Лінкі ўнівэрсальнага доступу

3 чэрвеня споўнілася 20 год, як у газэце “Літаратура і Мастацтва” была надрукаваная публікацыя Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты. Дарога сьмерці”.


З нагоды гадавіны адкрыцьця праўды пра масавыя забойствы жыхароў Беларусі ў Курапатах, Радыё Свабода правяла фотаконкурс “Мае фота – мае Курапаты”. Сёньня ў Курапатах былі ўганараваныя пераможцы конкурсу.

Карэспандэнтка: “Сёньня ў Курапаты прыйшлі многія людзі: навукоўцы, пісьменьнікі, палітыкі, грамадзкія дзеячы, а таксама людзі, неабыякавыя да гэтага месца. Назавіцеся, калі ласка, хто вы і чаму вы сёньня тут?”

Спадар: “Прафэсар Мікола Савіцкі. Сёньня – 20 гадавіна публікацыі. У той час нават цяжка было паверыць і зразумець што такое Курапаты. А гэта падмурак канца 20-стагодзьдзя для адраджэньня беларускай нацыі”.

Карэспандэнтка: “Спадар Уладзімер Юхо – чалавек, які, пэўна, усе 20 год бывае тут, у Курапатах”.

Юхо: “Так, я тут у гэтым месцы ўсе гэтыя гады. Курапаты для мяне тое месца, зь якога я пачаў адраджацца, як беларус, даведаўся пра сваю гісторыю”.

Карэспандэнтка: “Спадар Анатоль Вярцінскі – тагачасны рэдактар газэты “Літаратура і Мастацтва”. Ці думалі вы тады, што апублікаваны вамі артыкул будзе мець такі працяг, нават у сёньняшнім дні?”

Вярцінскі: “Не, тады так далёка мы ня думалі. Увогуле, калі мне патэлефанавалі з прыёмнай Георгія Таразевіча і папрасілі для яго газэту, а затым ён сам затэлефанаваў і падзякаваў, тады я зразумеў, што мы надрукавалі нешта сапраўды надзвычайнае. Даўно было, 20 год таму”.

Соўсь: “Андрэй Аляхновіч за фота “Памятаем” і “Памятай хлопча” узнагароджваецца кнігай Зянона Пазьняка “Дарога”, а таксама кнігамі з сэрыі “Бібліятэка Свабоды”.

Карэспандэнтка: “Чаму вы бралі ўдзел у конкурсе і якія зараз вашыя пачуцьці, як пераможцы?”

Аляхновіч: “Для мяне Курапаты, як і для кожнага сьвядомага чалавека, месца сьвятое. Тут і мае продкі з Крупшчыны ляжаць. Я гісторык, паводле адукацыі, жыву ў Крупках і зараз вывучаю гэтую тэму”.

Карэспандэнтка: “Артур Фінькевіч, вы як сябар Маладога фронту, як прадстаўнік маладзейшага пакаленьня, калі даведаліся пра Курапаты, што для вас гэтае месца?”

Фінькевіч: “Мы, сябры Маладога фронту, стаялі тут, у Курапатах ці не паўгода. Курапаты – гэта тое месца, дзе ўлады труцілі людзей газамі, гэтае месца, дзе беларусы ўпершыню голасна заявілі, што хочуць жыць у свабоднай, дэмакратычнай, незалежнай краіне”.

Карэспандэнтка: “Дасьледчык гісторыі сталінскіх рэпрэсіяў Ігар Кузьняцоў. Што значыць адкрыцьцё праўды пры Курапаты?”

Кузьняцоў: “Сёньня, канечне, знакавы дзень, які не павінны быць незаўважаны. Аднак, здарылася так, што ўжо абышлі. Ніводная дзяржаўная газэта не ўзгадала, а гэта значыць, што яшчэ дастаткова людзей, якія не жадаюць чуць, ведаць і вяртацца да гісторыі зьяўленьня Курапатаў ні праз 70 гадоў падзеяў, ні праз 20 пасьля адкрыцьця праўды пра іх”.

Карэспандэнтка: “Мая Кляшторная – дачка рэпрэсаванага пісьменьніка Тодара Кляшторнага. Што вам ўзгадваецца з таго часу, калі стала вядома пра Курапаты і што зьмянілася сёньня ў стаўленьні да гэтага месца з боку грамадзкасьці і ўладаў?”

Кляшторная: “Тады гэта была навіна, падобная выбуху бомбы. Зянон Пазьняк даў працяг маёй біяграфіі і ёсьць месца ўшанаваньня памяці закатаваных. Як сьведчаць дасьледчыкі, чвэрць мільёна. Зараз ёсьць Курапаты, на жаль пра іх мала ведаюць. Але Курапаты прызнаныя, злачынствы гэтыя зафіксаваныя і працяг будзе. Тут будзе помнік, а пакуль тут ёсьць народны мэмарыял”.
XS
SM
MD
LG