Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйскі палітык Алесь Чыгір больш за 12 гадзінаў знаходзіўся пад вартай. Міліцыянты затрымалі яго ноччу, зьвінаваціўшы ў дробным хуліганстве.

Аднак у суд яны сьведкамі не прыйшлі. Судзьдзя Натальля Чарапуха адміністрацыйную справу супраць палітыка пастанавіла адправіць на дасьледаваньне, а самога яго вызваліць з-пад варты ў залі суду.

Учора ў Алеся Чыгіра быў дзень народзінаў. Ён, ягоная жонка і дачка Аліса позна ўвечары вярталіся ад сваякоў дадому таксоўкай. Пасьля таго, як з таксістам разьлічыліся, Алесь папрасіў у яго чэк на аплату; той адразу пачаў канфліктаваць. Калі жонка Чыгіра з дачкой выйшлі з машыны, таксіст адразу ж паехаў, ня даўшы выйсьці самому Алесю.

“Ён спыніўся ля супрацоўнікаў міліцыі, якія яго чакалі. Міліцыянты адчынілі дзьверы й пачалі мяне зьбіваць. Таксіст казаў: ну што, ты хацеў свой чэк — атрымай яго. Мне закруцілі рукі, закінулі ў машыну й завезьлі ў аддзел міліцыі. У пастарунку мяне сустрэў маёр Тоўсьцік і старшына Пашокін. Яны надзелі на рукі кайданкі й некім чынам прычапілі да іх правую нагу. Я ўпаў і ня мог падняць твар. Такім чынам яны мяне зьбівалі. Пры гэтым нават не былі заштораныя вокны”, — апавядае Алесь Чыгір.

Ноч Алесь Чыгір правёў у бабруйскім ізалятары часовага ўтрыманьня.

Паводле Алеся Чыгіра, маёр Тоўсьцік кіраваў нападам на бабруйскі грамадзкі цэнтар 5 сакавіка. Тады Алесь Чыгір і праваабаронца Ігар Ходзька паскардзіліся на неправамерныя дзеяньня міліцыянтаў у пракуратуру. У пастарунку Тоўсьцік не хаваў, кажа Алесь, што зьбіцьцё — гэта помста за тую скаргу.

Сваё затрыманьне Алесь Чыгір лічыць невыпадковым. “Мяне затрымалі, каб запалохаць напярэдадні наведваньня Бабруйску Аляксандрам Лукашэнкам”, — кажа палітык. У пастарунку знаходзіліся магілёўскія й менскія амапаўцы:

“Гэта сапраўды нейкая зондэр-каманда, якая арудуе ў горадзе. Зьбівае ўсіх, хто трапляе пад руку. Нават самі супрацоўнікі міліцыі не хаваюць, што так званая зачыстка зьвязана з наведаньнем Бабруйску спадаром Лукашэнкам і нарадай міністраў унутраных спраў Беларусі й Расеі”.

Аляксандар Лукашэнка зьбіраецца прыехаць у Бабруйск заўтра, каб адкрыць лядовы палац.

Жонка Алеся Чыгіра Данута ноччу тры гадзіны дамагалася ад міліцыянтаў зьвестак пра свайго мужа:

“Мне зусім не давалі ніякай інфармацыі. Я запатрабавала кнігу скаргаў і прапановаў і першы запіс зрабіла там. Потым села й напісала скаргу на імя начальніка бабруйскай міліцыі. Дзякуючы гэтай паперы ў Алеся а сёмай раніцы быў ужо сьледчы міліцыі. Я бачыла, як Алеся павалілі на падлогу і пачалі біць. І калі я казала, што ён знаходзіцца тут і крычыць, а вы не пацьвярджаеце факту яго знаходжаньня тут, у вас нават шторы не завешаныя — тады яны пайшлі і завесілі”.

Паводле Дануты Чыгір, намесьнік старшыні бабруйскага гарадзкога суду Ўладзімер Лосеў, азнаёміўшыся з матэрыяламі адміністрацыйнай справы, паведаміў, што будзе яе адпраўляць на дасьледаваньне, бо зашмат супярэчнасьцяў.

Так і выйшла, кажа Данута Чыгір. Акрамя таго, міліцыянты, якія затрымлівалі Алеся, у суд не прыйшлі. Судзьдзя паставіла вызваліць яго ў залі суду, а справу дасьледаваць. Даты наступнага судовага паседжаньня Натальля Чарапуха не прызначыла.

Натальля Чарапуха судзіла Алеся Чыгіра 1 верасьня 2006 году, калі ён прыкуў сябе да агароджы перад будынкам Бабруйскага гарвыканкаму на знак пратэсту супраць свайго звальненьня са школы. Тады палітыка асудзілі на дзесяць сутак арышту.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG