Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Многія беларускія дактары зьяжджаюць у Маскву»


Васіль Аўраменка

Васіль Аўраменка

29 траўня Аляксандар Лукашэнка наведаў менскі гарадзкі клінічны шпіталь хуткай дапамогі і заявіў, што мадэрнізацыя ўсіх лячэбных установаў будзе завершаная ў гэтай пяцігодцы. Ці дастаткова рэсурсаў выдаткоўваецца сёньня на мэдыцыну, колькі зарабляюць беларускія мэдыкі? Якія галоўныя праблемы стаяць цяпер перад сыстэмай аховы здароўя? На гэтыя пытаньні адказвае доктар-нэўроляг бальніцы хуткай мэдычнай дапамогі ў Магілёве Васіль Аўраменка.


Цыганкоў: “Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што сёньня на ахову здароўя выдаткоўваецца вялікая колькасьць сродкаў. Ці мэдыкі задаволеныя фінансаваньнем мэдыцыны? Як гэтыя аб’ёмы можна параўнаць з іншымі краінамі?”

Аўраменка: “У краінах Эўропы на ахову здароўя ідзе ад 10 да 14 працэнтаў. У нас гэтая лічба апошнія гады спынілася на 4 працэнтах. Дарэчы, раней яна была большая -- былі гады, калі было і 5 і 6 працэнтаў ішло на мэдыцыну. Так што тут Беларусі хваліцца няма перад кім. Адпаведна і няма ў мэдыцыне такой сфэры і спэцыяльнасьці, дзе ўсе былі б задаволеныя і сказалі – так, у нас усяго хапае”.

Цыганкоў: “У эўрапейскіх краінах, тым больш у ЗША, а цяпер ужо і ў Расеі дактары ёсьць прывілеяванай прафэсіяй, яны вельмі шмат зарабляюць. Колькі зарабляюць беларускія дактары?”

Аўраменка: “Статыстыка паказвае, што беларускія дактары зарабляюць цяпер каля 400 даляраў – не нашмат вышэй за сярэдні ўзровень заробку па краіне. У Маскве цяпер прапаноўваюць нашым лекарам заробкі большыя ў 5-6 разоў, і дарэчы, многія беларускія дактары туды ўжо зьехалі – на жаль, гэта такая мода апошніх гадоў. Так што ў Беларусі грошы ў параўнаньні з суседнімі краінамі зусім невялікія”.

Цыганкоў: “Калі бы вы былі міністрам аховы здароўя, ці прынамсі, тым чалавекам, які вырашае, куды разьмеркаваць дзяржаўныя рэсурсы – куды б вы іх накіравалі ў першую чаргу? Які праблемы ў сёньняшняй беларускай мэдыцыне самыя балючыя?”

Аўраменка: “Я б найперш большы працэнт сродкаў выдаткоўваў на ніжэйшае зьвяно, у рэгіёны – там, зьнізу, лепш відаць усе слабыя месцы. Але кардынальна праблема ў іншым.

Незадаволенасьць мэдыцынай сёньня ёсьць з двух бакоў. Па-першае, пацыенты, іхнія патрабаваньні растуць і працаваць зь ім усё больш складана. Ранейшага кантакту паміж доктарам і пацыентам цяпер няма. Але лекары таксама незадаволеныя – найперш заробкам, але ня толькі гэтым. На іх ціснуць зьверху, патрабуюць паказьнікаў, скарачэньня койка-дзён і гэтак далей. Створаная вельмі напружаная і нэрвовая атмасфэра.

Выйсьце мне бачыцца ва ўвядзеньне элемэнтаў эканамічных адносінаў у нашу мэдыцыну. Гэта можа адбыцца толькі праз увядзеньне страхавой мэдыцыны. Ёсьць шмат усялякіх сыстэм, якую зь іх абраць – гэта варта вырашаць, але частку з тых сродкаў, якія сёньня выдаткоўваюцца, як накіраваў на падрыхтоўку пераходу да страхавой мэдыцыны”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG