Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў за 3 чэрвеня, аўторак


Актывісты грамадзянскай кампаніі “Эўрапейская Беларусь” распачалі збор подпісаў за ўступленьне Беларусі ў Эўразьвяз. Яны плянуюць на падтрымку прынамсі мільёна грамадзянаў Беларусі.

СМС-паведамленьне, якое мы атрымалі сёньня: “Раскажыце, дзе і як я магу паставіць свой подпіс?”

Адказвае каардынатар кампаніі Зьміцер Бародка:

”Свой подпіс можна паставіць на Ўправе Беларускага народнага фронту. Там заўсёды знаходзяцца падпісныя блянкі. Гэта самы просты шлях зрабіць гэта”.

Наш слухач разважае пра маючыя адбыцца выбары ў Палату прадстаўнікоў:

Спадар: “У шэрагах апазыцыі адзінства, як вядома, няма. Адны выступаюць за байкот маючых адбыцца парлямэнцкіх выбараў, іншыя, наадварот, маюць намер браць у іх удзел. Я лічу, што, калі апазыцыя будзе байкатаваць гэтыя выбары, то ў парлямэнт зноў трапяць усё тыя ж паслухмяныя “прызначэнцы-прыстасаванцы,” якія, і каню зразумела, нічога мяняць ня будуць. Таму апазыцыя павінна ўдзельнічаць у выбарах. Успомнім разагнаны Аляксандрам Рыгоравічам Вярхоўны Савет. Тады апазыцыя, што была ў меншасьці, змагла тым ня менш зрабіць нямала. Цяпер нават наш правадыр у нядаўніх інтэрвію казаў, што хацеў бы бачыць у Парлямэнце апазыцыянэраў. Канечне, такія рэчы Аляксандар Рыгоравіч проста так ня кажа. У яго неблагая інтуіцыя. Ён адчувае, што, нягледзячы на масіраваную траўлю апазыцыі на ўсіх узроўнях з боку дзяржаўных СМІ, яе рэйтынг паціху расьце”.

Сёньня мы атрымалі такое тэлефанаваньне:

Спадар, Барысаў: “Якое грамадзтва будуем? Дэмакратычнае? Але ёсьць палітвязьні. Камуністычнае? Ёсьць Курапаты. Намэнклятурны капіталізм? Ужо ёсьць Дразды. Пытаньне: што ж мы будуем? Можа, хто ведае?”

Адказвае былы старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа:

“Я думаю, што гэта нейкі варыянт цэнтралізаванага і таталітарызаванага цэнтралізму. З рынкавымі фрагмэнтамі. Няма ні ўнутранага, ні зьнешняга кантролю над уладай у краіне. Мы — нешта прамежкавае паміж эўрапейскай краінай і жорсткім таталітарызмам. Слава Госпаду, што сёньня мы ня маем сытуацыі, як на Кубе ці ў Паўночнай Карэі”.

Наш слухач цікавіцца:

Спадар: “Ці могуць грамадзяне ў Менску зьвярнуцца да Аляксандра Мілінкевіча і да прадстаўнікоў Аляксандра Казуліна? Ці ёсьць іх прадстаўніцтвы з тэлефонамі і адрасамі ў горадзе Менску?”

Адказвае Юрась Губарэвіч. Ён — намесьнік старшыні руху “За свабоду”, які зараз праходзіць рэгістрацыю:

“Кантактная інфармацыя распаўсюджваецца на ўлётках падчас розных масавых мерапрыемстваў: можна напісаць электронны ліст, зьмешчаныя нумары тэлефонаў. Я разумею, што ня ўсе нашы грамадзяне маюць доступ да інтэрнэту, але для нас гэта найбольш зручная і даступная форма распаўсюду інфармацыі”.

Дамо слова Ігару Рынкевічу, адвакату былога кандыдата на прэзыдэнта, палітзьняволенага Аляксандра Казуліна:

“Зьвязацца з прадстаўнікамі Аляксандра Казуліна можна празь менскі нумар 246-86-94. Гэта тэлефон офісу Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), у якой Казулін старшынюе. Таксама можна напісаць на электронны паштовы адрас: svideteli@inbox.ru

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG