнічаю тут.

Бо гэта наш сьвет, ён не падобны на іншы. Нельга ў менскім мэтро езьдзіць па нью-ёрскім раскладзе. У нас сваё жыцьцё. Што зусім не азначае, нібыта тут стане нейкая асаблівая, беларуская дэмакратыя. Яна ці ёсьць, ці яе няма. Але…

Але трэба ўглядацца ў сваё жыцьцё”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG