Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”. Эфір 1 чэрвеня.


“Газэта Слонімская” – адзінае незалежнае грамадзка-палітычнае выданьне на Гарадзеншчыне. Аднак і над ім навісла пагроза закрыцьця: мясцовыя ўлады перасьледуюць журналістаў газэты, а саму рэдакцыю прымушаюць пакінуць займанае памяшканьне. Сытуацыя вакол тыднёвіка – адна з тэмаў гутаркі з намесьнікам галоўнага рэдактара Сяргеем Чыгрыном.

“Старшыня Дзяржаўнага камітэту кантролю па Гарадзенскай вобласьці Васіль Бірукоў сказаў: буду разьбірацца і дам пісьмовы адказ”

Міхась Скобла: “Сяргей, “Газэта Слонімская” выходзіць ужо 11 гадоў. І ўвесь гэты час вам удавалася даволі мірна суіснаваць зь мясцовымі ўладамі. Што ж адбылося гэтай вясной – чаму газэта апынулася пад пагрозай закрыцьця?”

Сяргей Чыгрын: “Нам ня вельмі лёгка жылося і ўсе мінулыя гады. Мясцовая ўлада заўсёды ня вельмі спрыяльна ставілася да газэты, але сур’ёзных перашкодаў не чыніла. Не чыніла да тае пары, пакуль з усіх незалежных грамадзка-палітычных выданьняў на Гарадзеншчыне засталася адна “Газэта Слонімская”.

Ініцыятыва прыкрыць газэту, на маю думку, сыходзіць з Гарадзенскага аблвыканкаму. Таму што ўвосень адбудуцца парлямэнцкія выбары, а напярэдадні выбараў роля незалежнай прэсы ўзрастае. Аднак, на сёньняшні дзень нам стала вядома, што мясцовыя чыноўнікі ўсё ж падоўжылі рэдакцыі ліцэнзію на гандаль. І гэта ўжо радуе. Тым ня менш, нас абавязалі вызваліць памяшканьне, якое мы арэндуем. І вызваліць як найхутчэй. Таму мы цяпер паціху пакуем свае валізы і сёе-тое адвозім дахаты. Бо асобнага памяшканьня, куды рэдакцыя магла б пераехаць, мы ня маем.

Днямі ў Слонімскім райвыканкаме вёў прыём намесьнік старшыні Дзяржаўнага камітэту кантролю па Гарадзенскай вобласьці Васіль Бірукоў. Група нашых журналістаў, а таксама чытачы, былі ў яго на прыёме, але канкрэтна вырашыць наша пытаньне чыноўнік ня змог. Сказаў: буду разьбірацца і дам пісьмовы адказ. Спадару Бірукову было шмат званкоў ад чытачоў, якія таксама пыталіся: чаму “Газэту Слонімскую” выкідаюць на вуліцу?”

“Наклад “Газэты Слонімскай – 7 000 асобнікаў, а афіцыйнага “Слонімскага весьніку” – каля 3 000, і тое падпіска ў іх прымусовая”

Скобла: “19 траўня “Газэта Слонімская” атрымала прэмію “Вольная прэса Ўсходняй Эўропы”. І гэта ўжо ня першая міжнародная прэмія, якою ганаруюцца журналісты тыднёвіка. Хіба вам ня бачыцца наўпроставая залежнасьць: чым больш вы будзеце атрымліваць розных прэміяў, зьвязаных з уціскам свабоды слова ў Беларусі, тым больш у вас будзе праблемаў з уладамі?”

Чыгрын: “Магчыма, і гэты фактар мае месца. Можа быць, нас і ўспрымаюць як канкурэнтаў афіцыйнай раёнкі – “Слонімскага весьніка”. Што праўда, мы ніколі не сварыліся зь дзяржаўнай газэтай. Нічога дрэннага мы пра яе не пісалі, не абражалі яе журналістаў. Мы рабілі сваю газэту. І спачатку “раёнка” нават нешта пазычала ў нас, калегі глядзелі на тое, як мы робім газэту, і цягнуліся да нас. Відаць, нечаму добраму яны ў нас навучыліся.

Але потым, мяркую, у іх не хапіла сілаў спаборнічаць з намі. Сёньня падпіска на “Слонімскі весьнік” робіцца прымусова, як і на “Советскую Белоруссию”. Цікава, што раней у “Слонімскім весьніку” пазначаўся наклад кожнага нумару. А цяпер пішуць толькі тыднёвы наклад.

Нядаўна я размаўляў з адным рабочым Слонімскай друкарні. Дык ён мне паведаміў: “Мала што яны пішуць: 10 000 тысячаў наклад тыднёвы, мы друкуем ня больш як 2 000–3 000 асобнікаў. А наклад “Газэты Слонімскай” на сёньняшні дзень – 7 000. Прычым мы сіламі рэдакцыі яшчэ выдаем газэту “Отдушина” – яшчэ 4 000 асобнікаў”.

“Чытачы патрабуюць надрукаваць прозьвішчы чыноўнікаў, якія хочуць закрыць газэту, і сабралі ўжо больш за 1 000 подпісаў у нашу падтрымку”

Скобла: “У Слоніме распачаты збор подпісаў у падтрымку “Газэты Слонімскай”. Колькі чалавек падпісалася, і ці адчуваеце вы, што лёсам газэты заклапочаная ня толькі рэдакцыя, але і вашыя чытачы?”

Чыгрын: “Мы даем цэлыя развароты лістоў і водгукаў нашых чытачоў у падтрымку “Газэты Слонімскай”. Прычым, пішуць ня толькі слонімцы, мы атрымліваем лісты з усіх куткоў Беларусі. Чытачы патрабуюць надрукаваць прозьвішчы чыноўнікаў, якія хочуць закрыць газэту. Ёсьць група актывістаў, якія пачалі збор подпісаў у абарону газэты. Але мы да гэтага дачыненьня ня маем. Гэта ўсё робяць людзі, нашы прыхільнікі. На сёньняшні дзень сабрана больш за 1 000 подпісаў. Мы вельмі ўдзячныя ўсім добрым людзям за падтрымку”.

Скобла: “А цяпер мы зьвязваемся па тэлефоне зь вядомымі на Слонімшчыне людзьмі, каб пачуць іхнюю думку адносна падзеяў, якія апошнім часам адбываюцца вакол “Газэты Слонімскай”. Гаворыць актывіст маладзёвага руху Алесь Масюк”.

Алесь Масюк: “Па ўсёй краіне вядзецца мэтанакіраваная кампанія зьверху, скіраваная на задушэньне незалежнай прэсы. Тут слонімскія ўлады – толькі выканаўцы. І дзіўна, што “Газэта Слонімская” змагла так доўга пратрымацца. На будучых выбарах мяркуе вылучацца ў дэпутаты мэр Слоніму. Наўрад ці яму патрэбная незалежная газэта, каб яе журналісты пісалі не зусім тое, што пажадае ўлада. Да таго ж, прыкладна год таму зьмяніўся начальнік Слонімскага аддзяленьня КДБ. Я думаю, што ён таксама ня супраць атрымаць зорачку на пагоны. Гэта маё прыватнае меркаваньне”.

Скобла: “Слова вядомаму пісьменьніку, ляўрэату Дзяржаўнай прэміі Беларусі, доктару філялёгіі, члену-карэспандэнту Нацыянальнай Акадэміі навук Алегу Лойку”.

Алег Лойка: “Справа вельмі сур’ёзная, а паўстала як быццам зь нічога. Бо “Газэта Слонімская” – абсалютна ляяльная да ўлады, да кіраўніка краіны. Яна не абразьлівая, у журналістаў хапае выдавецкай культуры. Я вельмі паважаю супрацоўнікаў газэты – і Сяргея Чыгрына, і Міколу Канановіча, і Леанарду Юргелевіч. Гэта сапраўдныя прафэсіяналы. У нашай краіне, здаецца, так многа пэрыядычных выданьняў, але такіх папулярных, як “Газэта Слонімская”, больш ва ўсёй Заходняй Беларусі няма”.

“У Слонімскі драмтэатар глядач ідзе на клясыку: на Дуніна-Марцінкевіча, на Купалу, на Макаёнка”

Скобла: “Вы, Сяргей, зьяўляецеся ня толькі намесьнікам галоўнага рэдактара “Газэты Слонімскай”, вы яшчэ і загадваеце літаратурнай часткай Слонімскага драмтэатру. А цяпер яшчэ і летапісец слонімскай сцэны – нядаўна выйшла ў сьвет ваша кніга “Тэатар у Слоніме”. Таму другую частку нашай размовы давайце прысьвецім тэатру. На якія спэктаклі сёньня ў вас аншлягі?”

Чыгрын: “Глядач ідзе ў тэатар, калі ставіцца беларуская клясыка. Менавіта клясыка. У нас цяпер ідуць “Прымакі” – праблемаў з запаўненьнем залі няма. Народ ідзе на Купалу, на Дуніна-Марцінкевіча, на Макаёнка – у нас ідзе ягоны “Трыбунал”. Хоць мы ставім і сучасную драматургію – Пятра Васючэнку, Сяргея Кавалёва, Галіну Каржанеўскую. Мы паставілі ажно сем п’есаў нашага слонімскага драматурга Аляксея Якімовіча. Але гэта дзіцячыя п’есы-казкі.

Я нядаўна быў на сходцы, якую праводзіў Саюз тэатральных дзеячаў. Там выступалі беларускія акторы, рэжысэры, драматургі. Рэжысэры ў адзін голас цьвердзілі: “Сёньня ў Беларусі няма драматургаў!” А ты ведаеш, колькі ў Беларусі драматургаў? Больш за сто чалавек! Але яны ня могуць аддаць свае п’есы ў тэатры – у нас не хапае рэжысэраў! Няма каму ставіць. А рэжысэры кажуць, што ў нас слабыя драматургі… Але гэтыя “слабыя” драматургі адсылаюць свае п’есы ў Нямеччыну, у Польшчу, у Расею і – атрымліваюць там прызы.

У Беларусі на сёньня дзейнічае 28 тэатраў. А ў адным Стакгольме іх – 60! Дык вядома ж, швэдзкаму драматургу ёсьць з кім супрацоўнічаць”.

“Мікалай Пінігін – найвялікшы беларускі рэжысэр. Калі б па такім рэжысэры на кожную вобласьць, хоць па адным…”

Скобла: “Днямі ў Купалаўскім тэатры я паглядзеў “Пінскую шляхту” ў выдатнай пастаноўцы Мікалая Пінігіна. Здаецца, гэты твор Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча быў і ў рэпэртуары Слонімскага драмтэатру. Ці не зьбіраецеся вы вярнуцца да гэтай, як аказалася, ізноў актуальнай п’есы?”

Чыгрын: “Зайздрошчу табе – ты паглядзеў “Пінскую шляхту” ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна. Пры першай магчымасьці і я наведаюся ў Купалаўскі тэатар. Я лічу Пінігіна найвялікшым беларускім рэжысэрам. Калі б па такім рэжысэры на кожную вобласьць, хоць па адным…

Што да вяртаньня ў рэпэртуар Слонімскага драмтэатру “Пінскай шляхты”… У нас малады выканаўца абавязкаў галоўнага рэжысэра Васіль Сявец, і я размаўляў зь ім наконт гэтага. Мы думаем паставіць “Пінскую шляхту”. Хоць пасьля пінігінскай пастаноўкі нам будзе нялёгка гэта зрабіць. Што ж, будзем старацца, ёсьць з каго браць прыклад”.

Скобла: “У тваёй кнізе – гісторыя слонімскага тэатру ад 18 стагодзьдзя да нашых дзён. А які час можна назваць самым зорным часам слонімскай сцэны?”

Чыгрын: “Самы зорны час – пасьля 1777 году, калі ў Слоніме адчыніўся тэатар Агінскага. Там працавалі вядомыя артысты, слынныя мастакі з усёй Эўропы. Былі задзейнічаныя і мясцовыя таленты. Уяві сабе – глядзельная заля ў тэатры была на 2000 месцаў! У якім сучасным тэатры ў Беларусі такая вялікая заля? У тэатры Агінскага выкарыстоўваліся найлепшыя для таго часу тэхнічныя сродкі, якія дазвалялі лёгка мяняць дэкарацыі, а пры неабходнасьці “выводзіць” на сцэну сапраўдныя караблі. Частка сцэны магла запаўняцца вадой, радавалі вока гледачоў фантаны з падсьветкай бэнгальскімі агнямі”.

“Нават падчас Другой усясьветнай вайны ў Слоніме віравала тэатральнае жыцьцё”

Скобла: “З твайго тэатральнага летапісу я даведаўся, што нават за часамі нямецкай акупацыі ў Слоніме адбываліся тэатральныя паказы. Слонімшчына – лясны партызанскі край. Няўжо вайна не замінала тэатральнаму жыцьцю?”

Чыгрын: “Атрымліваецца, што не замінала. Быў Слоніме такі Народны дом, дзе цягам васьмі стагодзьдзяў адбываліся канцэрты, спэктаклі, сустрэчы. Ён дзейнічаў і падчас вайны. У 1943 годзе ў Слонім прыяжджаў на гастролі Менскі гарадзкі тэатар, ішлі беларускія спэктаклі. І наогул, хто толькі ні выступаў у Народным доме! Міхась Забэйда-Суміцкі, Галіна Вішнеўская, Ян Кепура, Фёдар Шаляпін… Уяўляеш – Шаляпін у Слонім прыяжджаў! Тут чытала свае вершы Натальля Арсеньнева, тут вёў драматургічны гурток Сяргей Новік-Пяюн. Сіламі гуркоўцаў ставіліся “Мікітаў лапаць” Міхася Чарота і “На вёсцы” Францішка Аляхновіча. Лёс многіх самадзейных слонімскіх артыстаў склаўся потым трагічна: хто трапіў у савецкі канцлягер, хто пасьпеў выехаць на эміграцыю”.

“Газэта Слонімская” – самае чытанае выданьне ў гарадзкім драмтэатры”

Скобла: “Ведаю, што на старонках “Газэты Слонімскай” шырока асьвятлялася дзейнасьць Слонімскага дзяржаўнага драмтэатру. Як ставіцца калектыў тэатру да магчымага закрыцьця газэты?”

Чыгрын: “Адназначна – адмоўна. Слонімскі драмтэатар і “Газэта Слонімская” заўсёды сябравалі. У нас ніколі не было канфліктаў. І сёньня любы журналіст можа патэлефанаваць дырэктару ці рэжысэру тэатра і атрымаць неабходны камэнтар. Хоць ня ўсе чыноўнікі, ня ўсе дырэктары прадпрыемстваў нам такія камэнтары даюць. “Газэта Слонімская” асьвятляла ўсе без выключэньня прэм’еры, якія адбываліся на слонімскай сцэне. І я ведаю, што потым гэтую газэту чытаў і абмяркоўваў увесь тэатральны калектыў.

У нас, журналістаў, няпростыя адносіны з чыноўнікамі гарвыканкаму і райвыканкаму. Але, як ні дзіўна, няма праблемаў з аддзеламі культуры. Мы зь імі ніколі не канфліктавалі. Мы шчыра сябруем. Таму што культура ў нас адна, культура аб’ядноўвае людзей. Добра, што ўсе культурныя мерапрыемствы, якія адбываюцца на Слонімшчыне і ў прылеглых рэгіёнах, мы можам асьвятляць на старонках “Газэты Слонімскай”.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

XS
SM
MD
LG