Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасада ЗША заявіла, што прыярытэтам Праграмы малых грантаў, якая існуе даўно і добра вядомая, зьяўляюцца незалежныя сродкі масавай інфармацыі, вяршэнства закона і правы чалавека.


Чаму менавіта цяпер пра яе згадалі беларускія ўлады?

Паводле амбасады ЗША, Праграма малых грантаў зацікаўленая ў праектах, якія садзейнічаюць інтэграцыі Беларусі ў трансатлянтычны саюз дэмакратычных краін. Амбасада гатовая атрымаць афіцыйны запыт аб працы гэтай праграмы ад беларускага Міністэрства замежных справаў. Аглядальнік у міжнародных пытаньнях Раман Якаўлеўскі сказаў:

“На афіцыйным сайце амбасады ўжо не адзін год разьмешчана афіцыйная інфармацыя пра ўмовы, задачы прадастаўленьня грантаў: хто можа зьвяртацца, што прадстаўляць. Ніякіх сакрэтаў з гэтага ніхто не рабіў”.

У сюжэце Першага нацыянальнага тэлеканалу ад 29 траўня сьцьвярджалася, што “па праграме малых грантаў” амбасада ЗША нібыта фінансуе беларускую апазыцыю. Прыводзіліся здымкі допытаў старшыні Берасьцейскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Зьмітра Шыманскага і рэдактара незалежнай газэты “Вольныя навіны” з Турава Міхаіла Козела, якія нібыта атрымалі грошы ад амбасады ЗША.

Зьміцер Шыманскі апавёў, што яго затрымалі супрацоўнікі КДБ у Менску і адвезьлі ў дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў, дзе ў яго забралі на экспэртызу 1718 даляраў. Паводле спадара Шыманскага, на гэтыя грошы ён меркаваў набыць кампутар. Адносна сюжэту па БТ ён сказаў:

Дыктар заявіў, што я атрымаў гэтыя грошы ў амбасадзе ЗША. Такога не было. Фактычна, гэта паклёп.
Гэта лухта. І маючы гэты відэазапіс, я буду рыхтаваць пазоў у суд на Белдзяржтэлерадыёкампанію з патрабаваньнем абвергнуць распаўсюджаныя пра мяне непраўдзівыя зьвесткі. Фактычна, гэта паклёп. І, магчыма, там будзе нейкае патрабаваньне маральнай кампэнсацыі.

Я думаю, што ўлада вырашыла забіць адным стрэлам двух зайцоў. У чарговы раз паказаць кепскую, на думку нашай улады, палітыку ЗША дачынна нашай краіны, якая нібыта фінансуе палітычныя партыі. А па другое, праз гэты рэпартаж нанесены значны ўдар па маёй рэпутацыі як палітыка”.

Каардынатар Эўрапэйскай кааліцыі “Свабодная Беларусь Мікола Статкевіч кажа, што названая сума меншая за заробак старэйшага афіцэра спэцназу.

“Тут адбываецца пэўная тэндэнцыя, калі раней Лукашэнка казаў пра сотні мільёнаў фінансаваньня, то тут злавілі жанчыну 25 сакавіка і знайшлі пры ёй 8 мільёнаў беларускіх рублёў і гэта было ўжо сэнсацыяй, і міністар унутраных спраў прызнаўся, што ўпершыню затрымалі касірку апазыцыі”.

Сюжэт, паказаны па БТ, Раман Якаўлеўскі разглядае ў кантэксьце дыпляматычнай вайны афіцыйнага Менску:
Можа, будзе рэанімацыя таго лёзунгу: той хто сёньня любіць джаз, заўтра радзіму прадасьць.


“Нам шмат чаго паказвала Беларускае тэлебачаньне, і цяжка камэнтаваць адносна сапраўднасьці. Шпіёнскую сетку рассакрэцілі, дыпляматаў выгналі. Я не выключаю, тут хутка джаз будзе амэрыканскі. Можа, будзе рэанімацыя таго лёзунгу: той хто сёньня любіць джаз, заўтра радзіму прадасьць. Прагназаваць паводзіны беларускіх уладаў у кантэксьце адносінаў з ЗША вельмі цяжка”.

Вядоўца. Нагадаем, што беларуска-амэрыканскі дыпляматычны канфлікт пачаўся пасьля ўвядзеньня санкцый супраць канцэрну “Белнафтахім”. За апошнія месяцы беларускія ўлады выслалі каля 30 амэрыканскіх дыпляматаў. Раней Беларускае тэлебачаньне паказала сюжэт, у якім сьцвярджалася, што амбасада ЗША нібыта займалася шпіёнскай дзейнасьцю.
XS
SM
MD
LG