Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Курапатах ушанавалі памяць расстраляных <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Ва ўрочышчы Курапаты сёньня ўшанавалі памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.


А 6-й вечара там сабраліся каля двух дзясяткаў чалавек. Сярод іх былі прадстаўнікі сэкцыі “Мэмарыял” Таварыства аховы помнікаў і гістарычнай спадчыны, а таксама грамадзкія актывісты.

Людзі спачатку паклалі кветкі каля крыжоў, а потым сабраліся на ўзвышшы каля помніка ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў. Пісьменьнік Васіль Якавенка пачаў мітынг:

“Вельмі важна тое, што наша грамадзкасьць не забывае пра Курапаты, пра Катынь, пра сотні іншых такіх месцаў ня толькі ў нашай рэспубліцы. Тое, што мы запальваем сьвечкі і ўскладаем кветкі, недзе адгукнецца. Няхай нас не пачуюць тыя, што тут ляжаць, але гэта патрэбня ня толькі нам, але нашым дзецям, нашай дзяржаве, нашай нацыі”.

Пачынаючы ад студзеня 2007 году 29 дня кожнага месяца людзі запальваюць сьвечкі і ўскладаюць кветкі на месцах масавых расстрэлаў людзей. Такія акцыі адбываліся ня толькі ў Курапатах, але і ў парку Чалюскінцаў, у Лошыцы, а таксама ў Менскай вобласьці.

Гаворыць Вячаслаў Сіўчык:

“3 чэрвеня наша сэкцыя будзе праводзіць акцыю, бо 3 чэрвеня ў 1988 годзе ў газэце “ЛіМ” быў надрукаваны артыкул Шмагалёва й Пазьняка “Дарога на Курапаты”. Гэта стала сыгналам у найноўшай гісторыі Беларусі і для барацьбы для праўды пра Курапаты і сталінскія рэпрэсіі, і для стварэньня беларускага руху”.

Намесьнік старшыні “Мэмарыялу” Ўладзімер Раманоўскі паведаміў “Свабодзе”:

“Акцыі будуць працягвацца да лістапада як мінімум, бо менавіта гэтым перыядам ад восені 1937 па лістапад 1938 быў тунэль сьмерці, пра які напісаў Маракоў, калі зьнішчалі людзей да 150 чалавек штодня”.

Актывіст незарэгістраванай арганізацыі “Бунт” Антон Койпіш таксама выступіў перад прысутнымі:

“Беларусь, на жаль, паставіла вельмі сумны рэкорд у ХХ стагодзьдзі. Нас колькасьць не павялічылася, а паменшылася. Гэта наша вялікая трагедыя і мы не павінны на яе забывацца”.

Адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў казаў, што ня першы раз удзельнічае ў мерапрыемстве:

“Я, напрыклад, ня ведаю дагэтуль што адбылося з маім дзедам па маці і з бабуляй, якія былі рэпрэсаваныя і расстраляныя. Маю маці выхоўвалі родныя цёткі. Я ведаю толькі, што яны былі рэпрэсаваныя ў 1938 годзе”.

Зь дзясятак міліцыянтаў назіралі за тым, што адбываецца. Яны стаялі за некалькі мэтраў ад грамады і не рабілі заўваг з прычыны несанкцыянаванага сходу.

Вячаслаў Сіўчык заклікаў усіх сабрацца ў Курапатах 3 чэрвеня а 7-й вечара.
XS
SM
MD
LG