Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады патрабуюць грошай не толькі з арганізатараў апазыцыйных шэсьцяў, але і хросных ходаў. Ці адпавядае гэта Канстытуцыі і законам?

Другі год запар у Магілёве можа не адбыцца традыцыйны хросны ход у гонар сьвятога Антонія Падуанскага, нябеснага заступніка гораду.

Хросны ход магілёўскія каталікі традыцыйна праводзяць 13 чэрвеня. Сёлета ўлады запатрабавалі, каб магілёўская рымска-каталіцкая парафія Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі аплаціла паслугі міліцыі, камунальнікаў ды мэдыкаў. Такое патрабаваньне выставіў аддзел ідэалягічнай працы магілёўскага гарвыканкаму.

Скандальная сытуацыя з хросным ходам адбываецца напярэдадні знакавага для Магілёва фэстывалю духоўнай музыкі “Магутны Божа”. Ён мае пачацца 23 чэрвеня.

У ідэалягічным аддзеле арганізатарам хроснага ходу аргумэнтавалі сваё патрабаваньне тым, што міліцыя, камунальнікі ды мэдыкі забясьпечваюць парадак падчас правядзеньня мерапрыемстваў.

У тэлефоннай гутарцы супрацоўніца канцылярыі парафіі паведаміла, што сродкаў, якія патрабуюцца на аплату гэтых паслугаў, у касьцёла няма:

“Мы патэлефанавалі ў міліцыю. Яны нам сказалі, што на нашую колькасьць людзей могуць даць мінімум шэсьць супрацоўнікаў. Менш нельга. Адзін міліцыянт у гадзіну каштуе дванаццаць тысяч. То бок каля васьмідзесяці тысяч рублёў будзе толькі на адно гэтае міністэрства ўнутраных спраў”.

Паводле супрацоўніцы, высьвятляць, у колькі касьцёлу абыдуцца паслугі мэдыкаў і камунальнікаў, ня сталі. “У нас і на міліцыянтаў грошай няма”, — сказала супрацоўніца.

Тое, што правядзеньне хроснага ходу пад пытаньнем, сёньня пацьвердзіў магілёўскі пробашч і дэкан касьцёла Сьвятога Станіслава айцец Раман Факсінскі. Пра патрабаваньне гарвыканкаму айцец Раман ужо паведаміў сваім парафіянам.

“Пасьля таго, як я абвясьціў учора, то яны нібыта хочуць зьмяніць патрабаваньні да нас. Другія даць, лепшыя. Але як тое будзе, я ня ведаю, на сёньняшні дзень я нічога не магу сказаць”, — зазначыў айцец Раман Факсінскі.

Паводле магілёўскіх палітыкаў, якім неаднойчы даводзілася займацца арганізацыяй мітынгаў і шэсьцяў, паслугі міліцыі, камунальнікаў і мэдыкаў разам каштуюць больш за пяцьсот тысяч рублёў.

У Магілёве, кажуць палітыкі, гарвыканкам ад аплаты паслугаў вызваліў толькі арганізатараў дзяржаўных мерапрыемстваў.

Патрабаваньне гарвыканкаму парушае правы грамадзянаў, лічаць магілёўскія праваабаронцы.

“Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе права грамадзян на свабоду сходаў, мітынгаў і вулічных шэсьцяў. Калі ўлада ўсталёўвае розныя перашкоды, у прыватнасьці фінансавыя, яна ўшчамляе правы грамадзян на правядзеньне сходаў, мітынгаў і вулічных шэсьцяў”, — кажа праваабаронца Сяргей Фамін.

Як стала вядома “Свабодзе”, у аблвыканкаме незадаволеныя патрабаваньнямі гарвыканкаму. У камітэце па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў аблвыканкаму запэўніваюць, што сёлета хросны ход адбудзецца й бясплатна:

“Я хацеў сёньня сустрэцца з ксяндзом Раманам, але ён зьехаў сёньня ў Польшчу й яго тыдзень ня будзе. Я хачу зь ім усе гэтыя пытаньні абгаварыць. Пытаньне гэтае будзе вырашана”, — запэўніў начальнік камітэту Ўладзімер Мартыноўскі.

Летась хросны ход магілёўскія каталікі не праводзілі, бо ішоў рамонт вуліцы Лазарэнкі. Па ёй традыцыйна вернікі ад касьцёла Сьвятога Станіслава рушылі да капліцы Сьвятога Антонія, што на каталіцкіх могілках.

Сьвяты Антоні стаў апекуном Магілёва пры канцы XVI стагодзьдзя. Ягоны цудатворны абраз прынесьлі ў Магілёў францішканскія прапаведнікі.

У першай палове XVII стагодзьдзя ў Магілёве адбілі мэдальён, з аднаго боку якога была выява абраза Маці Божай Бялыніцкай, а з другога — Сьвятога Антонія. На мэдальёне быў надпіс: “Сьвяты Антоні Магілёўскі, маліся за нас”.

Абраз сьвятога Антонія зьнік у часы Другой усясьветнай вайны.

Сьвятога Антонія шануюць ня толькі каталікі, але і праваслаўныя.


Валянцін Стэфановіч: “У цывілізаваных краінах за хросныя ходы ня плацяць”




Калі мы гаворым пра канстытуцыйныя правы грамадзянаў – права на свабоду сходаў, выказваньне свайго стаўленьня да грамадзка-палітычнага жыцьця краіны, у тым ліку і на рэлігійныя мерапрыемствы, то тут трэба зазначыць, што яны носяць некамэрцыйны характар і скіраваныя на рэалізацыю канстытуцыйных правоў, таму, натуральна, такая магчымасьць павінна быць забясьпечаная дзяржавай. Грамадзяне не павінныя плаціць гэта за свае сродкі”,-- перакананы В.Стэфановіч.


Сяргей Луканін: “Ад пратэстантаў грошы за сходы патрабуюць даўно”



“Нашая царква сутыкалася з падобнай сытуацыяй. Раней, калі ў нас не было ўласнага будынку, мы арандавалі памяшканьне, прыкладам, у Галоўнай гаспадарчай управе адміністрацыі прэзыдэнта”,-- гаворыць юрыст Царквы “Новае жыцьцё” Сяргей Луканін.

“Ад нас патрабавалі, каб у залі для набажэнстваў прысутнічалі прадстаўнікі “хуткай дапамогі”, міліцыі і пажарнікі. Калі мы не сталі плаціць за гэтыя паслугі, нам адмовілі ў арэндзе”,-- дадаў спадар Луканін.

Юрыст дадаў: “Калі ў 2006 годзе мы праводзілі мітынг на плошчы Бангалор, нам давялося заплаціць вялікія грошы і за пажарнікаў, і за міліцыю, і за спажываную электраэнэргію. Гэта былі вельмі вялікія грошы”.

Гарадзенскія ўлады за правядзеньне хроснага хода грошай не патрабуюць

Аб гэтым нашаму карэспандэнту пацьвердзілі ў сакратарыяце рыма-каталіцкай курыі й сакратарыяце праваслаўнай эпархіі.

У Менску грошай за хросныя ходы не бяруць

Сытуацыю камэнтуе адказны за СМІ пры сакратарыяце Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі, ксёндз Аляксандар Амяльчэня.


Прадстаўнік праваслаўнай епархіі: “Не бачу падставаў, каб што-небудзь аплачваць”


Сакратар Менскага эпархіяльнага ўпраўленьня Беларускай праваслаўнай царквы Андрэй Алежка:

“Мы не аплачваем працу ні хуткай дапамогі, ні міліцыі, якая ахоўвае грамадзкі парадак. Яны атрымліваюць ад дзяржавы заробак і выконваюць сваю працу. Таму я ня бачу нават падставаў, каб што-небудзь аплачваць”.

“Дзяржаўныя чыноўнікі не разумеюць сутнасьці дзяржавы

Сытуацыю камэнтуе філёзаф Уладзімер Мацкевіч:

st

“Зразумела, што трэба плаціць за бясьпеку ўдзельнікаў масавых акцыяў. Калькуляцыя такіх мерапрыемстваў існуе, і гэта ня таннае задавальненьне.

Але трэба ўлічваць і іншы бок праблемы: усе мы – падаткаплатнікі. Мы плацім падаткі, каб утрымліваць міліцыю, сыстэму аховы здароўя, МНС. Таму такія рэчы не зьяўляюцца паслугамі грамадзянам з боку дзяржавы. Мы за іх ужо заплацілі.

Калі дзяржава выстаўляе рахунак рэлігійнай арганізацыі, гэта сьведчыць пра тое, што дзяржаўныя чыноўнікі не разумеюць сутнасьці дзяржавы і таго, якія дачыненьні мае дзяржава да выкананьня канстытуцыйных правоў чалавека.

Права на свабоду веравызнаньня і права на свабоду мітынгаў і шэсьцяў – усё гэта прадугледжана нашай Канстытуцыяй. У такой сытуацыі дзяржава абавязаная забясьпечваць тую бясьпекі, бо за яе грамадзяне ўжо заплацілі”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG