Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рацыёне сям'і зноў надзённым робіцца сала


У Беларусі зноў падвышаныя камунальныя плацяжы. А паводле міністэрства статыстыкі, у першым квартале спажывецкія выдаткі беларускіх сем’яў павялічыліся на 30 адсоткаў. Як радзяць сабе ў гэтай сытуацыі беларусы?

Многія гарадзенцы наракаюць, што падвышэньне коштаў стала паўзучым, і пра яго нідзе ня пішуць. Прыходзіш кожны раз у краму і бачыш, што цэны на малако, на сыр ды ўсё іншае пастаянна растуць — то дваццаць рублёў, то адразу на дзьвесьце. Гарадзенская сям’я Рамановічаў імкнецца сабе радзіць у такой сытуацыі, як і ўсе астатнія. Ала Рамановіч працуе пэдагогам, а ў іх, як вядома, ня вельмі вялікія заробкі, яна гаворыць:

“Так, стала складана. Гэта датычыць і аплаты камунальных паслугаў: нават на ваду, у нас прапісаныя пяць чалавек, кошт павялічыўся на дзесяць тысяч рублёў, за газ — таксама на дзесяць. А калі яшчэ падаражэньне ежы сюды далучыць, то на сямейным бюджэце гэта вельмі адчуваецца”.
Мы стараемся, каб ежа адпавядала пэўнаму ўзроўню, таму абмяжоўваем сябе ў іншых рэчах

Ці даводзіцца сябе ў чымсьці абмяжоўваць сёньня, калі параўноўваць з пачаткам году?

Спадарыня: “У нас ёсьць дзіцё, і мы стараемся, каб ежа адпавядала пэўнаму ўзроўню, таму абмяжоўваем сябе ў нейкіх іншых рэчах — у побыце, у вопратцы, так трошку ўсё гэта з аглядкай робіцца”.

У такой сытуацыі зноўку надзённым робіцца сала і пальцам пханая каўбаса зь вёскі. Дарэчы, у галавы сям’і — Івана на вёсцы маці. Але ён настроены наконт харчовай дапамогі зь вёскі даволі скептычна:

“На вёску ўжо няма сэнсу ехаць, бо яны там акрамя курэй нікога не трымаюць. Бо сьвіней трымаць дорага, карову даўно стала немагчыма, у калгас забралі ўсе палеткі, дзе трава на сена расьце. У вёсцы ўжо самі малако купляюць, хаця кожная бабця можа мець карову. Адзінае, што там пакуль можна знайсьці яшчэ яйкі, дзякуй Богу”.

Штогод маці Івана таксама абавязкова саджае бульбу, зьбірае звычайна восем мяхоў, хоць столькі ёй ня трэба, а працы шмат. Навошта ты гэта робіш? —пытаецца сын, а ўсе так у вёсцы робяць — адказвае яна.
XS
SM
MD
LG