Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пойдзе “Мінская спадчына” на дыялёг з Астаповічам?


Пры канцы красавіка набыў моц указ Аляксандра Лукашэнкі пра радыкальную зьмену ўмоваў арэнднай платы для грамадзкіх арганізацый, якія не займаюцца камэрцыйнай дзейнасьцю.


10-разовае падвышэньне прывяло да таго, што арэндадаўцы тэрмінова пачалі пераглядаць умовы пагадненьняў з патэнцыйна “неплатаздольнымі” кліентамі”. Адной зь першых ахвяраў стала Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. На патрабаваньне прадпрыемства “Мінская спадчына” апячатаны офіс Таварыства на вуліцы Старажоўская, 5 у Траецкім прадмесьці Менску – ад арандатараў патрабуюць аплаты паводле наноў падпісанай дамове. Ці ёсьць верагоднасьць разьвязаньня спрэчкі?

Пікантнасьць сытуацыі палягае ў тым, што офіс Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры ў Траецкім прадмесьці месьціцца ў будынку, які, паводле старшыні таварыства Антона Астаповіча, яшчэ за савецкім часам на 60% пабудаваны на сродкі арганізацыі. Але ў 2004-м ён перададзены на балянс структурнага падразьдзяленьня Менгарвыканкаму – рамонтна-рэстаўрацыйнага прадпрыемства “Мінская спадчына”. Таварыства з саўладальніка будынку перайшло ў шэраг арандатараў. У тым, што такое здарылася, спадар Астаповіч у немалой ступені вінаваціць сваіх папярэднікаў.

Пры якіх умовах Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры можа вярнуцца на сваё законнае месца? Учора ўвечары намесьнік дырэктара прадпрыемства “Мінская спадчына” Дзьмітрый Яноўскі патлумачыў:

“Толькі на ўмовах арэнды, на жаль. Такое заканадаўства. Пакуль жа яны нічога не аплачваюць. Як толькі аплата пойдзе, тады ня будзе ніякіх пытаньняў. Што да заяваў кіраўніцтва таварыства наконт фінансавых укладаньняў?.. Рашэньнем Менгарвыканкаму ўсё было перададзена “Менскай спадчыне”. Што яны рабілі дагэтуль, шчыра кажучы, цяжка сказаць і складана пацьвердзіць. Мы ацанілі будынак і абавязаныя здаваць у арэнду згодна з патрабаваньнямі заканадаўства... А перамовы будуць. Тым больш, сёньня на Беларускім тэлебачаньні былі здымкі пра гістарычны цэнтар Менску. У тым ліку Астаповіч таксама там браў удзел. Таму, магчыма, удасца ім з нашым кіраўніцтвам яшчэ дадаткова перамовіцца”.

Антон Астаповіч у інтэрвію Радыё Свабода расказаў, што таварыства рыхтуе дакумэнты ў Менскі гаспадарчы суд. Сярод патрабаваньняў – кампэнсацыя гарадзкімі ўладамі фінансава-долевага ўдзелу ўва ўзьвядзеньні будынку. Аднак, пасьля згаданых прадстаўніком “Мінскай спадчыны” тэлездымкаў, спадар Астаповіч усё ж не выключае і дыпляматычнага разьвязаньня канфлікту:

“Офіс па-ранейшаму апячатаны. Але мы працуем. Шчыра кажучы, я зусім выпадкова падчас запісу ток-шоў на тэлебачаньні сустрэўся зь іх дырэктарам Паўлам Шыкунцом. Мы, натуральна, і надалей будзем спрабаваць працаваць па сваіх каналах, але ж у гэтым зьвязку не адкідаю магчымасьці і дыпляматычнага вырашэньня пытаньня, бо ён запрасіў мяне на наступны тыдзень да яго падыйсьці і яшчэ раз абмеркаваць усе гэтыя арэндныя справы”.

Карэспандэнт: “Увогуле фінансавы ўнёсак таварыства ў сам будынак быў значны?”

“Так-так. І я не выключаю, што можа з гэтым усё і зьвязана...”

У выпадку, калі бакі не да чаго не дамовяцца, спадар Астаповіч пакідае за сабой права на пачатак судовага разьбіраньня. Між тым ён канстатуе: Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры будзе працягваць сваю дзейнасьць нават у выпадку пазбаўленьня офісу і, як магчымы вынік, – афіцыйнай рэгістрацыі. Бо захады з арэндай ён расцэньвае як спробу зьліквідаваць арганізацыю, якая займае адназначную нэгатыўную пазыцыю ў пытаньнях татальнага зьнішчэньні гістарычнай спадчыны па ўсёй краіне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG