Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь ад панядзелка да суботы


Анонс падзеяў тыдня

2 чэрвеня, панядзелак:
2 чэрвеня ў двары дому № 20 па вуліцы Гамарніка ў Менску адбудзецца мітынг жыхароў, якія пратэстуюць супраць будаўніцтва шматпавярховага дому на месцы дзіцячай пляцоўкі. Адміністрацыя раёну не адрэагавала на пісьмовы пратэст трох сотняў чалавек і стыхійны мітынг, які адбыўся на мінулым тыдні. Сёньня людзі зьбяруцца ізноў:
“Сходу жыхароў не праводзілася, апытаньня не праводзілася, і нам было адмоўлена ў складаньні пратаколу аб правапарушэньні на тэрыторыі дзіцячай пляцоўкі. Стаяла агароджа, не было ніякай пазнакі, пашпарту аб’екта. Мы выклікалі міліцыю, але міліцыя не дала нам ніякага адказу і не склала пратакол”.
3 чэрвеня, аўторак:
3 чэрвеня спаўняецца 20 год, як у газэце “Літаратура і Мастацтва” была надрукаваная публікацыя Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты. Дарога сьмерці”. Гэта сталася пачаткам адкрыцьця праўды пра масавыя забойствы жыхароў Беларусі падчас сталінскіх рэпрэсіяў у Курапатах. 3 чэрвеня ва урочышчы адбудзецца ўганараваньне пераможцаў фотаконкурсу “Мае фота – мае Курапаты”, які праводзіла Радыё Свабода.
“Мы запрасілі ў Курапаты а 17.30 усіх удзельнікаў фотаконкурсу, а таксама усіх, каму не абыякавы лёс Курапатаў, хто прыходзіў сюды цягам гэтых 20 гадоў. Напачатку адбудзецца жалобная імпрэза: людзі запаляць сьвечкі, ускладуць кветкі, а пасьля адбудзецца ўганараваньне пераможцаў”, – расказвае Ганна Соўсь.
4 чэрвеня, серада:
4 чэрвеня ў Наваградку адбудзецца адкрыцьцё музэю вядомага беларускага грамадзкага дзеяча, сусьветна вядомага навукоўца ў галіне касманаўтыкі, ураджэнца Наваградка і жыхара ЗША Барыса Кіта. Гаворыць адна са стваральніцаў музэя, літаратуразнаўца і аўтарка кнігі пра Барыса Кіта Лідзія Савік:
“Барыс Уладзімеравіч, дзякаваць Богу, жывы, ён мае 99 год, і мы вельмі хацелі пры жыцьці запачаткаваць ягоны музэй. Вырашылі адкрыць музэй у школе, якую ён будаваў, дзе быў настаўнікам і дзе быў дырэктарам”.
5 чэрвеня, чацьвер:
5 чэрвеня ў судзе Пухавіцкага раёну Менску распачынаюцца слуханьні адносна дзьвюх настаўніц з пасёлку Дружны Насты Паповай і Тацьцяны Дыльковай. Яны былі ўдзельніцамі аднаго з несанкцыянаваных мітынгаў жыхароў пасёлку, якія пратэставалі супраць будаўніцтва ў гэтай мясцовасьці заводу вытворчасьці ядахімікатаў. Сытуацыю камэнтуе адзін з лідэраў ініцыятыўнай групы Сяргей Абразоўскі:
“Судзіць іх зьбіраюцца, нават не пазнаёміўшы са справай. Мы разумеем, што рыхтуецца чарговая расправа над маладымі людзьмі, якія пратэстуюць супраць гэтага хімічнага монстра. Гэта поўнае бязьмежжа”.
6 чэрвеня, пятніца:
6 чэрвеня ў кінатэатры “Перамога” ў Менску адбудзецца заключны кінапаказ мастацкіх фільмаў, які праходзіць у рамках фэстывалю амэрыканскага клясычнага кіно. Фэстываль арганізаваны амбасадай ЗША ў Беларусі і сёлета пройдзе трэці раз, кажа намесьніца дырэктара кінатэатра Нэлі Бураўская:
“Людзі цікавяцца, і шмат людзей прыходзіць, бо ўваход вольны. У нас глядацкая заля разьлічаная на 480 месцаў, а прыходзіць нашмат больш”.
7 чэрвеня, субота:
7 чэрвеня ў менскім архікатэдральным касьцёле Імя Найсьвяцейшай Панны Марыі адбудзецца міжнародная навуковая канфэрэнцыя «Нашы сьвятыні», прысьвечаная 500-годзьдзю заснаваньня менскага фарнага касьцёлу, 225-годзьдзю заснаваньня Магілёўскай архідыяцэзыі і 210-годзьдзю заснаваньня Менскай дыяцэзіі. У канфэрэнцыі прымуць удзел вядомыя спэцыялісты ў галіне гісторыі, мастацтвазнаўства, кананічнага права — прадстаўнікі навуковых установаў Беларусі, Польшчы і Расіі, паведаміў Свабодзе ксёндз Аляксандр Амяльчэня:
“Запрашаем усіх жадаючых, бо гэтая тэма вельмі цікавая ня толькі для каталікоў і хрысьціянаў. Гэтая тэма будзе цікавая для ўсіх людзей, якія шукаюць пазнаньня сваёй гісторыі і сваёй спадчыны. Завяршэньнем гэтага сымпозыюму стане канцэрт арганнай музыкі. Ён будзе выкананы на арганах архікатэдральнага касьцёлу, якія ёсьць аднымі зь лепшых у Беларусі”.
XS
SM
MD
LG