Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эфір 31 траўня 2008 году

На мінулым тыдні адбыліся чарговыя суды ў так званай “справе 14-ці”. Яшчэ трое ўдзельнікаў студзеньскіх і лютаўскіх масавых пратэстаў прадпрымальнікаў, як і іхныя папярэднікі, пакараныя абмежаваньнем волі.

Пачну сёньняшнюю размову зь ліста на гэтую тэму, дасланага Аляксандрам Івановічам зь Менску. Разважаючы пра вынікі судоў над актывістамі і ўдзельнікамі прадпрымальніцкага руху, слухач піша:

“Цікава атрымліваецца: за адны і тыя ж дзеяньні адных сурова караюць, а другіх — не чапаюць. Памятаеце, рабочыя завода “Мотавела” таксама былі незадаволеныя заробкамі і ўмовамі працы. І яны таксама выйшлі на вуліцу і перагарадзілі Партызанскі праспэкт. І што? Рэжым не палічыў гэта масавымі беспарадкамі.

Рабочыя МТЗ у свой час перагароджвалі Даўгабродзкую вуліцу, спынялі рух трамваяў ды аўтамабіляў. І іх таксама не абвінавачвалі ў несанкцыянаваным мітынгу і не судзілі. Чаму? Ці не таму, што рэжым баіцца рабочых? І ніхто з улады не абзывае іх “вашывымі блохамі”.

А з прадпрымальнікамі, атрымліваецца, можна рабіць, што захочацца рэжыму? Рабочыя дзяржпрадпрыемстваў могуць дабівацца сваіх правоў дзе заўгодна і як заўгодна. А работнікам прыватных фірмаў і прадпрыемстваў рабіць гэтак не належыць?

Лічу, што ўсіх людзей, якія пацярпелі падчас акцыяў пратэсту, трэба лічыць палітычна пацярпелымі. Усіх, а ня толькі тых трох, каго называе Радыё Свабода (Казуліна, Парсюкевіча і Кіма). Да іх трэба дадаць прынамсі тых 14 чалавек, якіх асудзілі за ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў”, —

— гэтак лічыць Аляксандар Івановіч зь Менску.

Аляксандар Казулін, Андрэй Кім і Сяргей Парсюкевіч за сваю палітычную і грамадзкую дзейнасьць асуджаныя да турэмнага пакараньня, таму і абвешчаныя палітычнымі вязьнямі. Іншыя актывісты і ўдзельнікі масавых акцыяў апазыцыі, у тым ліку тыя, што праходзілі па “справе 14-ці”, таксама пакараныя, але засталіся на волі. І абвяшчаць іх палітзьняволенымі не выпадае, спадар Івановіч.

Што да Вашага сьцьвярджэньня пра тое, што рабочыя дзяржаўных прадпрыемстваў нібыта вольныя выбіраць любыя віды пратэсту. Насамрэч усё значна больш складана. У большасьці рабочых калектываў няма незалежных прафсаюзаў, і работнікі, залежныя ад кантракту, у любы момант могуць страціць працу. Як толькі ў рабочым асяродзьдзі зьяўляецца актывіст, гатовы арганізаваць акцыю пратэсту, ад яго любымі спосабамі пазбаўляюцца. Улада баіцца масавасьці, а з адзіночкамі яна здольная вельмі хутка расквітацца.

Аўтар наступнага ліста Міхась Гарсьцік з Баранавічаў разважае пра настроі ў асяродзьдзі беларускіх пэнсіянэраў — пасьля таго як дзяржава спачатку адабрала ў іх сацыяльныя льготы, а потым частку адабранага вярнула. Слухач піша:

“9 траўня ўбачыў вэтэрана гадоў васьмідзесяці, які, вяртаючыся са сьвяточнага мітынгу, нёс вялізны партрэт Сталіна. Я не ўтрымаўся, кажу: “Чаму гэта ты дагэтуль цалуеш гэтага нелюдзя? Ня ведаеш, колькі людзей ён загубіў?” А стары мне ў адказ: “Маю сям’ю гэта не зачапіла...”

А як паводзяць сябе іншыя пэнсіянэры? Усьлед за сваім сёньняшнім кумірам як толькі не праклінаюць Станіслава Шушкевіча. А між тым у часы Шушкевіча ўсе пэнсіянэры езьдзілі ў грамадзкім транспарце бясплатна. Гэта было звычайнай зьявай таго часу. І ніхто не цалаваў за гэта рукі Станіславу Станіслававічу. А цяпер пэнсіянэры гатовы цалаваць рукі Лукашэнку за тое, што, спачатку адабраўшы льготы, ён потым вярнуў 50-працэнтную зьніжку на праезд у прыгарадным транспарце. І не на ўвесь год, а толькі на сэзон лецішчаў. Вялікая ласка, нічога ня скажаш. Людзі забываюць пра тое, што пры Шушкевічу сацыяльныя пытаньні вырашаліся куды лепш.

Шафёры-дальнабойшчыкі, зь якімі давялося размаўляць, распавялі, што ў расейскім Піцеры пэнсіянэры ў пэўныя дні могуць схадзіць у лазьню па квітках, якія ў дзесяць разоў таньнейшыя, чым звычайна. А ў нас? Льготаў ня маюць нават інваліды. А ўсё гэта было, калі кіраваў Шушкевіч.

Але што казаць, калі карыстаемся тым, што заслужылі...” —

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Міхась Гарсьцік з Баранавічаў.

Станіслаў Шушкевіч займаў высокую дзяржаўную пасаду ў той час, калі распадаўся Савецкі Саюз і ўся яго эканамічная сыстэма. Для многіх людзей успаміны пра тагачасны глыбокі эканамічны крызіс і ўсё, што гэтаму спадарожнічала, асацыююцца якраз зь імёнамі палітыкаў, што былі тады пры ўладзе ў Беларусі. Хоць у сапраўднасьці тагачасныя эканамічныя рэаліі вызначалі зусім не Шушкевіч і ня Кебіч. Крызіс, выкліканы крахам усёй плянавай сацыялістычнай эканомікі, быў непазьбежны.

Вы слухаеце праграму “Паштовая скрынка 111” — агляд лістоў на “Свабоду”. З вамі Валянцін Жданко.

Навіны зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну. Там выйшаў чарговы нумар напаўпадпольнай газэты “Дуброўскі настрой”, і наш даўні сябар Мікалай Бусел, знайшоўшы асобнік у сваёй паштовай скрыні, даслаў яго на “Свабоду”. Адна з нататак гэтага нумара — пра лёс вясковых старых (цытую):

“Каму пашанцавала мець каля сябе дзяцей, таго дагледзяць: і накормяць, і абмыюць. Вунь як Галя Зайцава прыглядзела сваю матку Марусю.

Трохі іншая гісторыя з Кацярынай Куплёнчыхай. Некалі баявая баба з гаваркім языком састарэла за апошнія пару гадоў і соўгалася, ледзь цягаючы ногі. Зь дзяцей дома застаўся нежанаты ненадзейны сын, які сам патрапіў у бальніцу. У дачкі ў Бабруйску старая з паганым характарам і старэчымі дзівосамі не ўжылася. Таму прывезьлі яе назад, і соўгалася яна па Дуброве ўсякая, накормленая з ласкі людзей. Людзі спачувалі старой, шкадавалі яе, але ва ўсіх — свае справы. Урэшце, пасмакаваўшы бяздомнага жыцьця, яна прыцішэла, і дачка забрала яе зноў.

Гэта гісторыя — зь ня надта паганым канцом. Але па сёлах жыве багата старых бацькоў, якім так трэба была б сямейная дапамога, а яе няма: усе ў горадзе. Аніякая сацыяльная служба не заменіць сына, дачку, унукаў... І як памрэ вясковец, зьяжджаюцца дзеці, унукі на хаўтуры — і зноў разьяжджаюцца, пакідаючы аднаго старога ці старую да чарговых хаўтураў. А неўзабаве ўлада прышле бульдозэр, каб і знаку не засталося ад селішча. Хіба мо крыж на могілках. Да людзкой катастрофы давяла вёску савецкая ўлада”, —

— такую выснову робіць аўтар заметкі ў напаўпадпольнай газэце, што выходзіць у вёсцы Дуброва Сьветлагорскага раёну.

Сапраўды, сотні і сотні тысяч людзей назіраюць на ўласныя вочы гібель уласнай малой радзімы. На працягу жыцьця аднаго пакаленьня беларусаў з геаграфічнай мапы зьнікаюць тысячы вёсак, пасёлкаў, хутароў. У маёй роднай вёсцы на Гродзеншчыне апошняе вясельле было дваццаць год таму. Апошняе пахаваньне — у мінулым месяцы. Ніводнай хаты, дзе гучалі б дзіцячыя галасы, у вёсцы не засталося...

Наш даўні сябар Ільля Копыл зь Менску параўноўвае, як рабочыя ў розных краінах змагаюцца за свае правы. У Заходняй Эўропе — пэрыядычныя страйкі, маніфэстацыі пратэсту, мітынгі. А што ў Беларусі? Ільля Копыл апісвае свае ўражаньні ад першатравеньскага дазволенага ўладамі мітынгу, які наладзілі левыя партыі. Слухач піша:

“Па пляцоўцы парку Дружбы народаў павольна шпацыравалі Калякін, Бухвостаў, Хадыка ды іншыя. На іх тварах адчуваўся сьвяточны ўздым, поўнае задавальненьне тым, што адбываецца ў краіне. Гэта — не дакор, а маё асабістае бачаньне.

На сцэну ўзышоў сакратар апазыцыйнай кампартыі Ўхналёў. Ня буду казаць за ўсіх, але я хацеў пачуць ад яго, што ў нас затратная эканоміка, што ў заняпадзе сельская гаспадарка, што нягодная сацыяльная палітыка: нізкія заробкі ды пэнсіі, растуць цэны. А ў дзяржаве між тым няма дэмакратыі, парушаецца канстытуцыя, не выконваюцца законы, грэблівае стаўленьне да правоў чалавека. Замест усяго гэтага Ўхналёў павіншаваў усіх са сьвятам і давёў плян сьвяткаваньня: шахматныя спаборніцтвы, падняцьце гіры, перацягваньне каната ды скокі ў мяшках. Мне стала сумна, і я пакінуў гэтае месца”,—

— паведаміў у сваім лісьце на “Свабоду” Ільля Копыл зь Менску.

Напэўна, спадар Копыл, гэтак жа, як вы, рабочую салідарнасьць уяўляюць і многія іншыя, бо мітынг, арганізаваны 1 траўня камуністамі, шматлюднасьцю не вызначаўся.

На заканчэньне — фрагмэнт зь ліста нашага даўняга сябра, настаўніка-пэнсіянэра Алеся Ляскоўскага зь вёскі Сугакі Ваўкавыскага раёну. Разважаючы пра духоўны стан грамадзтва, слухач піша:

“Яно нагадвае дрэва з выгнілай сарцавінай-дуплом, у якім вальготна пачуваецца ўсялякая чалавечая нечысьць — бязбожжа, нянавісьць, амаральнасьць, злосьць, хамства, крывадушнасьць... Пакуль мы гэтага не ўсьвядомім ды шчыра і глыбока не пакаемся — разьлічваць на лепшую долю не даводзіцца.

Адзінае спадзяваньне — на нашу патрыятычную моладзь, якая сьвядома ахвяруе сваім здароўем і нават жыцьцём дзеля лепшай будучыні Бацькаўшчыны.

На заканчэньне ліста прапаную ў скарбонку Радыё Свабода наступнае выслоўе, якое лічу актуальным:

“Беларус! Хто ты ёсьць? Ці баран, ці ты вол,
Што табе ад улад на ўсё трэба дазвол?” —

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Алесь Ляскоўскі зь вёскі Сугакі Ваўкавыскага раёну.

Дзякуй, спадар Ляскоўскі, вам і ўсім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG