Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курапаты: уганараваньне адбылося, затрыманы В.Сіўчык <img src="/img/icon-video.gif" border=0 />


Сёньня ва ўрочышчы Курапаты прайшла жалобная імпрэза, у часе якой адбылося ўганараваньне пераможцаў конкурсу "Мае фота – мае Курапаты".


20 гадоў таму, 3 чэрвеня 1988 году ў тыднёвіку "ЛіМ" быў надрукаваны артыкул Пазьняка і Шмыгалёва "Курапаты - дарога сьмерці". Да 20-годзьдзя адкрыцьця праўды пра расстрэлы ў Курапатах Радыё Свабода наладзіла конкурс "Мае фота – мае Курапаты". Сёньня ва ўрочышчы Курапаты прайшла жалобная імпрэза, у часе якой адбылося ўганараваньне пераможцаў конкурсу. Каардынатарка конкурсу – Ганна Соўсь.

Соўсь: "Я стаю побач з Крыжом Пакуты. З 250 здымкаў, якія былі дасланыя на конкурс, вельмі вялікая колькасьць - гэта здымкі гэтага крыжа. Тут каля сотні чалавек - гэта людзі, якія прыйшлі сёньня ў Курапаты з нагоды 20-й гадавіны адкрыцьця праўды пра Курапаты. Зараз адбываецца ганараваньне пераможцаў фатаконкурсу, прыз атрымаў Юрась Беленькі.

Жалобная імпрэза пачалася сьпяваньнем гімну "Магутны Божа".



Людзі ўсклалі кветкі, запалілі сьвечкі. Быў зачытаны ліст ад грамадзкага рэдактара фатаконкурсу, адкрывальніка Курапатаў Зянона Пазьняка.

Валер Буйвал зачытвае ліст Зянона Пазьняка



У часе зачытваньня ліста адбыўся інцыдэнт, калі жанчына ўзьняла нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг, супрацоўнікі міліцыі запатрабавалі ад яе згарнуць сьцяг, але той, тым ня менш, застаўся лунаць побач з Крыжом пакуты.

Пераважная большасьць прысутных – пераможцы фатаконкурсу, пануе жалобны настрой. Ангеліна Масюта была ўганараваная за актыўнасьць у фіксацыі Курапатаў і за фатаздымак "Сьнежныя Курапаты". Яна атрымала кнігу Зянона Пазьняка "Гутаркі з Антонам Шукелойцям", а таксама прыёмнік і чатырнаццаць кніг "Бібліятэкі Свабоды" ў PDF-фармаце, а таксама – усе фотаматэрыялы конкурсу на флэш-карце".

Масюта: “Я хачу сказаць словамі Васіля Быкава, што Бог узнагародзіў Беларусь тым, што ў яе ёсьць Зянон Пазьняк. Мы – шчасьлівыя людзі, беларусы, у нас ёсьць Зянон Пазьняк”.



Удзельнікі імпрэзы



Калі ўсе ўдзельнікі імпрэзы, у тым ліку пераможцы і журналісты, спрабавалі выйсьці праз тунэль пад менскай кальцавой дорогай, міліцыянты перакрылі ім рух. Яны паспрабавалі арыштаваць Юрася Беленькага ды іншых удзельнікаў імпрэзы.



Людзі спрабавалі адбіць Юрася Беленькага. Жанчыны заклікалі супрацоўнікаў МУС быць сумленнымі.

Юрася Беленькага міліцыянты спрабавалі пасадзіць у аўтобус, але яго ўдалося адбіць ад міліцыянтаў і пасадзіць у прыватную машыну, тая неўзабаве зьехала. Іншых удзельнікаў імпрэзы міліцыя не прапусьціла праз тунэль у горад. Яны вярталіся ў горад па праезнай частцы кальцавой дарогі.









Міліцыянты затрымалі Вячаслава Сіўчыка ў Курапацкім лесе, каля Крыжа Пакутаў. Сіўчыка трымаюць цяпер у ізалятары часовага ўтрыманьня Менскага раёну. Міліцыянты адмовіліся назваць, паводле якога артыкулу на палітыка склалі пратакол і ў чым яго гэтым разам абвінавацілі. Заўтра Вячаслава Сіўчыка прывязуць у суд Менскага раёну.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG