Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Агляд тэлефанаваньняў за пятніцу, 30 траўня.


31 траўня незалежнае выданьне “Газета Слонімская” высяляюць з памяшканьня. 25 чэрвеня ў газэты заканчваецца ліцэнзія на раздробны гандаль.

СМС-паведамленьне ад Цімоха з Чавускага раёну: “У нумары 21 “Аргументов и фактов” у нататцы Міхаіла Вэлера ўтрымліваецца прамы заклік да анэксіі Беларусі Расеяй. Газэта надрукаваная ў “Беларускім доме друку”. Ніхто не парэзаў наклад, ніхто не падаў у суд за парушэньне Канстытуцыі Беларусі, ніхто не забараніў распаўсюд “АиФ” праз пошту. А цяпер узгадаем лёс “Газэты Слонімскай, “Народнай волі” і іншых. Вось яно — двурушніцтва ўлады. На каго нашая ўлада працуе, на Расею?”

Днямі КДБ Беларусі абвінаваціў грамадзяніна ЗША адваката Эмануіла Зэльцэра за кантрабанду наркотыкаў. Спачатку спадара Зэльцэра западозрылі ў выкарыстаньні падробных дакумэнтаў і затрымалі ў аэрапорце “Менск-2” 12 сакавіка. Адвакат цяжка хворы. ЗША не аднойчы заклікалі ўлады Беларусі вызваліць Э.Зэльцэра паводле “меркаваньняў гуманнасьці”. Водгук нашага слухача:

Зіноўеў: “Я думаю, што КДБ зрабіла Зэльцэра закладнікам беларуска-амэрыканскага крызісу і чакае рэакцыі ЗША”.

Слухачы “Свабоды” працягваюць камэнтаваць намер Міністэрства адукацыі зьмяніць школьную праграму, а менавіта — аб’яднаць два прадметы: “Усясьветная гісторыя” і “Гісторыя Беларусі”.

Спадар Валеры: “Чаму мы не шануем памяць сваіх землякоў? Напрыклад, у Менску стаўленьне да помнікаў сьвінскае — няма ў горадзе Кастусёў: Астроскага ды Каліноўскага. Затое добра стаяць Ленін ды Калінін. А некалі, усе павінны ведаць, пад Воршай 30 тысяч ваяроў-беларусаў князя Астроскага ўшчэнт зьнішчылі 80 тысяч стральцоў войска цара маскоўскага”.

Спадар Віктар: “У вас выступаюць гісторыкі, філёзафы. Няхай яны патлумачаць (бо я не магу зразумець, не хапае ведаў): што мы атрымліваем, калі мы не вывучаем гісторыю і геаграфію мясцовасьці, у якой нарадзіліся і жывем? У першую чаргу, навошта ведаць, што ў Расеі ці Афрыцы, а ня ведаць, што ёсьць і было ў нас? Што, тут не было жыхароў?! Не існавала мясцовасьці?! Калі ён, скончыўшы ня вельмі прэстыжную навучальную ўстанову, а пасьля заканчэньня ня здолеўшы выкладаць гісторыю дзецям, не разумее гэтага, патлумачце па радыё, навошта ведаць сваіх продкаў, маці, тату, гісторыю і геаграфію менавіта той мясцовасьці, дзе пражываеш”.

Апошняе тэлефанаваньне камэнтуе філёзаф і культуроляг Валянцін Акудовіч:

“Мы ня маем нацыі, бо нацыя ня можа паўставаць на чымсьці, апроч як перадусім на ведах пра сваю гістарычную спадчыну. Выключэньне нацыянальнай гісторыі з масавай сьвядомасьці — гэта амаль злачынства. І тут я не перабольшваю. Нас адсякаюць ад усяго, што было тут, на гэтай зямлі. Робяць не зусім паўнавартаснымі людзьмі. Той, хто ня ведае, адкуль ягоны род, ён ня ведае сябе цалкам, ведае толькі часткова”.

У сьвеце працягваецца рост цэнаў на нафту. 29 траўня гэта было “тэмаю дня” Радыё Свабода. Эканаміст Яраслаў Раманчук прагназуе, што цэны на бэнзін у Беларусі павысяцца на 15—20%, бо Беларусь купляе нафту ў Расеі. Дамо слова нашай слухачцы:

Спадарыня: “Ведаеце, кажуць, што падаражэла паліва. А пра прадукты? Немагчыма нічога накупіцца. Не хапае грошай. Хутка есьці наагул немагчыма будзе купіць. Вось галоўнае. А паліва, машына — гэта раскоша. Калі ўжо гэтаму канец будзе?..”

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG