Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь хоча інвэстыцыяў на 80 мільярдаў <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Сёньня ў Менску адбылося пленарнае пасяджэньне Кансультатыўнай рады па замежных інвэстыцыях пры Савеце міністраў Беларусі. Прэм’ер Сяргей Сідорскі паабяцаў за бліжэйшыя 5 гадоў прыцягнуць у беларускую эканоміку з-за мяжы 80 мільярдаў даляраў. Наколькі рэальныя гэтыя пляны?


Сяргей Сідорскі ў сваім выступе паабяцаў лібэралізацыю эканомікі, падмацаваную стварэньнем спрыяльных умоваў для разьвіцьця малога і сярэдняга бізнэсу, банкавай сыстэмы, удасканаленьнем падатковага і мытнага заканадаўства:

“На бягучую пяцігодку ўрад краіны заплянаваў павялічыць інвэстыцыі ў асноўны капітал у намінальным вылічэньні больш як у чатыры разы. У эканоміку краіны плянуецца інвэставаць больш за 80 мільярдаў даляраў! Супраць 20 мільярдаў, якія былі засвоеныя за мінулае пяцігодзьдзе.
У 2008-м мы чакаем інвэстыцыяў на ўзроўні 17 мільярдаў даляраў”.
У прэзыідыюме С.Сідорскі і П.Барадзін

Цяпер у рэйтынгу інвэстыцыйнай прыцягальнасьці краінаў сьвету Беларусь займае 110 месца. Задача, акрэсьленая кіраўніком ураду, амбітная — за некалькі гадоў трапіць у першую трыццатку.

Віцэ-прэм'ер Андрэй Кабякоў назваў ужо рэалізаваныя сумесныя праекты з удзелам замежнага капіталу. У бальшыні сваёй гэта расейскія грошы:

“У Беларусі цяпер працуюць больш за 4 200 арганізацый з замежным капіталам з 68 краінаў сьвету. Асноўнымі краінамі-інвэстарамі ў эканоміку Беларусі зьяўляюцца Расея, Вялікабрытанія, Аўстрыя, Швэйцарыя, Нямеччына. З буйных праектаў на стадыі завяршэньня знаходзіцца дамова з расейскай кампаніяй “Ітэра-груп” на пабудову дзелавога цэнтра “Менск-сіці”. Аб'ём укладаньняў — каля 6 мільярдаў даляраў. Заключанае пагадненьне з расейскай фінансавай карпарацыяй “Сыстэма” дзеля разьвіцьця радыёкасьмічных тэхналёгій, тэлекамунікацый, турызму і банкавага сэктару. Забудову Парку высокіх тэхналёгій у Менску будзе ажыцьцяўляць паўднёваафрыканская кампанія “Lyons Financial Solutions”, аб'ём інвэстыцый — каля 700 мільёнаў даляраў. Мы вітаем уваход на беларускі рынак кампаніі “Хайнекен”, якая набыла піваварны завод у Бабруйску”.

Некаторыя госьці не хавалі свайго неразуменьня, якім чынам Беларусь будзе дасягаць інвэстыцыйнай прывабнасьці. З аднаго боку, кіраўніцтва краіны заяўляе пра лібэралізацыю эканомікі, а зь іншага — легалізавацца ў Беларусі надзвычай складана. Прыкладам, прэзыдэнт бэльгійскай кампаніі “Internationale Soint Industries” Навум Фураш заявіў, што не выпадае чакаць масавага дэсанту да таго часу, пакуль у Беларусі будзе такі моцны бюракратычны апарат. Патрабаваньні да інвэстараў фактычна дублююцца цэлым шэрагам ведамстваў, з-за чаго ня толькі марнуецца час дзелавых людзей, але і ствараецца той самы вобраз непрывабнай для ўкладаньня грошай краіны.
Выстава інвэстпраектаў

Аднак ня ўсіх патэнцыйных інвэстараў палохае тое, што Беларусь лічыцца краінай з падвышанай інвэстыцыйнай рызыкай. Гаворыць адзін з удзельнікаў форуму, кіраўнік літоўскай кампаніі “Біяновус” Рэмігіюс Лапінскас:

“Мая кампанія зацікаўленая ў супрацоўніцтве ў сфэры цьвёрдага біяпаліва. То бок мясцовыя рэсурсы, якія аднаўляюцца. І я думаю, што ня трэба ў гэтай справе кіравацца стэрэатыпамі, а неабходна глядзець на рэальныя факты і з гэтага рабіць якіясьці высновы. Для нас самае галоўнае тое, што Беларусь мае вельмі багатыя рэсурсы для вытворчасьці цьвёрдага біяпаліва, і ў прынцыпе, выкарыстоўваючы нашы ноў-хаў, нашыя тэхналёгіі, якія ў нас рэальна ёсьць і выкарыстоўваюцца, мяркую, што і тут тое ж магчыма зрабіць. Тым больш што дзейнічае праграма на разьвіцьцё крыніцаў энэргетыкі, якія аднаўляюцца, у сыстэме ўсёй энэргетыкі Беларусі, а таксама ў сыстэме жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. І гэта, напэўна, самае галоўнае”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG