Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Варшаўскае абмеркаваньне: Разрыў пакаленьняў у Беларусі?


Сёньня ў Варшаве пачала працу трохдзённая канфэрэнцыя пад назвай „Канфлікт пакаленьняў або беларускія адрознасьці ў мэтах, каштоўнасьцях і стратэгіі”.

У рамках канфэрэнцыі, прысьвечанай абмеркаваньню сучаснай палітычна-грамадзкай і культурнай сытуацыі ў Беларусі, адбудуцца чатыры тэматычныя дыскусіі: 1) Зьмена пакаленьняў: рухавік ці тормаз?; 2) Канфлікт уяўленьняў пра зьмены ў Беларусі і вакол Беларусі пасьля 2006 году; 3) Млявая нацыя? Грамадзкая актыўнасьць і пасіўнасьць: узроставы фактар; 4) Голас маладых: матывацыі супраціву.

Канфэрэнцыя сабрала экспэртаў і вядомых грамадзкіх актывістаў зь Беларусі, а таксама выступоўцаў з Польшчы, Украіны, Славаччыны, Нямеччыны, Канады і ЗША. У прыватнасьці, Дзяніс Мельянцоў зь Менску будзе гаварыць пра зьмену пакаленьняў у беларускай апазыцыі; Юрай Марусяк з Браціславы пра палітыку Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі; Дэвід Марплз з Унівэрсытэту Альбэрты ў Эдмантане пра ролю гістарычнай памяці ў Беларусі; а Ірына Віданава зь Менску пра новыя мэдыі як форму моладзевага супраціву.

Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода прадстаўлена Юрыем Дракахрустам, які распавядзе пра залежнасьць паміж культурнымі тыпамі і палітычным працэсам у Беларусі, ды Янам Максімюком, які выбраў за тэму дачыненьні беларускай апазыцыі з маладым пакаленьнем. А былы дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Вячка Станкевіч ахарактарызуе новую хвалю беларускай эміграцыі ў Амэрыцы.

Канфэрэнцыя ладзіцца Інстытутам грамадзянскае прасторы і публічнай палітыкі Вышэйшай школы гандлю і права імя Лазарскага ў Варшавае, пры ўдзеле Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў і часопісу „ARCHE”.

Вядзе канфэрэнцыю прафэсар Анджэй Суліма Камінскі, дырэктар Інстытуту грамадзянскае прасторы і публічнай палітыкі, а каардынатарам канфэрэнцыі зьяўляецца Андрэй Дынько, рэдактар газэты “Наша Ніва”. Матэрыялы канфэрэнцыі (даклады і стэнаграма дыскусіі) будуць выдадзеныя кнігамі на беларускай і ангельскай мовах.

XS
SM
MD
LG