Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ацалела 10 грамадзка-палітычных недзяржаўных газэт


Мясцовыя ўлады пазбаўляюць памяшканьня незалежную «Газету Слонімскую». БАЖ заклікала сваіх сябраў і прыхільнікаў да салідарнасьці з калегамі. ТЭМА ДНЯ


17:00

"У нас зброя адна — розгалас"

Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, рэдактар інтэрнэт-выданьня “Салідарнасьць” Аляксандар Старыкевіч з жалем канстатаваў, што мэдыі ў Беларусі яшчэ ня сталі “чацьвёртай уладай”:

“У гэтай сытуацыі ў нас зброя адна — розгалас. Натуральна, мы ня можам пабудаваць ім у Слоніме памяшканьне. Але калі ўвесь час гаварыць пра гэта, ёсьць шанец, што мясцовыя ўлады здымуць свае забароны на “Газету Слонімскую”, і так ці інакш гэтае пытаньне будзе вырашана. Ясна, што ў сёньняшняй сытуацыі цяжка казаць пра прэсу як пра “чацьвёртую ўладу”, прынамсі, мы ўсё роўна павінны рабіць тое, што ў нашых сілах, і час ад часу гэта дае плён”.
Галоўны рэактар газэты “Товарищ” Сяргей Вазьняк распавёў, што на старонках свайго выданьня і на сайце газэты яны зьвярнуліся да чытачоў з просьбай пісаць чыноўнікам лісты пратэсту:
“У журналістаў ёсьць адна зброя — гэта слова, і мы павінны яго выкарыстоўваць, каб грамадзкасьць даведалася пра гэты прыкры выпадак, калі пад выглядам нейкіх гаспадарчых дачыненьняў вырашаецца, і гэта цалкам відавочна, палітычнае пытаньне па зьнішчэньні недзяржаўнай газэты. І мы зьвяртаемся да сваіх чытачоў, каб яны выказвалі пратэст, пісалі лісты”.
Іосіф Сярэдзіч, галоўны рэдактар “Народнай Волі” выказаў такую думку:
“Вось гэтаму беззаконьню, якое творыцца з боку мясцовых вэртыкальшчыкаў, трэба пакласьці канец і прыцягваць да адказнасьці. Толькі тая акалічнасьць, што яна зьяўляецца прыватнай — яна ж не апазыцыйная, яна распаўсюджвала звычайную інфармацыю для абываталя. Тыя ж мясцовыя ўлады павінны маліцца на такую рэгіянальную газэту. Я, напрыклад, выказваю прэтэнзіі да сваіх калег, што яны яшчэ поўзаюць на каленях перад гэтымі нахабнымі вэртыкальшчыкамі. А тыя, замест таго каб ставіць помнікі такім рэдактарам, як Валадашчук, аддаваць самыя лепшыя памяшканьні, яны яшчэ высяляюць — гэта ўжо звыш усялякага нахабства”.
Якая пазыцыя ў афіцыйнага Саюзу журналістаў што да праблем недзяржаўнай прэсы? Ці павінна быць карпаратыўная салідарнасьць? Намесьнік старшыні Саюзу журналістаў Беларусі Рыгор Сакалоўскі адказвае на гэтае пытаньне:
“Я займаюся дзяржаўнымі выданьнямі, я ня ведаю, як справы ў недзяржаўных. Не было ніводнага выпадку, каб нехта паскардзіўся нам, што дзесьці кагосьці не друкуюць. Нават “Камсамолка” да нас зьвярталася, і мы дапамагалі, хоць яна і ня наша”.
Карэспандэнтка: “А чаму вы падзяляеце на “нашы — ня нашы”?
“Я маю на ўвазе — нашага Саюзу. Плацяць унёскі, ходзяць на сходы...”


РЭДАКЦЫЯ "ГАЗЭТЫ СЛОНІМСКАЙ" (ФОТАРЭПАРТАЖ)
***

16:00

Сходныя праблемы ва ўсіх недзяржаўных выданьняў

У Беларусі на сёньня ацалела толькі 10 грамадзка-палітычных недзяржаўных газэт, наклад якіх складае адну тысячу асобнікаў і больш.
Аналягічныя з “Газетай Слонімскай” праблемы мае і “Бабруйскі кур’ер”. Гаворыць рэдактар газэты Анатоль Санаценка:
“Праблемы ў нас, у недзяржаўных выданьняў, агульныя. Забарона на распаўсюд у кіёсках “Саюздруку”, забарона на падпіску, забарона на разьмяшчэньне рэклямы, інфармацыі. Можна казаць пра інфармацыйную й эканамічную блякаду. Толькі салідарнасьць нас, журналістаў, выдаўцоў можа дапамагчы выстаяць”.
Рэдактар іншага недзяржаўнага выданьня — крычаўскай газэты “Вольны горад” Сяргей Няроўны лічыць журналісцкую салідарнасьць асноўным мэтадам барацьбы за выжываньне:
“Каб выжыць у гэты час, трэба змагацца за людзей, якія хочуць данесьці да людзей свае думкі, і гэта дасьць магчымасьць, каб сродкі масавай інфармацыі выходзілі. Гэта тычыцца й “Газэты Слонімскай”, і нашага “Вольнага гораду”, якому ўлада не дае магчымасьці зарэгістравацца афіцыйна. Улада не дае згоды на юрыдычны адрас. Так ня можа быць, каб ува ўсім Крычаўскім раёне не было для нас памяшканьня. У той жа час для пярвічак “Белай Русі” такіх памяшканьняў шмат”.

***
15:00
Чытачы газэты званілі ў дзяржкантроль

Сёньня “Газеце Слонімскай” працягнулі арэнду на два тыдні. Распараджэньне аддаў намесьнік старшыні Слонімскага райвыканкаму Вячаслаў Апановіч. Газэту меліся высяліць з памяшканьня 31 траўня. Акрамя гэтага, са слоў рэдактара газэты Віктара Валадашчука, працягнута і ліцэнзія на розьнічны гандаль, тэрмін якой сканчаецца таксама 1 чэрвеня.

— Для рэдакцыі гэта вельмі важна, — зазначыў Віктар Валадашчук, — паколькі ўжо на працягу двух гадоў газэта ня ўключана ў каталёг падпіскі “Белпошты” і не прадаецца ў шапіках “Белсаюздруку”, бо дамову не працягнулі.

Сёньня супрацоўнікі рэдакцыі былі на прыёме ў першага намесьніка старшыні Камітэту дзяржкантролю па Гарадзенскай вобласьці Васіля Бірукова.

Са слоў карэспандэнта Міколы Канановіча, Васіль Бірукоў адказаў, што ня ведае гэтай праблемы, але прызнаўся, што некалькі тэлефонных званкоў ад жыхароў Слоніма да яго было з падобным пытаньнем. Абяцаў даць пісьмовы адказ.

Разам В.Біруковым у кабінэце сядзелі старшыня райвыканкаму Мечыслаў Касьцюк і ягоны намесьнік Вячаслаў Апановіч, якія, са слоў Канановіча, нічога не дадалі да адказу, а толькі сядзелі, унурыўшы галовы.

ЯК ТЛУМАЧАЦЬ ЧЫНОЎНІКІ ВЫСЯЛЕНЬНЕ "ГАЗЭТЫ СЛОНІМСКАЙ"?

***
14:00
В.Валадашчук: пашырыць продаж “Газэты Слонімскай” не дазволілі

Галоўны рэдактар “Газэты Слонімскай” Віктар Валадашчук паведаміў, што ён атрымаў ліцэнзію на гандаль газэтай у раздроб у тых месцах, дзе газэта прадавалася й раней. Улады не дазволілі пашырыць колькасьць гэтых кропак.
Цяпер вырашаецца пытаньне з арэндай памяшканьня.

“Я быў сёньня ў выканкаме. Мне сказалі вырашаць пытаньне з суб’ектам гаспадараньня. Мне далі на высяленьне пэўны час. Я буду пісаць заяву, каб мне працягнулі тэрмін перадачы памяшканьня гаспадару. Спадзяюся, што гэта можа працягнуцца каля двух тыдняў, бо 20 чысла ён павінен адчыняць тут сваю вытворчасьць. Да 15 чысла мне трэба выселіцца, што я ўжо і пачынаю рабіць. Газэта будзе выходзіць, але дагэтуль мы не знайшлі памяшканьня”.

***
13:00
А.Букас: “Ня трэба вучыць уладу шчаміць газэту”

Галоўны рэдактар недзяржаўнай газэты “Борисовские новости” Анатоль Букас лічыць, што канфліктная сытуацыя ў Слоніме разьвіваецца паводле загадзя сплянаванага сцэнара. Суразмоўца нават папракае журналістаў, што яны, самі таго не ўсьведамляючы, падказвалі мясцовай уладзе прыёмы гэтага ўціску. Меркаваньне Анатоля Букаса:

“Калега Віктар Валадашчук, на мой погляд, робіць памылкі, калі друкуе інфармацыю пра тое, як у рэгіёнах чыноўнікі змагаюцца зь недзяржаўнымі выданьнямі. Такім чынам ён павучае мясцовую вэртыкаль, як трэба змагацца зь ім.

Я ж ніводнага разу не друкаваў такія матэрыялы, у якіх паведамлялася б, як улады прыкрылі газэту “Біржа інфармацыі” ў Горадні ці, напрыклад, “Витебский курьер”. Ня трэба вучыць уладу шчаміць газэту”.

Анатоль Букас — заснавальнік, выдавец і галоўны рэдактар рэгіянальнага тыднёвіка “Борисовские новости”. Сёлета 2 ліпеня гэтай газэце спаўняецца 16 гадоў.

***

10:00
31 траўня газэту высяляюць з памяшканьня, якое яна займала на працягу 7 гадоў. Спадзевы журналістаў на тое, што праблему ўдасца вырашыць, не апраўдваюцца — кіраўнік слонімскага камбіната бытавога абслугоўваньня Станіслаў Іванашка ў тэлефоннай размове з галоўным рэдактарам выданьня Віктарам Валадашчуком сказаў забраць акт аб перадачы памяшканьня. І калі яшчэ 28 траўня спадар Іванашка даваў згоду працягнуць арэнду на адзін месяц, то 29 траўня ён скасаваў усе дамоўленасьці.

25 чэрвеня ў газэты заканчваецца ліцэнзія на раздробны гандаль, і ў рэдакцыі ёсьць усе падставы апасацца, што ліцэнзію не працягнуць. Супрацоўнікі газэты жывуць пад пастаянным прэсінгам з боку разнастайных органаў — ад ваенкамату да КДБ.

"Толькі шырокі розгалас можа даць надзею на ўратаваньне газэты, якую, упэўненыя ў рэдакцыі, «вырашылі забіць». Таму надышоў час заявіць пра нашу салідарнасьць з калегамі," -- заяўляюць у БАЖ. Адзін з магчымых спосабаў гэта зрабіць — накіраваць лісты адказным асобам Слонімскага рэгіёну, рашэньні якіх могуць паўплываць на лёс выданьня.

30 траўня з 11.00 да 12.00 у Слоніме будзе ладзіцца “прамая лінія” з першым намесьнікам старшыні Камітэта дзяржкантролю Гарадзенскай вобласьці Васілём Біруковым. Вы можаце пазваніць па тэлефоне ў Слоніме (01562)4-62-87 і задаць чыноўніку пытаньне датычнае праблем “Газеты Слонімскай”.

Паштовы адрас рэдакцыі (пакуль яшчэ): 231800, Слонім, вул. Камсамольская, д. 8.

Больш апэратыўна можна зьвязацца са слонімскімі калегамі па тэлефонах (01562) 2-14-39 і 8-029-133-04-21, па электроннай пошце альбо праз форум на сайце газэты.

XS
SM
MD
LG