Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўніцтва Амэрыканскага адукацыйна-дасьледчага цэнтру («American Center for Education and Research, Inc.») у Беларусі паведаміла пра тое, што з 23 траўня спыніла сваю дзейнасьць.


На афіцыйным сайце прадстаўніцтва карпарацыі “American Center for Education and Research, Inc.” зьявілася абвестка: “З 28 траўня 2008 года прадстаўніцтва ў Беларусі спыняе дзейнасьць”.

Тое, што Амэрыканскі цэнтар адукацыі і дасьледаваньняў закрыты, пацьвердзіла нашаму радыё і супрацоўніца цэнтру:

“Сапраўды, Цэнтар закрываецца. На жаль, мы не ўпаўнаважаныя даваць якія-небудзь камэнтары. Такая ўнутраная ў нас палітыка — мы ўстрымліваемся ад камэнтароў. Калі ў нас зьявіцца нешта новае, мы дамо інфармацыю”.

Місіяй Амэрыканскага цэнтру адукацыі і дасьледаваньняў было, як пазначана на афіцыйным вэбсайце, “разьвіцьцё ўзаемаразуменьня і праграм сумеснага навучаньня на міжнародным узроўні”. Праграмы Цэнтру давалі грамадзянам Беларусі магчымасьць працягнуць адукацыю ў эўрапейскіх унівэрсытэтах і атрымаць ступені бакаляўра, магістра і доктара альбо весьці дасьледаваньні ў галіне гуманітарных і сацыяльных навук.

Асаблівую ўвагу Цэнтар аддаваў праграмам адукацыйных абменаў для асьпірантаў і асобаў з вышэйшай адукацыяй.

Цэнтар таксама займаўся інфармаваньнем пра сыстэму адукацыі ЗША, дапамогай у афармленьні дакумэнтаў, каб паступаць у амэрыканскія ВНУ. У менскім і рэгіянальных офісах беларусы маглі бясплатна карыстацца багатай бібліятэкай, атрымліваць кансультацыі і рыхтавацца да міжнародных тэстаў.

Прадстаўніцтва будзе шукаць шляхі вырашэньня праблемы, але пакуль тым беларусам, хто жадае прайсьці гэтыя тэсты , давядзецца ехаць у іншыя краіны.

На пачатку 2005 году прадстаўніцтва ўжо часова прыпыняла сваю працу. Тады Амэрыканскі цэнтар адукацыі і дасьледаваньняў вымушаны быў адмовіцца ад арганізацыі для беларускіх школьнікаў міжнароднай праграмы абмену FLEX. Але пасьля атрыманьня дазволу МЗС Беларусі ў чэрвені 2005 году праца Цэнтру была адноўлена.

Ніякай інфармацыі пра далейшыя пэрспэктывы Цэнтру не дае і амбасада ЗША ў Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG