Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ахвяраў камунізму будзе свой дзень


У Празе прагучала прапанова, каб гэтым днём абралі 23 жніўня.


На працягу двух дзён удзельнікі міжнароднай канфэрэнцыі ў Празе абмяркоўваюць, як Усходняя Эўропа павінна паставіцца да свайго камуністычнага мінулага. Як мы ўжо паведамлялі, у канфэрэнцыі бяруць удзел і беларускія палітыкі – Івонка Сурвіла і Зянон Пазьняк.

У сваім сёньняшнім выступе дэпутатка Эўрапарлямэнту ад Чэхіі Яна Гібашкава прапанавала, каб злачынствы камунізму былі прызнаныя злачынствамі супраць чалавечнасьці. Гэтае азначае, што яны будуць падлягаць суду бяз тэрміну даўнасьці. Паводе эўрадэпутаткі, камунізм падпадае пад вызначэньне злачынстваў супраць чалавечнасьці, бо пры гэтым рэжыме ствараліся лягеры прымусовай працы, ажыцьцяўляліся дэпартацыі і забойствы па палітычных і рэлігійных прыкметах.

Такую прапанову падтрымлівае і чэскі сэнатар Марцін Мэйстржык:

“Пакуль Заходняя Эўропа не зразумее, чаму гэтая тэма так важная, чаму так важна зразумець, што камунізм зьяўляецца такой жа злачыннай ідэалёгіяй, як і нацызм, датуль Эўропа ня будзе аб’яднанай”.

Сярод прапановаў праскай канфэрэнцыі таксама стварэньне Інстытуту памяці Эўропы, а таксама абвяшчэньне Міжнароднага дня памяці ахвяраў таталітарных рэжымаў. Такой датай прапануецца абраць дзень 23 жніўня. У гэты дзень у 1939-м годзе быў падпісаны вядомы пакт Молатава-Рыбэнтропа паміж камуністычным Савецкім Саюзам і нацысцкай Нямеччынай. Фактычна, гэта і стала пачаткам падзелу Эўропы паміж двума таталітарнымі рэжымамі.

Свае прапановы ў тэкст заключнай дэклярацыі ўнесла і старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла. Дакумэнт будзе накіраваны як органам Эўразьвязу, так і ўрадам краінаў-сябраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG