Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура пагражае справай расейскаму бізнэсоўцу


Пракуратура Цэнтральнага раёну Менска адмовіла ў завядзеньні крымінальнай справы супроць супрацоўнікаў ДАІ, на якіх скардзіўся расейскі бізнэсмэн Сяргей Астроўскі.


Нагадаем, ў красавіку ў Менску аўтамабіль расейца спынілі беларускія міліцыянты нібыта за перавышэньне хуткасьці. У выніку расеец заплаціў штраф ды яшчэ і адбыў суткі пад арыштам. Выйшаўшы на волю С. Астроўскі заявіў, што міліцыянты нібыта вымагалі ў яго хабар, зьбілі ды сфальшавалі адміністрацыйную справу.

У адказе пракуратуры, які атрымала адвакат спадара Астроўскага Вера Страмкоўская, паведамляецца, што цяпер “вырашаецца пытаньне пра завядзеньне крымінальнай справы паводле артыкулу № 400 Крымінальнага кодэксу -- “наўмысны паклёп”-- супраць грамадзяніна Расеі С. Астроўскага”.

Вось як пракамэнтаваў навіну Сяргей Астроўскі, які цяпер знаходзіцца ў Маскве.

“Такую сыстэму спраўляць -- што біцца галавой аб сьцяну. Мяне яўна папярэджваюць, каб далей не скардзіўся, бо завядуць справу. Што я буду рабіць? Вазьму гэты сыгнал да ведама. На жаль, паміж Расеяй і Беларусьсю падпісана дамова пра выдачу падазроных у злачынствах, і такая справа будзе мець для мяне вельмі дрэнныя наступствы. Між тым ў мяне шмат іншых неадкладных спраў. Але, магчыма, ў інтэрнэце я яшчэ пракамэнтую гэтую гісторыю больш падрабязна”.

У траўні Сяргей Астроўскі спрабаваў аспрэчыць ў судзе рашэньне, паводле якога яго прызналі вінаватым ў інцыдэнце з беларускімі супрацоўнікамі ДАІ, але безвынікова. Службовая праверка Міністэрства унутраных спраў таксама стала на бок міліцыянтаў.

XS
SM
MD
LG