Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чытаем Быкава


Сёлета ў чэрвені будзе пяць гадоў, як Беларусь разьвіталася з Васілём Быкавым.


На хвалях “Свабоды” ўпершыню прагучалі шмат якія творы пісьменьніка ў аўтарскім чытаньні і ў выкананьні дыктараў.

Цяпер настаўнікі і вучні, сьвятары і палітзьняволеныя, паэты і палітыкі будуць чытаць у эфіры свае ўлюбёныя старонкі. Пра новую перадачу распавядае Сяргей Навумчык.

Навумчык: Увесь чэрвень, кожны дзень, на хвалях Свабоды будуць гучаць быкаўскія радкі. Іх будуць чытаць розныя людзі – і блізкія сябры пісьменьніка, да прыкладу, Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін, і тыя, хто ніколі ня бачыў жывога Быкава. Мы папрасілі кожнага напачатку сказаць колькі словаў пра тое, што значыць для іх імя Быкава, чаму яны выбралі той ці іншы твор. Будуць чытаць палітыкі Івонка Сурвіла, Зянон Пазьняк, Станіслаў Шушкевіч, Павал Севярынец, літаратары Валянцін Тарас, Уладзімер Някляеў, Уладзімер Арлоў, Альгерд Бахарэвіч – усяго трыццаць чалавек розных прафэсіяў і ўзростаў.

Канешне, цягам пяці хвілінаў немагчыма данесьці зьмест ці ідэю твора (хаця прыпавесьці прагучаць у поўным варыянце, напрыклад, “Хутаранцы” ў выкананьні лідэра “Н.Р.М.” Лявона Вольскага). Але можна перадаць эмацыйнае адчуваньне – і якраз гэта выдатна зрабіла паэтка Вальжына Морт, прачытаўшы апошнія абзацы “Знаку бяды”.

А першай будзе родная сястра Васіля Ўладзімеравіча, Валянціна, якую наша карэспандэнтка запісала на радзіме Быкава, на Ўшаччыне. Гэта адзіны чалавек, які можа прыгадаць дзіцячыя і юначыя гады свайго брата і пракамэнтаваць першыя старонкі ягоных успамінаў.

Быкава з намі няма, але яго чытаюць людзі розных узростаў і розных заняткаў. Быкаўскае слова гучыць на хвалях “Свабоды”.

ВАШ БЫКАЎ

ШТО І ЧАМУ З ТВОРАЎ БЫКАВА ВЫБРАЛІ Б ДЛЯ ЧЫТАНЬНЯ ВЫ?

ДАЙЦЕ СВОЙ АДКАЗ У АКЕНЦЫ КАМЭНТАРОЎ
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG