Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Курапатах запалілі сьвечкі ў памяць ахвяраў


Ва ўрочышчы Курапаты адбылася жалобная акцыя ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, прымеркаваная да 20-ай гадавіны адкрыцьця праўды пра расстрэлы ў Курапатах.


Сёньня ў мэмарыяльны комплекс Курапаты прыйшлі каля 20 чалавек. Сярод іх – Вячаслаў Сіўчык, а таксама сябры Грамадзкай ініцыятывы дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій і актывісты мэмарыяльнай сэкцыі Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Яны запалілі сьвечкі, каб ушанаваць памяць людзей, якіх у часы сталінскіх рэпрэсій расстралялі ва ўрочышчы. Ня ўсе прозьвішчы людзей, якія тут ляжаць, вядомыя на сёньняшні дзень.

Гэтую акцыю прадстаўнікі грамадзкасьці і актывісты моладзевых структур праводзяць штомесяц 29 чысла пачынаючы ад студзеня 2007 году. Акцыя праводзіцца ня толькі ў Курапатах, але на месцах расстрэлаў людзей у парку Чалюскінцаў, у Лошыцы і яшчэ ў некалькіх месцах Менскай вобласьці.

Да 20-ай гадавіны адкрыцьця праўды пра Курапаты Радыё Свабода праводзіць фотаконкурс “Мае фота – мае Курапаты”. Грамадзкі рэдактар праекту адкрывальнік Курапатаў Зянон Пазьняк. У суботу на нашым сайце svaboda.org – вынікі пятага, заключнага туру фотаконкурсу. А падвядзеньне вынікаў і ганараваньне пераможцаў адбудзецца 3 чэрвеня ва аўторак у Курапатах. Пачатак у 17.30. Пераможцы атрымаюць кнігі Зянона Пазьняка і прызы ад Радыё Свабода – фотаапараты, прыёмнікі і флэшкі Радыё Свабода. Ганараваць пераможцаў будзе каардынатар фотаконкурсу Ганна Соўсь, якая атрымала прэмію Беларускага ПЭН-цэнтру імя Алеся Адамовіча за цыкль рэпартажаў з урочышча Курапаты зь верасьня 2001 па чэрвень 2002 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG