Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Т.Процька: “Ня дазваляйце, каб спэцслужбы забілі вас страхам!”


Журналістам Свабоды грамадзкі рэдактар тыдня Тацяна Процька даручыла падрыхтаваць перадачу на тэму “Роля спэцслужбаў ва ўмовах Беларусі”.

“…Іх асноўная функцыя зараз – гэта падаўленьне апазыцыі”
Да спэцслужбаў у Беларусі адносяць Камітэт дзяржаўнай бясьпекі, органы унутраных спраў (міліцыя), памежныя войскі, службу бясьпекі прэзыдэнта, камітэт дзяржаўнага кантролю (служба фінансавых расьсьледаваньняў), мытныя органы, органы зьнешняй выведкі Міністэрства абароны і савет бясьпекі. Іх правы і абавязкі рэгулюе Закон “Аб органах дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь”. Усяго пералічаныя дзевяць накірункаў дзейнасьці органаў дзяржбясьпекі, у тым ліку абарона незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці Беларусі, інфармаваньне прэзыдэнта пра стан нацыянальнай бясьпекі, выяўленьне дзейнасьці на тэрыторыі Беларусі спэцслужбаў іншых дзяржаў, барацьба з тэрарызмам, арганізаванай злачыннасьцю, карупцыяй, кантрабандай, незаконнай міграцыяй, пранікненьнем і распаўсюдам наркотыкаў, зброі, ядзерных матэрыялаў, абарона дзяржсакрэтаў, забесьпячэньне ўрадавай сувязі й іншыя важныя для разьвіцьця беларускай дзяржаўнасьці задачы.
Чым жа могуць ганарыцца беларускія спэцслужбы? Якія буйныя апэрацыі пасьпяхова правялі, што прадухілілі, у чым канкрэтная карысьць ад іх працы?
Пра добрыя справы мы спрабавалі даведацца зь першых вуснаў – ад кіраўніка прэсавай службы Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Валерыя Надтачаева.
Карэспандэнтка: “Чым можна ганарыцца? Пахваліце сябе”.
Надтачаеў: “Прысылайце афіцыйны запыт да нас, і мы адкажам вам”
Карэспандэнтка: “Нават пра добрыя справы ня хочаце сказаць? А чаму?”
Надтачаеў: “Усё на нашым сайце вывешана. Без камэнтароў. Прабачце...”
Так, на афіцыйным сайце Камітэта дзяржаўнай бясьпекі http://www.kgb.by ёсьць тры паведамленьні за травень у рубрыцы “КДБ інфармуе”: пра крымінальную справу ў дачыненьні да грамадзяніна ЗША Эмануіла Зэльцэра, і дзьве – аб прадухіленьні спробы арганізацыі каналу кантрабанды наркотыкаў.
Што кожнай краіне патрэбныя спэцслужбы, якія павінны абараняць нацыянальныя інтарэсы, дзяржаўную бясьпеку, змагацца са злачыннасьцю – не выклікае сумневу. І што беларускія спэцслужбы маюць посьпехі, у іх таксама ёсьць чым ганарыцца, не сумняецца былы кантрвыведнік Валер Костка:
“Вынікі нейкія ў іх, мабыць, павінны быць. Але чаму яны самі ня хочуць сказаць пра гэта грамадзкасьці? Па СМІ я ведаю, што яны затрымалі нейкіх амэрыканцаў, калі быў канфлікт з Польшчай – затрымалі палякаў, проста спэцслужбы выкарыстоўвалі ў якасьць палітычнага аргумэнта, а гэта таксама не зусім правільна, хаця тут цяжка іх абвінаваціць, таму што яны залежныя ад той палітычнай сыстэмы, ад таго палітычнага кіраўніцтва, якое ў нас існуе.
Я выступаю за тое, каб спэцслужбы мелі свае функцыі, зразумелыя для народу, менавіта: выведка, контрвыведка, ахова вышэйшых асобаў, забесьпячэньне сакрэтнасьці – гэта іх функцыі, і гэта нармальна. Тое, што яны займаюцца і гуляюць у тыя гульні, у якіх задзейнічаная вялікая палітыка, – гэта не зусім мне здаецца правільным і зразумелым”.
Палітык Мікола Статкевіч – былы вайсковец, падпалкоўнік, ня раз сутыкаўся зь беларускімі спэцслужбамі. Добра ведае, чым павінны займацца спэцслужбы ў цывілізаванай краіне, і чым насамрэч яны займаюцца ў Беларусі:
“У кожнай дзяржаве павінны быць выведка, контрвыведка, нейкія структуры, якія выкрываюць страшэнныя злачынствы, зьвязаныя з тэрарызмам, наркотыкамі, гандлем людзьмі – усё гэта павінна быць. Але асноўная функцыя беларускіх спэцслужбаў – захаваньне ва ўладзе дзеючых кіраўнікоў дзяржавы. І яны гэтым займаюцца ўсё больш і больш, не зважаючы на законнасьць. Іх асноўная функцыя зараз – гэта падаўленьне апазыцыі, і гэта вельмі сумна. Такое ўражаньне, што людзі зусім ня думаюць пра рэпутацыю спэцслужбаў, урэшце рэшт, пра сваю ўласную будучыню”.
Сярод рэдкіх матэрыялаў пра сучасныя спэцслужбы Беларусі – артыкул генэрала Станіслава Князева ў альманаху “Праблемы канстытуцыяналізму”. Ён, у прыватнасьці, апэлюе статыстыкай за 1998 год. Тады беларуская контрвыведка выявіла 11 кадравых супрацоўнікаў замежных спэцслужб й іх агентаў. Толькі ў Менску чэкісты ліквідавалі каля 20 крымінальных груповак. Што да барацьбы з арганізаванай карупцыяй, то КДБ вярнуў дзяржаве матэрыяльных каштоўнасьцяў на суму 128 мільярдаў рублёў, а таксама валюту – 45 мільёнаў даляраў і паўмільёна дойчмарак, лякалізаваў дзейнасьць пяці міжнародных злачынных груповак, што ажыцьцяўлялі дастаўку ў Беларусь фальшывых грошай. Па матэрыялах дзяржбясьпекі былі адабраныя 127 адзінак зброі, 60 тысяч патронаў. 59 гранат…
Такім чынам, пэўны плён ёсьць. Чаму ж тады спэцслужбы так неахвотна, скупа дзеляцца ім?
Камэнтуе Тацяна Процька:
“Калі людзі займаюцца сапраўднай справай, ёсьць што сказаць і чым пахваліцца. Мабыць, пачуўшы пра гэтыя добрыя справы, прыніжаныя і зьняважаныя спэцслужбамі людзі прабачаць іх і па-хрысьціянску да іх будуць нарэшце ставіцца”.
“Раней дэпутаты выклікалі сілавікоў, а цяпер – запрашаюць…”
Калі журналісты сутыкаюцца зь цяжкасьцямі нават пры спробе знайсьці пазытыў у дзейнасьці спэцслужбаў, гэта толькі падкрэсьлівае закрыты характар іх дзейнасьці. У такім разе ўзьнікае лягічнае пытаньне: ці існуе ў сучаснай Беларусі грамадзкі або ўладны кантроль за дзейнасьцю органаў дзяржаўнай бясьпекі? Ці ёсьць мэханізмы стрымліваньня сілавых структураў?
Рэгуляваць і ўмешвацца ў дзейнасьць Камітэту дзяржбясьпекі, Міністэрства ўнутраных справаў, іншых сілавых структураў паводле заканадаўства мае права Савет бясьпекі і Генэральная пракуратура. Пры якіх умовах сілавікоў можна прыцягнуць да адказнасьці? І хто можа ініцыяваць такую працэдуру? Гаворыць прадстаўнік Генэральнай пракуратуры Ягор Лівай:
“Мы перадусім ажыцьцяўляем нагляд. Падставай да нейкіх дзеяньняў можа быць заява і асобных грамадзянаў, і арганізацый; можа быць і апэратыўная інфармацыя. А ўвогуле гэта закладзена ў законе: Генэральная пракуратура ажыцьцяўляе нагляд за дакладным і аднолькавым выкананьнем заканадаўства. У тым ліку ў сыстэме праваахоўных органаў і сілавых”.
А ці могуць паўплываць на незаконныя дзеяньні кіраўніцтва спэцыяльных структурных падразьдзяленьняў абраныя народам дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, у прыватнасьці Камісія ў нацыянальнай бясьпецы? Як паказвае досьвед, у дэпутатаў ад 1996 году так і не зьявілася падставаў засумнявацца ў кампэтэнтнасьці спэцслужбаў, міліцыі, унутраных войскаў, памежнікаў ды іншых. Намесьнік старшыні згаданай камісіі Віктар Гумінскі кажа, што пры цяперашнім раскладзе гэта лёгка тлумачыцца:
“Палата прадстаўнікоў пазбаўленая права такога кантролю ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй. То бок, у нас няма такіх паўнамоцтваў, як кантрольныя функцыі на выкананьне заканадаўства. Таму мы ня можам такое рабіць”.
Карэспандэнт: “Але ж Вярхоўны Савет мог?..”
“Ну дык тады якая была рэспубліка? Тады не было прэзыдэнцкай рэспублікі, была парлямэнцкая. Таму там пры камісіі па Нацыянальнай бясьпецы (яна крыху інакш называлася) былі адпаведныя падкамісіі, маглі стварацца працоўныя групы з выездам на месца, каб разглядзець, вывучыць праблематыку. Выклікалі кіраўнікоў ведамстваў, яны трымалі справаздачы ў Вярхоўным Савеце. Сёньня ў нас іншая форма, мы маем права толькі “заслухоўваць”. Маем права ставіць пытаньні перад любымі сілавымі ведамствамі, яны абавязаныя прыбыць і адказваць на гэтыя пытаньні. Але тое, пра што вы кажаце, у нашы паўнамоцтвы не ўваходзіць. Таму што ёсьць іншыя структуры, якія гэтым займаюцца”.
Яшчэ нейкае дзесяцігодзьдзе таму сытуацыя была прынцыпова іншай. У Вярхоўным Савеце кантролем за дзейнасьцю спэцслужбаў займалася Камісія па нацыянальнай бясьпецы і барацьбе са злачыннасьцю. Калі ў 1996-м, пасьля “Чарнобыльскага шляху”, спэцпадразьдзяленьне “Алмаз” штурмавала сядзібу БНФ у пошуках арганізатараў акцыі (шукалі Зянона Пазьняка, а затрымалі Лявона Баршчэўскага і Паўла Знаўца), то неадкладна гэты факт стаў падставай да грунтоўнага разьбіральніцтва ў спэцыяльна створанай працоўнай групе. Ініцыятарам стаў пацярпелы дэпутат Павал Знавец:
“Кантроль быў вельмі жорсткі, таму што на корані мы гэта маглі спыніць, зьняўшы з пасады тагачасных Мацкевіча і Агальца. Апошні, дарэчы, прыходзіў да нас у фракцыю, прасіў, заклінаў, прапаноўваў па чарцы зь ім выпіць, каб толькі не раскручваць гэтую справу. Але камісія працавала прафэсійна. Ганчар, прыкладам, дапытваў кіраўнікоў РАУС і ўсіх, хто ў той гісторыі быў задзейнічаны. Урэшце выйшлі на тое, што гэта “Алмаз” сядзібу штурмаваў.
І як мне падаецца, гэта была асноўная прычына, пасьля чаго Лукашэнка зразумеў: парлямэнцкі кантроль існуе. Які б парлямэнт ня быў калгасны, “чырвона-зялёны”, але ён быў даволі эфэктыўны. Бо там было моцнае асяродзьдзе апазыцыі, найбольш вядомыя палітыкі ў ім былі. А зараз парлямэнт – гэта бутафорыя. Не парлямэнт, а нейкая структура, падобная да аддзелу адміністрацыі прэзыдэнта. Таму зараз казаць пра нейкі кантроль за дзейнасьцю спэцслужбаў не выпадае. Мы часта выклікалі “на дыван” старшыню КДБ, літаральна дапытвалі: дзе, што, ці праслухоўваюцца тэлефоны? Асобныя дэпутаты насамрэч скардзіліся, што тэлефоны на “праслушцы”. І тыя проста дрыжэлі. Бо, ведаючы сутнасьць “гэбіста”, ён баіцца ўласнага ценю. Пачынаючы ад старшыні камітэту”.
Дарэчы, дзейнасьць спэцслужбаў доўгі час наагул не рэгулявалася аніякімі законамі. І толькі ў 1997 годзе парлямэнт Беларусі прыняў адпаведны закон. Аднак наколькі эфэктыўна ён выкарыстоўваецца? Ці дастаткова дзейнага заканадаўства?
Камэнтуе Тацяна Процька:
“Я перакананая: пакуль за спэцслужбамі будзе толькі дзяржаўны кантроль, а менавіта такая форма кантролю вызначаная ў законе і рэалізаваная ў практыцы, пакуль суды па-сапраўднаму ня возьмуцца абараняць тайну асабістага жыцьця, сапраўднага кантролю за дзейнасьцю спэцслужбаў у нас ня будзе. І кожны, у тым ліку і высокапастаўленыя асобы з кіраўніцтва нашай краіны, а ня толькі апазыцыянэры, будуць адчуваць страх перад “праслушкай”, страх перад даносамі”.
“…Я б сказаў, пяць шостых, які там працуюць, гэта абсалютна нармальныя людзі”
Нядаўна адбылася пазачарговая канфэрэнцыя Беларускай грамадзкай арганізацыі вэтэранаў КДБ “Честь”. Яна, дарэчы, аб’ядноўвае 350 чалавек. Сабралася палова. Паводле інфармацыі сайта “Беларускі партызан”, размова атрымалася незвычайнай. Удзельнікі крытыкавалі новае кіраўніцтва Камітэту дзяржбясьпекі, наракалі, што яны кінутыя сам-насам са сваімі праблемамі, ім адмянілі льготы, адабралі шпіталь, няма належных кантактаў з тымі, хто іх замяніў. У выніку старыя чэкісты перасварыліся і дзеля больш эфэктыўнай абароны сваіх інтарэсаў вырашылі стварыць новую арганізацыю пад назвай “Честь имеем!”. Калі ўзгадаць шырока вядомую прыказку, што былых чэкістаў не бывае, дык атрымліваецца – сярод супрацоўнікаў спэцслужбаў таксама ёсьць свае, так бы мовіць, “іншадумцы”? Зразумела, Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі не раскрывае сакрэту кадравай палітыкі ў КДБ. Мы паспрабавалі высьветліць гэта самастойна.
Былы контрвыведнік, падпалкоўнік у адстаўцы Валер Костка цяпер займаецца пчалярствам пад Смалявічамі. “Беларускі КДБ , як і яго кадравая палітыка, мала зьмяніліся: на працу бяруць толькі самых-самых”, –мяркуе Валер Костка.
“У музыцы патрэбны слых, гэтак і ў КДБ свае патрабаваньні. Трэба, каб чалавек мог заўважаць пэўныя з’явы, мог аналізаваць, прадбачыць, запамінаць. Чалавек павінен быць кантактным, псыхалягічна ўстойлівым. Плюс вышэйшая адукацыя. У КДБ усе супрацоўнікі з вышэйшай адукацыяй, а то і з двума. У мяне дык чатыры”.
А ці патрэбна для супрацоўніка КДБ палітычныя ляяльнасьць? Скажам, возьмуць у КДБ прыхільніка апазыцыі?
Кіраўнік прэсавай службы КДБ Валер Надтачаеў наўпрост распавядаць пра кадравыя падыходы адмовіўся, сказаў зрабіць пісьмовы запыт. Зноў зьвяртаюся да Валера Косткі. Той згадаў, што ў 1980-х, калі яго бралі на службу, абавязкова патрэбна было хаця б кандыдацтва ў КПСС. А вось у 1993-ім, калі начальства даведалася, што Валер Костка ўступіў у БНФ, з КДБ яго звольнілі. Але не адразу, а ажно праз чатыры месяцы! Гэты час чэкіст лічыць вяршыняй кароткай эпохі беларускай дэмакратыі:
“Тады ж быў 1993-і год, калі была апазыцыя, быў Пазьняк, калі лунаў бел-чырвона-белы сьцяг! Тады гэта больш-менш успрымалася нармальна. Але зараз, мяркую, вылічаюць, хто занадта спачувае апазыцыі. Бо фактычна КДБ у нас захаваўся як орган дзяржаўнай бясьпекі. А што такое дзяржава? Гэта надбудова над грамадзтвам і чыноўнікі зацікаўленыя сваю ўладу захоўваць”.
Знаўцы кажуць: стаць “стукачом” (сакрэтным агентам) КДБ – не праблема. А ці можна самому прыйсьці ў Камітэт дзяржбясьпекі і папрасіцца на сталую працу? Адказ маіх суразмоўцаў такі: гэта толькі пашкодзіць. Паводле зьвестак дасьведчаных людзей, кожны супрацоўнік КДБ мае заданьне падбіраць ў “кантору” новыя кадры: прыглядацца, вывучаць і, калі чалавек падыходзіць і начальства дае згоду, прапаноўваць. Дарэчы, плацілі ў КДБ заўсёды добра, хапае такіх, для каго гэтая праца прэстыжная. Тым ня менш некаторыя ўсё ж адмаўляюцца.
Былы прадпрымальнік, цяпер палітвязень Сяргей Парсюкевіч ў сярэдзіне 1990-х прыехаў у Віцебск з Казахстану, дзе служыў у касьмічных войсках. Неўзабаве яму паступілі дзьве прапановы: адна з КДБ, другая – пайсьці экспэртам па зброі ў міліцыю. Сяргей выбраў міліцыю. Жонка Натальля тлумачыць, чаму:
“У яго ж рамантычны характар, яму ж трэба было змагацца са злачынцамі, з крыміналам. А КДБ яму неяк не спадабаўся”.
Адмыслоўцы заўважаюць, што ў КДБ працуе ўсё больш людзей з адукацыяй мірнага профілю: настаўнікаў, інжынэраў, журналістаў. Згадваю са свайго досьведу – пасьля разьмеркаваньня адзін з нас уладкаваўся не ў газэту, а адразу ва ўправу КДБ. Цяпер туды бяруць шмат кампутаршчыкаў. Быццам гэта з-за інтэрнэту, усё больш уплывовага сродку ўзьдзеяньня на людзей і важнай крыніцай інфармацыі. Магчыма. Але што да сайту КДБ, то ён, паводле наведнікаў і адмыслоўцаў, чамусьці вельмі просты і нецікавы.
Ва ўсе часы ў КДБ часьцей ішлі людзі, як кажуць, “з вайсковай костачкай”. Калісьці курсант сувораўскай вучэльні, потым настаўнік ін’язу і дэпутат Пётр Садоўскі згадаў пра свой выпуск.
“З нашага ўзводу два пайшлі ў КДБ, з усяго выпуску чалавек 12. З перакладчыцкай групы, якую я навучаў, чалавек 6 пайшло. Гэта не спакуса, гэта спэцыялізацыя”.
Паводле Пятра Садоўскага, шмат хто ідзе ў КДБ, бо праца там добра аплачваецца, а іншай магчымасьці зарабіць нармальныя грошы няма.
“Канешне, ідуць і ўсякія людзі з нізкімі памкненьнямі, якія займаюцца палітычным зыскам, інтрыгуюць, але, асноўная частка, я б сказаў, пяць шостых, гэта абсалютна нармальныя людзі. Дасьведчаныя і разумныя. Проста наша дзяржава, як нашчадак Расейскай імпэрыі, не стварае ўмоваў для заробку ў сыстэме бізнэсу”.
Тэлефаную знаёмаму са студэнцкіх часоў былому супрацоўніку КДБ. Ён даслужыўся да высокага чыну, сышоў у адстаўку і разам з былымі калегамі рызыкнуў пайсьці ў бізнэс. Спачатку фірма квітнела, але з канца 1990-ых пачаліся праблемы. Год таму я даведаўся, што знаёмы сядзіць у 1-й менскай калёніі. У лютым мы нечакана сустрэліся ля Чырвонага касьцёлу, на пахаваньні Ірыны Казулінай. “За што сядзеў? Паспрабавалі “цягацца” з фірмай, якая мела “крышу” у адміністрацыі прэзыдэнта. Не дапамагло ані наша “чэкісцкае” мінулае, ані што. У гэтых новых хлопцаў хватка мацнейшая”.
Зразумела, мой знаёмы адмовіўся абмяркоўваць кадравую палітыку КДБ. Толькі сказаў, што гэта адзін з яе прынцыпаў – падбіраць людзей, якія як мага менш балбочуць.
Камэнтуе Тацяна Процька:
“У свой час Сталін вельмі трапна выказаўся: кадры вырашаюць усё! Але ў дачыненьні да спэцслужбаў гэта не зусім так. Бо з аднаго боку іх дзейнасьць дапушчальнай толькі ў межах выконваньня загаду. І вельмі часта менавіта загад вырашае ўсё. А з другога боку, людзі, якія працуюць на спэцслужбы, у пераважнай большасьці адчуваюць сябе вышэй за мараль, вышэй за закон. Урэшце рэшта адчуваюць сябе звышлюдзямі. І гэта, мне падаецца, самае небясьпечнае. Бо мы ўсе тады для іх толькі сьмецьце, якое трэба прыбіраць. Тое асабліва заўважна па пэрыфэрыйных кадрах. Так што ня ўсё добра з кадрамі ў спэцслужбах”.
“Нашыя спэцслужбы – працяг СССР, у іх аджылыя традыцыі, старое мысьленьне”
Паводле нацыянальнага апытаньня зарэгістраванай у Літве сацыялягічнай установы НІСЭПІ, 41 працэнт беларусаў давяраюць КДБ, не давяраюць –40. Адносна міліцыі дадзеныя наступныя: маюць давер 44 працэнты, ня маюць – 43. Гэтыя дадзеныя за сьнежань 2007 году нам паведаміў адзін з кіраўнікоў інстытуту Аляксандар Сасноў. А як ставяцца да спэцслужбаў простыя грамадзяне сёньня? Апытаньне на гэтую тэму мы правялі на гарадзенскіх вуліцах
Карэспандэнт: “Што вы ведаеце, што чулі пра спэцслужбы? Болей можна даведацца пра беларускія ці, напрыклад, пра амэрыканскія, якія часта ў кіно паказваюць?”
Малады спадар: “Так, па тэлевізары – пра амэрыканскія, пра беларускія нічога ня чулі, нічога ня ведаем. Пра іх толькі ходзяць чуткі, што праслухоўваюцца мабільныя тэлефоны, што яны іх праслухоўваюць”.
Карэспандэнт: “Калі вы чуеце слова “спэцслужбы”, якія ў вас узьнікаюць думкі?”
Малады спадар: “Пачакайце, я акуляры надзену”.
Карэспандэнт: “А, Вы, значыцца, вяртаеце цёмныя акуляра адразу назад пры слове “спэцслужбы”? Але вы з усьмешкай сказалі гэта. Дык што ж першым прыходзіць на думку, калі вы чуеце пра спэцслужбы?”
Малады спадар: “Небясьпека нейкая, што трэба быць уважлівым. І гледзячы дзе яшчэ пытаюцца: калі ў сяброўскім коле, то там гэта ўспрымаецца як жарт. А калі чую ад людзей, якія старэйшыя, то насьцярожанасьць узьнікае вельмі хутка”.
Карэспандэнт: “А чаго людзі баяцца, калі чуюць гэтае слова?”
Малады спадар: “Невядомасьці. Таму што калі я зь імі не сутыкаўся, то часта чуў, што ўзьнікае шмат спрэчных сытуацый, ад невядомасьці ўзьнікае пачуцьцё страху”.
Карэспандэнт: “А пра якія спэцслужбы вы чулі?”
Сяброўка маладога спадара: “Пра КДБ у асноўным. Увогуле я іх не баюся, бо не сутыкалася. А каб сутыкнулася, то баялася б, бо ня ведаю як яны дзейнічаюць”.
Спадарыня: “Якое слова?”
Карэспандэнт: “Спэцслужбы”.
Спадарыня: “Ну, канечне, нэгатыўнае нешта ўзьнікае адразу, вобраз, так. “Праслушкі” паўсюль, перасьлед, 37-ы год. Ну, можа быць, я няправільна разумею гэтае слова, але ў мяне асацыяцыі такія”.
Карэспандэнт: “Карацей, адразу ўзьнікаюць згадкі з гісторыі, асацыяцыі з адмоўнымі гістарычнымі падзеямі?”
Спадарыня: “Так, напэўна”.
Яе муж: “У нас ёсьць знаёмы ў спэцслужбах…”
Спадарыня (з усьмешкай): “Таму мы ня будзем іх “здаваць”.
Муж: “Мы трошку знаёмыя зь іх дзейнасьцю, яны самі разумеюць, што яны робяць. Дзеля бясьпекі яны абавязаныя гэта рабіць”.
Спадарыня: “Самае цікавае, што іх прафэсія не наклала на іх адбітак: абсалютна нармальныя ў побыце і ніколі ня скажаш, што яны там працуюць. На кожным рагу яны гэтага не афішуюць, канечне. У форме яны ня ходзяць, а адзін зь іх падпалкоўнік”.
Малады спадар: “Спэцслужбы? У асноўным яны абараняюць дзяржаву, і ім глыбока бяз розьніцы — ад каго абараняць: ад зьнешніх ворагаў, ці ад унутраных”.
Карэспандэнт: “А ўнутраныя — гэта хто?”
Малады спадар: “Тыя людзі, ці тая грамада, якая на думку ўладатрымальнікаў не падтрымлівае дзяржаўную палітыку”.
Іншы спадар: “Калі нейкая структура павінна абараняць чалавека ад зьнешніх ворагаў, ад крымінальных элемэнтаў, а насамрэч яна зьбірае кампрамат на людзей, ці болей за тое — палохае ці падстройвае што-колечы, то якія могуць быць асацыяцыі? Толькі нэгатыўныя”.
Спадар: “Узьнікаюць як у былым СССР — такія ж думкі: гэта такая ж “заштораная” арганізацыя, за заслону якой не зазірне шараговы падаткаплатнік”.
Карэспандэнт: “А якія пачуцьці ўзьнікаюць?”
Спадар: “Страх застаўся. Усё роўня ня сталі яны народнымі. Як я магу ацаніць іх: калі нідзе ня пішуць, нідзе не гавораць пра іх дзейнасьць?”
Карэспандэнт: “А вось днямі пісалі, што яны змагаюцца з наркагандлем і тысячу таблетак нейкіх наркатычных сканфіскавалі ў горадзе…”
Спадар: “Дай Бог, дай Бог, каб толькі з народам сваім не змагаліся”.
Сталы спадар: “У кожнай дзяржаве патрэбны спэцслужбы. Але такія службы, як засталіся пасьля Савецкага Саюзу, не патрэбныя. Гэта ўжо старыя аджылыя традыцыі, старое мысьленьне. Засталося і КДБ, і міліцыя. Гляньце: колькі ў Горадні міліцыі — жах! А толк які? Толькі каб перасьледаваць, забараняць”.
Карэспандэнт: “А Вы не баіцеся спэцслужбаў?”
Сталы спадар: “А чаго мне баяцца? Мне ўжо семдзесят тры гады, што яны мне зробяць? (Са сьмехам) — Не баюся”.
“Заклікаю ня мець ніякіх кантактаў зь “людзўьмі ў цывільным”…
Калі табе 73, сапраўды, баяцца хіба што ўжо ня варта… Зь іншага боку толькі што ў Чылі пачаўся працэс над дзясяткамі агентаў піначэтаўскіх спэцслужбаў, якіх вінавацяць у злачынствах, зьдзейсьненых падчас ваеннай хунты. Шмат каму з тых людзей якраз каля сямідзесяці. Аднак у Беларусі цяперашнія спэцслужбы зараз, як кажуць, на кані. Прычым апошнім часам практычна з усіх рэгіёнаў ідзе інфармацыя пра актыўныя спробы вярбоўкі і запалохваньня – у асноўным чэкістаў цікавяць апазыцыянэры. Як трымаць сябе ў такой сытуацыі?
Асаблівую ўвагу спэцслужбаў маладыя апазыцыянэры зьведалі на сабе пасьля масавых акцыяў пратэсту ў 2006 годзе. Многія студэнты, якія навучаюцца за мяжой па праграме Каліноўскага, мелі размовы з прадстаўнікамі КДБ, у тым ліку і з прапановамі супрацоўніцтва. Адзін зь іх, Уладзіслаў Міхайлаў, заявіў, што зьяўляўся такім супрацоўнікам, аб чым шкадуе. Але неўзабаве ён выступіў па БТ з абвінавачаньнямі на адрас апазыцыйных палітыкаў і кіраўнікоў праграмы навучаньня. Пра іншы прыклад – няўдалай вярбоўкі – паведамляе былы палітзьняволены, адзін зь лідэраў Маладога фронту Артур Фінькевіч:
“Падчас майго знаходжаньня на “хіміі”, калі стала зразумела, што мяне перавядуць у сьледчую турму і будзе распачатая новая крымінальная справа, да мяне падыходзілі супрацоўнікі КДБ і прапаноўвалі ісьці на кантакт і супрацоўніцтва. Яны казалі так, што ты паедзеш на “зону” і там мы цябе паламаем, разламаем, і ты выйдзеш адтуль на інваліднай калясцы гадоў праз дзесяць. Бо там, у калёніі, “раскруціць” чалавека на новы крымінальны тэрмін – дзьве сэкунды. Малявалі таксама пэрспэктывы, што, маўляў, ты выйдзеш, і мы дапаможам табе, да прыкладу, стварыць свой бізнэс, прасунуцца па кар’ернай лесьвіцы, дапаможам стаць дэпутатам, здымем судзімасьць і гэтак далей. Я заклікаю ўсіх грамадзкіх, палітычных актывістаў ня мець ніякіх кантактаў і размоў з супрацоўнікамі спэцслужбаў”.
Некалькі гадоў таму моладзевыя актывісты грамадзка-палітычнага руху краіны правялі ў Менску акцыю пратэсту супраць запужваньня, вярбоўкі і шантажу беларускай моладзі Камітэтам дзяржбясьпекі. Яны стаялі перад будынкам КДБ з партрэтамі свайго таварыша ў руках Андрэя Зайцава з Гомеля, які скончыў жыцьцё самагубствам ў выніку кантактаў з КДБ. Што чалавек павінны ведаць і як паводзіцца ў такой сытуацыі, гаворыць кіраўнік грамадзкай арганізацыі Беларускі Хэльсынскі камітэт Алег Гулак:
“Любое супрацоўніцтва – справа добраахвотная. І спэцслужбы ня маюць права прымушаць чалавека, як бы гэта ні выглядала: запалохваць, шантажыраваць, некім чынам узьдзейнічаць на чалавека, каб прымусіць яго супрацоўнічаць. Тут, канечне, ёсьць складаны момант, як супрацьстаяць такому незаконнаму ўціску. Яны ж не проста запалохваюць. Яны знаходзяць у чалавека слабыя моманты, каб чалавека можна было рэальна прыціснуць. У нашых умовах, калі прававая сыстэма не зьяўляецца незалежнай, то галоўным сродкам барацьбы з незаконным дзеяньнем спэцслужбаў зьяўляецца галоснасьць. Можна зьвяртацца ў СМІ і распаўсюджваць гэтыя зьвесткі. І пасьля гэтага, звычайна, прапановаў аб супрацоўніцтве больш не паступае. Можна проста зьвярнуцца да кіраўніцтва таго ж КДБ, да прыкладу, альбо пракуратуру і расьпісаць гэтыя вось факты незаконнага ціску. Іншага спосабу барацьбы, у прынцыпе, няма. Самае дрэннае – гэта паспрабаваць гуляцца з гэтымі ворганамі. Бо перагуляць іх наўрад ці ўдасца – гэта ўсё ж-такі сыстэма, людзі адмыслова падрыхтаваныя. І яны могуць скарыстаць самы ня зручны для вас момант, калі будзе ўжо не да гульні, а будуць толькі кепскія наступствы. Лепш за ўсё на самым пачатку даваць зразумець што такое супрацоўніцтва з вамі не магчымае, таму яны і ня будуць спрабаваць гэта працягнуць”.
Камэнтуе Тацяна Процька:
Хачу падкрэсьліць: са спэцслужбамі можна пасьпяхова змагацца толькі абапіраючыся на закон. Іншых сродкаў няма нідзе ў сьвеце. Мы не павінны мірыцца з парушэньнямі заканадаўства. І гэта не ад маёй наіўнасьці ці ўзросту, як каму-небудзь падалося… пакуль мы не прывучымся адчуваць сілу закону, абапірацца на яго, нас будуць зьневажаць нягледзячы ні на прафэсійныя заслугі, ні на любыя, нават высокія пасады. Прававы нігілізм, характэрны для беларускага грамадзтва, гэта тая глеба, на якой растуць розныя злачынствы. У тым ліку і злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі з боку спэцслужбаў.
Яны жадаюць адрадзіць страх, бо калі ён ёсьць у людзях, тады можна ўсё. Асабліва тым, хто пры ўладзе, а спэцслужбы – яе органы. Напалоханыя, баязьлівыя людзі ня будуць адстойваць свае правы, наадварот, яны пачнуць больш-менш спакойна назіраць за парушэньнем закону.
Таму – ня бойцеся іх! Памятайце, яны падпарадкоўваюцца закону, які абараняе нас ад чэкісцкай уседазволенасьці.
***
Грамадзкі рэдактар тыдня Тацяна Процька нарадзілася ў Менску. Скончыла Белдзяржунівэрсытэт, асьпірантуру Інстытуту філязофіі і права НАН Беларусі. Кандыдат філязофскіх навук. Працавала на катэдры фізыкі паўправаднікоў, выкладчыцай на катэдры ядзернай фізыкі БДУ. Пазьней – старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Акадэміі навук. Рэдактар радыёчасопісу “Наша мінуўшчына”, палітычны камэнтатар на Беларускім радыё.

У 1995 годзе ўзначаліла Беларускі Хэльсынскі камітэт. Сёлета ў траўні абвясьціла пра сыход з кіраўніцтва БХК.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG