Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брат Э.Зэльцэра зьвярнуўся да А. Лукашэнкі


Эмануіл Зэльцэр

Эмануіл Зэльцэр

У лісьце, які Марк Зэльцэр накіраваў Лукашэнку, ён скардзіцца на дзеяньні сьледчых КДБ, якія расьсьледуюць справу ягонага брата.

Паводле Марка Зэльцэра, брата ў турме КДБ “жорстка зьбівалі, каб прымусіць зрабіць сэрыю тэлефонных званкоў Джозэфу Кею з мэтай завабіць яго ў Менск”.

Паведамляючы гэтыя зьвесткі Аляксандру Лукашэнку, Марк Зэльцэр спасылаецца на зьвесткі Дзярждэпартамэнта ЗША, пацьверджаньні ад тэлефонных кампаній і запісы тэлефонных размоў. Брат арыштаванага адваката паведамляе, што ў Лёндане пабывала сьледчая брыгада ў справе Зэльцэра на чале са сьледчым Вараб’евым, які нібыта дапытаў Барыса Беразоўскага. Паводле Марка Зэльцэра, сьледчыя нібыта ўступілі ў змову з расейскім алігархам-уцекачом і нават выконваюць ягоныя загады. Брат арыштаванага адваката кажа, што той вельмі хворы, і просіць яго “вызваліць з гуманітарных меркаваньняў”.

Нагадаю: вядома, што ў Менск Эмануіл Зэльцэр прыляцеў на асабістым самалёце Барыса Беразоўскага. Марк Зэльцэр мяркуе, што расейскі алігарх змагаецца за спадчыну Бадры Патаркацышвілі, выкарыстоўваючы незаконныя захады.

Днямі стала вядома, што акрамя справы аб фальшывых дакумэнтах Эмануіл Зэльцэр фігуруе і ў справе пра наркотыкі, якія ён нібыта “кантрабандна ўвёз у краіну”.

“Гэтае абвінавачаньне Эмануілу Зэльцэру яшчэ ня выстаўленае, вядзецца праверка”, — паведаміў прэсавы сакратар КДБ Валер Надтачаеў.

Вось як камэнтуе гэтую справу брат арыштаванага адваката Марк Зэльцэр:

“Камэнтую гэта, як усё астатняе — сфабрыкавана. Цалкам усё сфабрыкавана. Яму гэтыя лекі, цалкам неабходныя, амаль 3 месяцы не даюць. Дактары паведамілі, што гэтымі лекамі дзясяткі мільёнаў людзей ва ўсім сьвеце карыстаюцца. І вось зьяўляюцца гэтыя лекі, нібыта як наркотыкі. А ён і ня ведаў, што ў іх ёсьць наркатычныя рэчывы, доктар яму гэтага не паведамляў”.

Паводле зьвестак, Эмануіл Зэльцэр хворы на дыябэт, падагру і іншыя хваробы, ад якіх у яго ўвесь час нясьцерпныя болі. Каб здымаць гэтыя болі, амэрыканскія дактары і прапісалі яму лекі, якія ў малых дозах утрымліваюць наркотык кадэін. Між тым паводле мэдычнай камісіі, якая агледзела Эмануіла Зэльцэра ў турме КДБ, ён нібыта “ў стане знаходзіцца ў месцах ізаляцыі”. Пра вынікі гэтага агляду нагадаў прадстаўнік КДБ Валер Надтачаеў.

Кожны дзень з Эмануілам Зэльцэрам у турме КДБ сустракаецца адвакат Зьміцер Гарачка. Адвакат не камэнтуе справу пра фальшывыя дакумэнты, паколькі яна абвешчана “дзяржаўнай таямніцай”. Пра здароўе Эмануіла Зэльцэра Зьміцер Гарачка кажа:

“Так, выглядае мой падабаронны вельмі дрэнна”.

У КДБ паведамілі, што пытаньне, ці выставяць Эмануілу Зэльцэру абвінавачаньне ў кантрабандзе наркотыкаў, “павінна вырашыцца цягам тыдня”.

Між тым у траўні суд Тбілісі пацьвердзіў права Джозэфа Кея быць распарадчыкам маёмасьці грузінскага алігарха Бадры Патаркацышвілі, які заўчасна памёр у Лёндане. Паводле назіральнікаў, гэта азначае неабгрунтаванасьць прэтэнзіяў аб падробцы дакумэнтаў да Эмануіла Зэльцэра, які быў адвакатам Джозэфа Кея.

XS
SM
MD
LG