Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд недзяржаўнага рэгіянальнага друку 4 чэрвеня: “Бобруйский курьер”, “Газэта Слонімская”, “Вольнае Глыбокае”.

Журналісты газэты «Бобруйский курьер» уздымаюць праблему могілак хатніх жывёл. Аказваецца, у Беларусі няма ніводных афіцыйных могілак для сабак і катоў. Людзі вымушаныя хаваць сваіх чацьвяраногіх сяброў дзе-небудзь у лесе. Журналісты знайшлі непадалёк ад Бабруйску такое пахаваньне. Распавядае Алеся Скапінцава:
“Там каля 20 пахаваньняў. Нават ёсьць магіла з сапраўдным помнікам сабаку з надпісам: “Цэзару, самаму вернаму, роднаму, адданаму”, усё, як у людзей. Дарэчы, усе магілы ў кветках, вельмі прыбраныя, дагледжаныя, прыгожыя. Мы тэлефанавалі ў фірмы, якія робяць помнікі: яны кажуць, што выконваюць і такія замовы. Помнік невялічкага памеру, каля мэтру, каштуе ад 450 (з гранітнай крошкі) да 900 тысяч беларускіх рублёў (з чорнага граніту)”.
У рэдакцыю “Газэты Слонімскай” зьвярнуўся інвалід Міхаіл Гаротка. 19 гадоў таму яму паставілі кардыястымулятар, тэрмін дзеяньня якога – 10 гадоў. Кардыястымулятар выраблены быў яшчэ у савецкі час на ваенным заводзе пад Масквой, ён адпрацаваў два тэрміны. Слонімскія мэдыкі параілі спадару Гаротку зьвярнуцца ў Горадню. Працягвае журналіст Мікола Канановіч:
“Прыехаў дзядзька, дарэчы, інвалід трэцяй групы, сардэчнік, на аўтобусе, адседзеў у чарзе паўтары гадзіны, а яму сказалі два словы: “Няма месцаў!” Толькі 1 жніўня можам прыняць”. Чалавек прыходзіць у рэдакцыю і пытаецца: “Ці дажыву я да 1 жніўня?” Канечне, чалавек пакрыўджаны. Пакуль дзед чакае...”
“Вольнае Глыбокае” працягвае змагацца за аднаўленьне прыпынку пасажырскіх цягнікоў на чыгуначнай станцыі Палівачы (у мястэчку Празарокі). Распавядае рэдактар газэты Ўладзімер Скрабатун, які праводзіў журналісцкае расьсьледаваньне:
“Прадстаўнік, які не захацеў назваць прозьвішча, сказаў, што каб спыніць цягнік у Празароках а потым яго ўрухоміць, трэба спаліць саляркі на 30 тысяч рублёў. А квіткі будуць каштаваць ад сілы 10 тысяч, і таму эканамічна нявыгадна спыняць цягнік у Празароках”.
Дарэчы, у 1922 годзе была падобная сытуацыя, і мясцовыя жыхары накіравалі ў Вільню, у дырэкцыю Польскай чыгункі скаргу. Ім спачатку адказалі, што эканамічна нявыгадна трымаць касірку на станцыі. Але потым прыпынак аднавілі.
XS
SM
MD
LG