Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Валадашчук: “Спыніць выхад газэты немагчыма...”


Мясцовыя ўлады пазбаўляюць памяшканьня незалежную «Газэту Слонімскую».


Праз два тыдні давядзецца выносіць рэчы, але дагэтуль не знайшлі памяшканьня. Аб гэтым і іншым з рэдактарам газэты Віктарам Валадашчуком гутарыць наш карэспандэнт.

Карэспандэнт: “Вядома, што загад аб высяленьні рэдакцыі аддалі ўлады. На вашу думку, на якім узроўні прымалася рашэньне?”

Валадашчук: “Шчыра кажучы, я й сам дакладна ня ведаю, адкуль дзьме гэты вецер: ці зь Менску, ці з вобласьці... Магу сказаць канкрэтна, што ўсе нападкі на газэту зыходзяць з боку мясцовых уладаў. Прычым, такога ўціску, які пачаўся з пачатку гэтага году, раней не было ніколі. Я нават не разумею, з чым гэта зьвязана”.

Карэспандэнт: “Апошнім часам былі нейкія вострыя публікацыі ў газэце, які б закраналі інтарэсы мясцовых чыноўнікаў?”

Валадашчук: “Прааналізаваўшы ўсе газэты ад пачатку году, я не заўважыў асабліва вострых матэрыялаў. Гады два таму мы пісалі больш востра”.

Карэспандэнт: “У чым прычына, што на працягу некалькіх месяцаў рэдакцыя не змагла знайсьці новага памяшканьня для арэнды, нават у прыватных прадпрымальнікаў?”

Валадашчук: “Намаганьні сканчаліся тым, што тыя, хто абяцаў, у апошні момант адмаўлялі. Літаральна ўчора адзін з прадпрымальнікаў адкрыта мне заявіў, што ня будзе здаваць памяшканьне, паколькі не жадае праблемаў з уладай, КДБ, падаткавай і г.д.”

Карэспандэнт: “У выпадку, калі офіс ня ўдасца знайсьці і за два тыдні – газэта прыпыніць выхад, ці ўсё ж існуе нейкае выйсьце?”

Валадашчук: “Прыпыніцца выхад газэты можа толькі ў самай крытычнай сытуацыі. Інакш выхад газэты спыніць немагчыма, паколькі ў нас існуюць падпісчыкі, рэклямадаўцы, ды проста чытачы, якія чакаюць газэты, і мы ня можам да іх не дайсьці. Мы маем перад імі вялікія абавязкі, якія ня можам ня выканаць”.

Карэспандэнт: “А як рэальна існаваць у вашай сытуацыі?”

Валадашчук: “У сёньняшніх умовах гэта магчыма наступным чынам: я рэгіструю газэту на свой хатні адрас (заканадаўства гэта дазваляе), але я не магу зрабіць у сваёй кватэры офіс. Журналісты будуць працаваць у сваіх кватэрах, а вось бухгальтэрыя й рэклямная служба – тут значна складаней. Цяпер я гэтым займаюся”.

Карэспандэнт: “Віктар, разумею, што вельмі складаныя часы перажывае рэдакцыя. Ці ёсьць нейкая дапамога, падтрымка ці хоць цёплае слова звонку?”

Валадашчук: “Безумоўна, гэта найперш калегі-журналісты й чытачы. Я ім усім вельмі ўдзячны. Некаторыя чытачы тэлефанавалі, прапаноўвалі свае кватэры пад рэдакцыю, нехта свой дом. Толькі вось арганізаваць у такіх умовах рэдакцыю немагчыма па прычынах дзеючага заканадаўства”.

Карэспандэнт: “Думаю, гэта агульная праблема недзяржаўных выданьняў у Беларусі – адсутнасьць свайго памяшканьня. Ці спрабавалі вы яе вырашыць?”

Валадашчук: “Канешне, я займаўся гэтым, але гэта ня проста. У рэдакцыі ня так шмат грошай, каб набыць, альбо збудаваць. У мяне была магчымасьць пазычыць сродкі, нават хатку знайшлі ў цэнтры горада. Аднак, параіўшыся са спэцыялістамі, даведаўся, што ёсьць праблемы іншага характару: праблематычна вывесьці такі дом у нежылы фонд. У любы час могуць адмовіць”.

Карэспандэнт: “Віктар, як пераносіць цяжкасьці калектыў рэдакцыі?”

Валадашчук: “Безумоўна, калектыў усё разумее. Усе працуюць і згодныя працаваць да пазна, каб зрабіць чарговы нумар газэты. Я вельмі ўдзячны сваім хлопцам і дзяўчатам, якія ўсё гэта разумеюць і працуюць”.

Карэспандэнт: “Газэта Слонімская” засталася апошнім незалежным выданьнем на Гарадзеншчыне – як вам гэта ўдалося?”

Валадашчук: “Шчыра кажучы – я ня ведаю. Я добра памятаю лагатыпы й першыя старонкі “Пагоні”, “Біржы інфармацыі”, “Новай газэты Смаргоні”, ваўкавыскай газэты “Мясцовы час”. Але чаму так атрымалася – ня ведаю. Я ня маю адказу на гэтае пытаньне”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG