Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рагачоў: арыштаваны дырэктар малочна-кансэрвавага камбінату


У Рагачове арыштаваны дырэктар акцыянэрнага таварыства “Рагачоўскі малочна-кансэрвавы камбінат” Міхаіл Комар. Яго забралі проста са шпіталя, дзе спадар Комар лячыўся.

Паводле паведамленьня сайту camarade.biz, некалькі дзён таму ў Маскве па просьбе беларускага боку быў арыштаваны й сын Міхаіла Комара — кіраўнік тамтэйшага гандлёвага дому “Рагачоўскі малочна-кансэрвавы камбінат”.

Абодвум прад’яўлена абвінавачаньне адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Першы намесьнік пракурора Гомельскай вобласьці Ўладзімер Сарасека адмовіўся камэнтаваць арышт кіраўнікоў:

“Значыць, ніякай інфармацыі! Ідзе сьледзтва”.

Наколькі вядома, напачатку супраць Міхаіла Комара была распачата крымінальная справа за хабар.

Пракуратура ніяк не камэнтуе арышты. Справу дасьледуе рэгіянальная ўправа КДБ.

Традыцыйна беларускіх кіраўнікоў вінавацяць у злоўжываньні ўладай альбо службовымі паўнамоцтвамі з прычыны асабістай зацікаўленасьці і ў нанясеньні вялікага ўрону сваім прадпрыемствам.

Міхаіл Комар ачольваў малочна-кансэрвавы камбінат звыш дзесяці гадоў. Да гэта ён быў старшынём Рагачоўскага райвыканкаму.

Камбінат апошнім часам працаваў з прыбыткам. Падвысіўся экспарт згушчонкі ды іншых кансэрваваных малочных прадуктаў.

А вось што кажа пра цяперашнюю сытуацыю на камбінаце выканаўца абавязкаў дырэктара Мікалай Сяругін:

“Камбінат і калектыў — нармальныя. Мы моцныя і працаваць будзем. Узрушэньні нас ніякія не саб’юць. Проста настрою цяпер няма. Гэта так”.

У Рагачове малочна-кансэрвавы камбінат лічыцца найбольш пасьпяховым прадпрыемствам. Пры сярэднім заробку ў раёне 584 тысячы рублёў гэты паказьнік на прадпрыемстве склаў сёлета за чатыры месяцы каля 800 тысячаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG