Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лябедзька шукае падтрымкі ў Расеі


Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька сёньня ў Маскве сустрэўся з амбудсмэнам Уладзімерам Лукіным — афіцыйным абаронцам грамадзянскіх правоў у Расейскай Фэдэрацыі.

Падставай для размовы стала забарона некаторым беларускім апазыцыйным палітыкам выяжджаць за межы краіны. Лідэр АГП папрасіў спадара Лукіна паспрыяць захаваньню расейскай мяжы як вакна для выезду ў Эўропу.

Анатоль Лябедзька так кажа пра галоўную мэту гэтай сустрэчы:

“Пакуль я магу яшчэ адстойваць свае канстытуцыйныя правы, выяжджаючы праз Расейскую Фэдэрацыю за межы Беларусі. Але ня сёньня-заўтра (у мяне ўжо ёсьць такая апэратыўная інфармацыя) будуць зробленыя захады, каб закрыць такую мажлівасьць. Таму сустрэча з Лукіным была на прадмет таго — калі мае правы будуць парушацца на тэрыторыі Расеі, дык ці магу я разьлічваць на дапамогу амбудсмэна Расейскай Фэдэрацыі?”

Лідэр АГП кажа, што правы расейскага амбудсмэна дазваляюць Уладзімеру Лукіну працаваць з грамадзянамі іншых краінаў, чые правы парушаюцца на тэрыторыі Расеі:

“Мы маем аднолькавыя падыход і разуменьне таго, што адбываецца са мной у Беларусі. І Лукін запэўніў, што ён гатовы прыкладаць усе намаганьні, каб адстойваць мае інтарэсы ў выпадку, калі ўзьнікне такая неабходнасьць. Таму я абсалютна на 100% задаволены вынікамі нашай сёньняшняй размовы”.

Я спытаў спадара Лябедзьку, ці згадваліся сёньня прозьвішчы іншых беларускіх апазыцыянэраў, якія патрапілі ў падобную сытуацыю:

“Лукін цікавіўся, наколькі гэтая практыка мае шырокі распаўсюд. І я называў прозьвішчы Анжалікі Борыс, Артура Фінькевіча, Зьмітра Дашкевіча — прыклады, якія я канкрэтна ведаю. А таксама прозьвішчы людзей, якія сутыкнуліся з аналягічнай праблемай”.

Сустаршыня АДС кажа, што ягоная размова выйшла за межы пастаўленай праблемы:

“Лукін цікавіўся і агульным станам правоў чалавека ў Беларусі. У яго выклікае цікавасьць і выбарчая кампанія, якая будзе ў нас. Мы размаўлялі каля 50 хвілінаў. І там нават было месца для некаторых успамінаў, бо я ведаю Лукіна яшчэ як дэпутата расейскага парлямэнту.

Ён вельмі дасьведчаны і разумны чалавек. Ён не ідэалізуе сытуацыю ў Расеі, хоць адзначае, што пакуль яна ўсё ж такі па некаторых парамэтрах адрозьніваецца ад беларускай у лепшы бок”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG