Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падрыхтоўкай уладамі кампрамату на апазыцыю напярэдадні восеньскіх выбараў у парлямэнт назваў кіраўнік Берасьцейскай абласной філіі партыі БНФ Зьміцер Шыманскі інцыдэнт, які адбыўся зь ім 28 траўня ў Менску.

Актывіста затрымалі супрацоўнікі КДБ. Іх зьяўленьне сярод дня на пустой вуліцы нагадала Зьмітру Шыманскаму дэтэктыў:

“Хвілін 10 стаяў я на адным месцы, досыць бязьлюдным, і чакаў таксі. І раптам невядома адкуль выскачылі гэтыя людзі. Безумоўна, яны за мной сачылі”.

Супрацоўнікі КДБ адвезьлі Зьмітра Шыманскага ў Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю, дзе ў яго забралі дзьве банкаўскія карткі і 1700 даляраў. Сьледчы на месцы пастанавіў накіраваць іх на экспэртызу: “нібыта фальшывыя”. Таксама ў актывіста запатрабавалі падаць дэклярацыю аб прыбытках за апошнія 5 гадоў. Гэта трэба зрабіць цягам 10 дзён. Усю гісторыю Зьміцер Шыманскі тлумачыць падрыхтоўкай уладамі “чорнага піяру” напярэдадні выбараў — актывіст зьбіраецца ў іх удзельнічаць.

“Гэта пэўная тэндэнцыя, бо Аляксандар Лукашэнка ж загадаў кампэтэнтным органам прасачыць, за што гэтыя людзі жывуць, і паказаць народу. Бо ўся апэрацыя здымалася на відэакамэру. Увесь час, пакуль мяне трымалі ў дэпартамэнце, камэра не выключалася, усе мае дзеяньні здымаліся. Як мяне прымушалі выварочваць кішэні і гэтак далей. Таму, мяркую, хутка мы ўбачым гэтыя падрабязнасьці па тэлебачаньні”.

Падчас затрыманьня Зьміцер Шыманскі высьветліў, што ягоныя мабільныя тэлефоны не працуюць. МТС-аўскі тэлефон уключыўся потым хутка, а “вэлкамаўскі” запрацаваў толькі пасьля звароту ў тэлефонную кампанію.

Адкуль у актывіста апазыцыі 1700 даляраў і што ён зьбіраўся зь імі рабіць? Зьміцер Шыманскі не хавае гэта ў сакрэце: грошы назьбіраныя, каб купіць у Менску кампутар, неабходны для выпуску шэрагу выданьняў берасьцейскіх грамадзкіх аб’яднаньняў. Адно зь іх, “Сузор’е”, ён узначальвае. Актывіст кажа, што зарабляе кансультацыйнымі паслугамі для фірмаў у Берасьці.

Кіраўнік юрыдычнай камісіі партыі БНФ Уладзімер Лабковіч лічыць “апэрацыю” супроць Зьмітра Шыманскага часткай вялікай кампаніі супроць апазыцыі.

“Мяркую, гэта ўзмацненьне кантролю і ціску на актывістаў напярэдадні парлямэнцкіх выбараў. Улады заклапочаныя тым, каб максымальна пазбавіць апазыцыю ўплыву і ўдзелу ў выбарах”.

У прэсавай службе Камітэту дзяржкантролю не пракамэнтавалі дзеяньні супрацоўнікаў дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў адносна Зьмітра Шыманскага. “Мне пра гэта нічога не вядома”, — сказала кіраўніца прэс-цэнтру Ірына Войцік.
Вядучаму. Інцыдэнты з выняткам грошай у затрыманых актывістаў дэмакратычнага руху і апазыцыйных палітыкаў здараліся і раней. Прыкладам, гэта адбывалася з старшынём БХК Алегам Гулакам, палітыкамі Сяргеем Альферам, Андрэем Саннікавым ды іншымі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG