Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 2 чэрвеня, панядзелак.


Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

3 чэрвеня спаўняецца 20 год, як у газэце “Літаратура і мастацтва” быў надрукаваны артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты. Дарога сьмерці”. Гэта сталася пачаткам адкрыцьця праўды пра масавыя забойствы жыхароў Беларусі падчас сталінскіх рэпрэсіяў. А Курапаты зрабіліся месцам ушанаваньня памяці ўсіх бязьвінна закатаваных. Тэлефанаваньне слухача:

Спадар Уладзімер Пісарук: “Добры дзень, Радыё Свабода! Вялікі вам дзякуй за Курапаты, я ўчора пабачыў такую прыгажосьць! Дзякуй архітэктару, які паставіў гэты абраз, і дзякуй тым, хто наводзіць парадак у Курапатах. І Юхо Ўладзімеру Станіслававічу вялікі дзякуй. Калі ласка, перадайце яму. Яго вельмі люблю. Ён мой былы настаўнік”.

Улады Беларусі заяўляюць пра патрэбу адзначэньня на дзяржаўным узроўні новага сьвята — Дня бацькі. Камэнтар слухача:

Спадар: “Ёсьць дзень турыста, танкіста. Ёсьць дзень маці, жанчыны. Пакрыўдзілі толькі “бацьку”, мужчыну. Але кажуць, хутка Дзень бацькі ў каляндар занясуць. Мужчыны будуць сьвяткаваць, чарку падымаць, усіх бацькоў — сваіх і чужых — успамінаць. Я, напрыклад, успомню свайго бацьку, дзядзьку і нават Лукашэнкі бацьку”.

Далей выказваньне на сацыяльна-палітычную тэматыку:

Спадар: “Днямі ў Пінск прыяжджаў Мікалай Пракаповіч. Ён казаў пра тое, што расьце эканоміка, выпускаецца шмат прадукцыі, казаў пра стабільнасьць беларускага рубля дый наагул казаў тое, што мы заўжды чуем. А калі людзі пачалі ў яго пытацца пра кампэнсацыю ўкладаў, ён нічога канкрэтнага і ўцямнага не адказаў. То бок, як бы афіцыйна ні паведамлялася пра тое, што эканоміка ў нас квітнее, кампэнсацыі ўкладаў людзям ужо не відаць. Але ж гэта магло б якраз мець пазытыўныя вынікі для эканомікі, бо калі людзям аддаць грошы, то яны потым іх вернуць, купляючы тавары, паслугі і гэтак далей. Але гэта, відаць, нікога не цікавіць. І працягваюцца пустыя размовы пра тое, што ўсё ў нас добра, цудоўнае жыцьцё і гэтак далей. І яшчэ. Калі наш прэзыдэнт сустракаўся з моладзьдзю, ён шмат прыгожых словаў казаў. Але ён не сказаў, што якімі б сумленнымі, добрымі, разумнымі яны ні былі, ім ня бачыць прэзыдэнцкага крэсла ў нашай рэспубліцы, бо прэзыдэнт нібыта прыватызаваў яго. Яны змогуць стаць прэзыдэнтамі іншых краінаў, але толькі не Беларусі”.

Працягваем праграму выказваньнямі на адрас Радыё Свабода:

Аляксандр Анатольевіч Яцкевіч, Віцебск: “Я пачуў у вашым эфіры пра тое, як мала дзіцячай літаратуры. Усё гэта так. І адкуль жа яе будзе шмат ці хаця б больш? Я прапанаваў дапаможнік па сальфэджыё, дайшоў да самага верху, як кажуць. Калі ў Адміністрацыі прэзыдэнта ня могуць падумаць на ўзроўні дзяцей, гэта яшчэ неяк можна зразумець. Але калі ў Акадэміі музыкі гэтага ня могуць зразумець і лічаць, што дзеткі павінны думаць іхнымі катэгорыямі, гэтых сухароў заскарузлых, тады пра што тут можна гаворку весьці? Я прапанаваў тэорыю ў выглядзе казкі і даў на базе фальклёру з розных краінаў шмат прыкладаў. Усё гэта зарэзалі, як кажуць. А тое, што дзецям падабаецца, калі па такой праграме ўрокі вядзеш, гэта нікому не цікава”.

Спадар: “Наконт працы Радыё Свабода. Часьцей паведамляйце, дзе і калі праходзяць акцыі, дзе зьбіраюцца прыхільнікі дэмакратыі і справядлівасьці. Больш матэрыялаў зьмяшчайце пра гісторыю Беларусі. Яны ўзьнімаюць самасьвядомасьць і годнасьць беларусаў”.


XS
SM
MD
LG