Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларуская апазыцыя ў МЗС Польшчы


Дэлегацыя Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі завяршыла свой чатырохдзённы візыт у Варшаву. Сёньня беларускія палітыкі сустракаліся зь міністрам замежных справаў Польшчы Радаславам Сікорскім.

“Усходняе партнэрства” — ініцыятыва, зь якой выступіла Польшча і якую падтрымала Швэцыя, — стала галоўнай тэмай перамоваў зь міністрам замежных справаў Радаславам Сікорскім, зазначыў старшыня АГП Анатоль Лябедзька:

“Сёньня нам перадаюць тэкст гэтай ініцыятывы для таго, каб АДС маглі ўнесьці свае прапановы, зьмены і дапаўненьні. І вельмі важна, каб наш голас пачулі. Бо, на наш погляд, Беларусь — краіна своеасаблівая. І нельга параўноўваць яе з Украінай ці Грузіяй. Таму і патрэбна выключэньне з правілаў.

Мы маем ня вельмі пазытыўны досьвед, калі ствараліся ўнівэрсальныя падыходы, прыкладам, праграма ТАСІС. Але яны не працавалі ў дачыненьні да Беларусі. І для нас вельмі важна, каб Беларусь: а) там прысутнічала і б) каб да яе ставіліся ўсё ж такі з пазнакай “выключэньне з правілаў”.

“Усходняе партнэрства” скіраванае на супрацоўніцтва Эўразьвязу з чатырма краінамі былога СССР: Украінай, Грузіяй, Азэрбайджанам і, пры выкананьні пэўных умоваў, — зь Беларусьсю. Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі зьвяртае ўвагу на тое, што ўсе згаданыя краіны, акрамя Беларусі, удзельнічаюць у праграме добрасуседзтва Эўразьвязу. Таму для Беларусі надзвычай важна далучыцца да “Ўсходняга партнэрства”:

“Новая ініцыятыва Варшавы дае Беларусі шанец нейкім чынам удзельнічаць у эўрапейскай інтэграцыі. Але, наколькі вядома, у гэтай прапанове Беларусь разглядаецца толькі ў тэхнічным пляне.

Што значыць “у тэхнічным пляне”? Маецца на ўвазе — транзыт, энэргетычнае пытаньне, нелегальная міграцыя і г.д. Вядома, галоўнымі будуць альтэрнатыўныя крыніцы энэрганосьбітаў. І гэтая праграма дае такую магчымасьць. Маецца на ўвазе касьпійская нафта, энэргамасты праз Украіну і Беларусь на Балтыю і Польшчу”.

Яшчэ адно важнае пытаньне, якое абмяркоўвалі беларускія і польскія палітыкі, — гэта восеньскія выбары ў Палату прадстаўнікоў, паведаміў сябра дэлегацыі, лідэр Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі:

“Усе дзеячы, нават такія, як надзвычай вядомы з часоў “Салідарнасьці” Богдан Барусевіч, які цяпер маршалак Сэнату, гаварылі нам, што трэба абавязкова ўдзельнічаць у выбарах. Больш таго, нават калі Лукашэнка “назначыць” некалькіх дэмакратаў у Палату, дык ім і ня варта адтуль выходзіць. Трэба выкарыстоўваць магчымасьць выкарыстаньня імі свайго новага статусу. Любы ўдзел — ён лепшы за няўдзел. І ніхто пра другое гаворкі ня вёў на сустрэчах на ўсіх узроўнях”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG