Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Белорусы и рынок”: “Усёпажыральныя дасягненьні”


Агляд недзяржаўнага друку: “Белгазэта”, “Белорусы и рынок”, “Інфа Кур’ер”, «Вечерний Брест».

“Белгазэта”. Тэма нумару – апошнія перамогі Расеі. Расея перамагла ў “Эўрабачаньні”, “Зэніт” выйграў Кубак УЕФА, а зборная па хакеі стала Чэмпіёнам сьвету. Расейцы зараз лічаць сябе нацыяй пераможцаў. Тыднёвік задаецца пытаньнем: што гэта азначае для Беларусі? Распавядае аўтар артыкулу “Пераможцы заўтра” Віктар Марціновіч:
“Цікава, што Расея перамагае менавіта ў тых сфэрах, у якіх марыць перамагчы Беларусь – “Эўрабачаньне” і спорт. Розьніца ў тым, што ў Расеі значна шмат грошай, чым у Беларусі. І спускае яна грошы па-іншаму. Напрыклад, у спорце Расея проста набывае вельмі дарагіх гульцоў. Тое самае было з нумарам Дзімы Білана, які каштаваў 10 мільёнаў эўра. Расея проста перамагае не структурна, а кан’юнктурна”.
У сьвежым нумары тыднёвіка “Белорусы и рынок” шмат грунтоўных матэрыялаў на эканамічныя тэмы. Артыкул “Усёпажыральныя дасягненьні” напісаў вядомы эканаміст Леанід Злотнікаў. На яго думку беларускія ўлады абралі такі спосаб эканомікі, які разарае краіну.
Другая публікацыя – “Урокі аднаго закону”. 20 гадоў таму, яшчэ ў СССР быў прыняты Закон аб каапэрацыі, які стаў пачаткам рынкавых адносінаў. Прайшло 20 гадоў, але пакуль Беларусь не гатова да рынкавых рэформаў, канстатуе старшыня сталічнага Саюзу прадпрымальнікаў Уладзімер Карагін.
Слуцкі “Інфа Кур’ер”. Паводле інфармацыі раённага аддзела статыстыкі, сярэдні заробак случан за красавік склаў 692 тысячы рублёў (320 даляраў). Для параўнаньня: сярэдні заробак па краіне – 837 тысяч (390 даляраў), а ў Менску ён перасягнуў мільён рублёў (прыкладна 470 даляраў).
«Вечерний Брест». Аграфірма «Малеч», што ў Бярозаўскім раёне – унікальнае прадпрыемства, якое мае цэнтар трансплянтацыі і перасадкі эмбрыёнаў буйной рагатай жывёлы. З дапамогай перасадкі ўжо зьявіліся на сьвет 19 бычкоў і 32 цялушкі. Мэта – стварэньне статку голштынафрыскай пароды з удоем 10 тысяч літраў малака на год ад кожнай каровы.
У апошні дзень вясны ў горадзе над Бугам прайшоў Міжнародны зьлёт байкераў, паведамляе «Вечерний Брест».
XS
SM
MD
LG