Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці азалаціцца Беларусь на ўсясьветным харчовым крызісе?


Беларускія ўлады заяўляюць, што краіне харчовы крызіс не пагражае.


Імклівы рост цэн на прадукты харчаваньня найбольш балюча перажываюць бедныя краіны, якія ня маюць магчымасьці наладзіць харчовую вытворчасьць уласнымі намаганьнямі і арганізаваць імпарт.

Пры гэтым беларускія ўлады заяўляюць, што краіне харчовы крызіс не пагражае. Ва ўрадзе запэўніваюць, што дзяржава можа атрымаць у такой сытуацыі немалую выгаду, бо ў краіне перавытворчасьць асобных відаў харчаваньня.

Паводле зьвестак ААН, пачатак істотнаму падвышэньню коштаў прадукцыі харчаваньня быў пакладзены ў 2002 годзе — на працягу пяці наступных гадоў харчаваньне падаражэла на 65%. Цягам толькі 2007-га цэны на прадукты вырасьлі на 35%.

Дадзеныя Міжнароднага фонду сельскагаспадарчага разьвіцьця, які штогод складае індэксы ўсясьветных цэнаў на харчаваньне: летась малочныя прадукты падаражэлі на 80%, збожжа — на 40%. Насельнікі бедных краінаў 3/4 заробленых сродкаў трацяць выключна на харчаваньне.

Амаль паўсотні краінаў прыпынілі экспарт прадуктаў харчаваньня, асьцерагаючыся харчовага дэфіцыту на ўнутраных рынках.

Аграрная Беларусь хоча накарміць сьвет

У апошнім пасланьні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Аляксандар Лукашэнка заявіў: “шалёны рост” цэнаў на харчаваньне ў сьвеце Беларусі выгадны, бо Беларусь — напалову аграрная краіна. Ён лічыць, што сёлета дзяржава ад экспарту сельгаспрадукцыі можа атрымаць 2 мільярды даляраў. Пры канцы мінулага тыдня гэтую ж лічбу агучыў прэм'ер-міністар Сяргей Сідорскі, які нагадаў, што цяпер прыбытак ад экспарту харчоў — у межах 1,5 мільярда. Як выказаўся раней Лукашэнка, калі цэны будуць ніжэйшыя, чым у суседзяў, усё харчаваньне зь Беларусі ўсё роўна вывезуць “мяшэчнікі”.

Былы міністар сельскай гаспадаркі, а цяпер старшыня камісіі аграрных пытаньняў у Палаце прадстаўнікоў Міхаіл Русы праблему дэфіцыту харчаваньня называе стратэгічнай. Ён перакананы, што наступствы будуць ужо хутка:

“Не даводзіцца сумнявацца, што ў сьвеце высьпявае новая бяда. Я амаль перакананы: гады праз 3—4 энэргетычныя праблемы і харчовыя будуць раўназначныя. Зірніце на тэмпы прыросту насельніцтва і тэмпы зьяўленьня клясы зь сярэднім дастаткам — яны нашмат перавышаюць тэмпы забясьпечанасьці людзей харчаваньнем”.

Адной з прычынаў высокіх цэнаў на харчаваньне некаторыя экспэрты называюць імклівы рост попыту на прадукты ў Кітаі і Індыі, дзе з падвышэньнем узроўню жыцьця рэзка павялічыўся імпарт харчаваньня. Апроч таго, пашыраюцца аб'ёмы ўсясьветнай вытворчасьці біяпаліва, пад сыравіну для якога адводзіцца ўсё больш ворных земляў. Назіраецца спад сельгасвытворчасьці з-за кліматычных зьменаў.

Міхаіл Русы перакананы, што з такой сытуацыі Беларусь павінна атрымаць дывідэнды. Пры гэтым засьцярогі — маўляў, каб не захапіцца гандлем на шкоду ўласнай харчовай праграме, — спадар Русы лічыць беспадстаўнымі. Бо Беларусь прадае толькі лішкі прадукцыі:

“Каньюнктура, якая склалася, якраз дазваляе нам казаць пра адсутнасьць усялякіх пытаньняў і сумненьняў што да нашай харчовай бясьпекі. Ніякіх пытаньняў ня толькі адносна забесьпячэньня харчаваньнем унутры дзяржавы. А я думаю, што ў гэтым годзе, у скрайнім выпадку ў 2009-м — за 2 мільярды даляраў мы выйдзем у экспарце прадуктаў харчаваньня за межы нашай краіны. Гэта ня толькі ў Расейскую Фэдэрацыю, а ў цэлыя шэрагі іншых рэгіёнаў. Ажно да Японіі, будзем так казаць”.

Ці застанецца ад экспарту харчоў беларусам?

Васіль Лявонаў, які ўзначальваў Міністэрства сельскай гаспадаркі ў 1994—1997 гадох, а цяпер працуе ў Расеі, лічыць цалкам лягічнай пазыцыю беларускіх уладаў, якія хочуць зарабіць на ўсясьветным харчовым крызысе. Аднак ён кажа, што ня трэба забывацца і на ўласны народ — заробкі грамадзянаў пакуль адстаюць ад тэмпаў росту цэнаў унутры Беларусі:

“Рынак будзе адкрыты, гэта добра, і тут яны нічога новага не сказалі. То бок рынак насамрэч будзе чакаць беларускіх прадуктаў. Гэта для нас станоўчы факт. Але! Ува ўсім сьвеце цэны на харчаваньне будуць расьці, і аўтаматычна яны будуць падвышацца ў Беларусі. Узрастуць цэны, больш тавараў вызваліцца з абароту ўнутрыбеларускага і пойдзе на экспарт. Гэта ўсё праўда, але ж аб’ектыўна цэны будуць расьці ўва ўсіх краінах, уключна зь Беларусьсю. Прадукты будуць удвая-ўтрая даражэйшыя за цяперашнія. Таму будуць ляжаць на паліцах — беларусы за такія цэны іх папросту не “пацягнуць”.

Намесьніца дырэктара па эканоміцы Гарадзенскага мясакамбінату Сьвятлана Буян салідарная з урадоўцамі, якія заяўляюць, што да працэсу рэфармаваньня харчовага рынку трэба падыходзіць комплексна. З аднаго боку, падвышаць цэны, каб не дапусьціць вывазу харчоў у рэгіёны, дзе цэны на прадукты харчаваньня яшчэ вышэйшыя. Зь іншага, неадкладна падвышаць заробкі — іначай людзі нават пры наяўнасьці тавараў ня здолеюць іх набыць:

“Паглядзіце, колькі ўжо каштуюць прадукты ў краінах вакол нас — у Літве, у Польшчы, у Расеі. Гэта ж агульная ўсясьветная тэндэнцыя. У сельгасвытворцаў таксама ўсё даражэе — кармы, харчовыя дабаўкі. І мы проста можам зноў ператварыцца ў краіну, адкуль вывозяць прадукты харчаваньня. Таму пазыцыя ўраду правільная найперш у частцы таго, што трэба падвышаць заробкі і разам падвышаць цэны на прадукты харчаваньня, каб яны сапраўды не рабіліся ажыятажнымі для вывазу за мяжу”.

У сытуацыі дэфіцыту харчаваньня экспэрты прагназуюць фармаваньне аграрнага “чорнага рынку”. Так, Украіна ўжо заявіла, што гатовая абысьці забарону вядучых вытворцаў сельгаспрадукцыі на экспарт збожжа нетрадыцыйным спосабам. Украінскі ўрад лічыць магчымым падпісаньне пагадненьня зь Лібіяй пра тое, каб выдзеліць гэтай афрыканскай дзяржаве 100 тысяч гектараў сваёй зямлі пад вырошчваньне збожжа. Такія бартэрныя зьдзелкі, лічаць эканамісты, будуць набываць усё большыя памеры.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG