Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2 чэрвеня прадстаўнікі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі сфармулявалі свае прапановы да ініцыятывы “Ўсходняе партнэрства” і распавялі пра сьпіс са 110 асобаў у акруговыя выбарчыя камісіі.

Пра ініцыятыву “Ўсходняе партнэрства”, якая непасрэдна тычыцца Беларусі, першымі супольна паведамілі міністры замежных справаў Польшчы — Радаслаў Сікорскі і Швэцыі — Карл Більд. Гэты дакумэнт яшчэ на стадыі праекту і да яго прымаюцца заўвагі, дапаўненьні і рэкамэндацыі. І толькі пасьля гэтага яго парафіруюць у Брусэлі міністры замежных справаў кожнай з 27 краінаў Эўразьвязу. А Польшча і Швэцыя выступаюць, як сказалі на прэсавай канфэрэнцыі, “лякаматывамі гэтай ініцыятывы”.

Кіраўнікі АДС атрымалі праект у Варшаве тры дні таму. А сёньня яны падалі свае першыя прапановы. Вінцук Вячорка — першы намесьнік старшыні Партыі БНФ распавядае:

“У ліку першых мы запрапануем пераемнасьць зь мінулымі рашэньнямі па Беларусі. Гэта ў першую чаргу 12 прапановаў Эўракамісіі. На іх павінна быць адсылка, каб не было ўражаньня, што сёньня прынялі адно, праз паўтара гады — другое. Напэўна, больш акцэнтавана павінна ісьці гаворка пра кантакты ня толькі зь дзяржавамі, але і з грамадзтвамі, з народамі.

На жаль, у гэтым тэксьце не фігуруе культурная праграма. Ясна, што, зважаючы на яе важнасьць, мы будзем прапаноўваць акцэнтаваць культурную супрацу. А калі гаварыць пра эканоміку, дык супрацу ў галіне энэргетыкі”.

Віктар Карняенка кажа, што аб’яднаныя дэмсілы зрабілі яшчэ адзін крок у падрыхтоўцы да выбараў — яны стварылі адзін сьпіс кандыдатаў у акруговыя выбарчыя камісіі:

“І для таго, каб выбарнікі добра зразумелі нашы ініцыятывы, я скажу, што ў гэтым сьпісе ёсьць ня толькі былыя — дэпутаты ці людзі, якія маюць досьвед працы на дзяржаўнай службе. Тут ёсьць і дзейныя дэпутаты. І калі чалавека ў такіх спэцыфічных умовах абралі дэпутатам мясцовага савета, а ўлады ня ўключаць яго ў склад акруговых камісіяў, дык я думаю, што тут і звычайным выбарнікам стане зразумела — чаму.

Вельмі важна, што гэта таксама адзіны сьпіс. І гэты сьпіс мы просім і патрабуем разглядаць як мінімальную ўмову ацэнкі выбараў. Калі ўсе 110 нашых прадстаўнікоў ня будуць уключаны ў акруговыя камісіі, дык пра дэмакратычнасьць выбараў можна і ня згадваць”.

У прэсавай канфэрэнцыі ўдзельнічаў і Анатоль Лябедзька. “Спачатку ўсе зьдзіўляліся, як невыязны зь Беларусі Анатоль Лябедзька патрапіў у Варшаву. А сёньня зьдзіўляюцца, як ён прыехаў назад. Вось як лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі тлумачыць сытуацыю:

“Я, як і ўсе мае калегі па кааліцыі, прыбыў у Варшаву... зь неба. І, як усе, вяртаўся празь Менскі аэрапорт. Ну, крыху было там зьдзіўленьне. Але Радзіма прыняла дахаты. І пакуль што мажлівасьць адстойваць свае канстытуцыйныя правы захоўваецца.

Дарэчы, учора я атрымаў адказ з суду Цэнтральнага раёну Менску. Суд адмаўляецца разглядаць у судовым парадку маю скаргу на дзеяньні Міністэрства ўнутраных справаў. Яны палічылі, што трэба, каб я прайшоў праз усіх чыноўнікаў. А я лічу, што гэта фармальная адпіска.

Таму праблема застаецца актуальнай. І мы пра гэта таксама размаўлялі ў Варшаве. Гэта ня толькі мая асабістая праблема. У гэтым сьпісе, напрыклад, Анжаліка Борыс, прадстаўнікі моладзевых ініцыятыў. І калі на гэта не зьвяртаць увагі, дык заўтра ўсе тут прысутныя, уключаючы журналістаў, могуць апынуцца ў гэтым сьпісе”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG