Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адной амбасадай болей


Ад сёньняшняга дня ў Менску стане на адну амбасаду больш – 3-га чэрвеня а 15-й гадзіне адбудзецца афіцыйнае адкрыцьцё дыпляматычнага прадстаўніцтва Вугоршчыны ў Беларусі. З гэтай нагоды ў Менск прыбыў дзяржаўны сакратар МЗС Вугоршчыны Дзьердзь Гійян.


Скарыстаўшыся прыездам спадара Гійяна ў Менск, беларускі МЗС сёньня і заўтра праводзіць двухбаковыя кансультацыі на ўзроўні зьнешнепалітычных ведамстваў. Як паведамілі “Свабодзе” у прэсавай службе зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі, бакі “абмяркуюць шырокае кола пытаньняў двухбаковага супрацоўніцтва, уключаючы разьвіцьцё палітычнага дыялёгу паміж нашымі краінамі”.

Таксама плянуецца размова аб пэрспэктывах разьвіцьця дыялёгу Беларусі з Эўразьвязам і ўзаемадзеяньне з Вышаградзкай групай.

Дыпляматычную місію Вугоршчыны ў Беларусі ачоліць Фэрэнц Контра. Гэта дасьведчаны дыплямат, які да прыезду ў Беларусі працаваў ва Ўкраіне. Амбасада разьмесьціцца па вуліцы Платонава, у новым будынку бізнэс-цэнтру. Плянуецца, што ў другой палове чэрвеня новая амбасада ўжо будзе выдаваць візы для асобаў, якія хочуць наведаць Вугоршчыну.

На долю Вугоршчыны прыходзіцца 10% усяго таваразвароту Беларусі з краінамі Усходняй Эўропы. Летась агульны аб’ём гандлю склаў 270 мільёнаў даляраў.

Амбасада Беларусі ў Вугоршчыне працуе ўжо некалькі гадоў. Яе ачольвае Алена Купчына, якая раней узначальвала дэпартамэнт гуманітарнай дапамогі МЗС Беларусі.
XS
SM
MD
LG