Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнічае гісторык Тацяна Процька.



“Са званьнем настаўніка спалучаюцца вялікія абавязкі, для пасьпяховага выкананьня якіх патрабуецца шмат ведаў, талентаў, майстэрства і вопыту. Ад настаўніка залежыць, якое разьвіцьцё атрымаюць закладзеныя ў вучня прыродныя здольнасьці. Калі настаўнік дрэнна ведае сваю справу, дык хоча ён гэтага ці не, але можа адбіць у вучня жаданьне вучыцца. Настаўнік павінен удумліва і глыбока пранікаць у складаны ўнутраны сьвет вучня, убачыць закладзеныя у ім здольнасьці і схільнасьці, якія, магчыма, з прычыны асаблівага псыхічнага складу характару не адразу выяўляюцца, і даць ім патрэбны напрамак. Посьпехі вучняў, іх імкненьне да ведаў у першую чаргу залежаць ад настаўніка. Абавязак настаўніка заключаецца ня толькі ў тым, каб перадаць вучню веды і досьвед, назапашаныя чалавецтвам за ўсю яго гісторыю, але і разбудзіць у дзецях цягу да пазнаньня”.
З пэдагагічнага трактату Вісарыёна Бялінскага, знойдзенага ў Гістарычным архіве Беларусі ў 1967 годзе.”


Вячаслаў Ракіцкі: “Працытаваны пэдагагічны трактат знанага расейскага мысьляра Бялінскага мае непасрэднае дачыненьне да Беларусі. Якое? І хіба крытык Бялінскі працаваў у школе?”


Тацяна Процька: “Ён меў дачыненьне і да Беларусі, і да пэдагогікі, хаця і ня вельмі, на мой погляд, удалае. У 1833 годзе, калі яго выключылі з Маскоўскага ўнівэрсытэту, Бялінскі меў намер паехаць на Беларусь настаўнікам расейскай мовы. Ён нават напісаў трактат, поўная назва якога доўгая:“Мае думкі аб тым, якім чынам трэба паступаць настаўніку пры навучаньні расейскай мове вучняў, што ня могуць гаварыць на ёй, і які са свайго боку ня ведае іх роднай мовы”. Гэты трактат ён прыклаў да прашэньня аб пасадзе, якое накіраваў папячыцелю Беларускай навучальнай акругі Рыгору Карташэўскаму. І хоць сам Бялінскі на Беларусь ня трапіў, прапановы з трактату былі разасланыя настаўнікам Беларускай навучальнай акругі ў якасьці мэтадычных парадаў. Сёньня мне падаецца цікавым не прапанаваны ім мэтад навучаньня палякаў расейскай мове (Бялінскі, як і ягоныя тагачасныя суайчыньнікі, лічыў беларусаў палякамі), а вобраз настаўніка, які ён акрэсьліў у сваёй працы і які быў характэрны для значнай часткі тагачасных беларускіх пэдагогаў”.

Ракіцкі: “Якое месца займалі настаўнікі ў тагачасным беларусім грамадзтве?”

Процька: “Настаўнікі зьяўляліся самай адметнай часткай мясцовай інтэлігенцыі. І, бадай, самай шаноўнай сярод шырокіх колаў насельніцтва. І хоць розныя настаўнікі знаходзіліся на розных прыступках сацыяльнай лесьвіцы (настаўнікі пачатковых ці народных школ, настаўнікі сярэдніх навучальных устаноў, выкладчыкі ўнівэрсытэтаў і інстытутаў), і людзі, і ўлады публічна заўсёды з павагай ставіліся да настаўнікаў. Магчыма, таму што “народ, пазбаўлены сваёй прыроднай інтэлігенцыі, вымушаецца жыць па звычаю, па рутыне, як жылі яго продкі, бязвольна падпарадкоўваючыся зьнешнім умовам, а не валадара над імі”. Я працытавала радкі Адама Багдановіча, мясцовага настаўніка, надрукаваныя ў газэце “Мінскі лісток” у 1886 годзе”.

Ракіцкі: “Ці быў настаўнік незалежным ад улады ў сваёй пэдагагічнай дзейнасьці?”

Процька: “Ціск, канешне, быў. У першую чаргу ён быў абумоўлены палітычнымі стасункамі тагачаснай Беларусі. Асабліва пасьля паўстаньня 1863 году на Беларусі ўзмацнілася русыфікатарская палітыка цэнтральнай улады. На думку стваральнікаў гэтай палітыкі, праводзіць яе павінны былі настаўнікі пачатковых школаў і праваслаўнае духавенства. Ва ўсіх навучальных установах павялічылі колькасьць гадзінаў выкладаньня Закона Божага, пачалося адкрыцьцё расейскіх дзяржаўных пачатковых школаў. Настаўнікі каталіцкага веравызнаньня былі вызначаныя як непажаданыя. Настаўнікі, якія не пагаджаліся з русыфікатарствам пад рознымі прычынамі выганяліся зь Беларусі , іх пераводзілі на працу ў гэтак званыя “ўнутраныя губэрні” Расеі. А на іх месца, згодна са спэцыяльным Цыркулярам Міністра асьветы, прыходзілі “дабранадзейныя” настаўнікі з тых жа “унутраных губэрняў”, пераважна выхадцы з “духоўнага” саслоўя. За “надзейнасьць” ім даплачвалі яшчэ 50 працэнтаў заробку, мелі яны і іншыя ільготы. А за гэта яны павінны былі садзейнічаць “узбуджэньню ў народзе ўсьведамленьня, што ён рускі”. Улады імкнуліся выкарыстаць настаўніка перш наперш у “ідэалягічным” накірунку – дзеля ўмацаваньня ўлады цара і праваслаўнай царквы”.

Ракіцкі: “І настаўнікі сталі рупарам русыфікацыі?”

Процька: “Цяжка сказаць, якая колькасьць настаўнікаў саступіла і дзейнічала на карысьць царскім уладам. З розных прычынаў такіх досьледаў не было. Але дакладна магу сказаць, што было дастаткова людзей, якія знаходзілі ў сабе сілу процістаяць ціску ўладаў, заставацца сапраўднымі настаўнікамі, не пераўтварацца ў ідэолягаў. Адным з такіх людзей зьяўляецца Караль Чаховіч -- настаўнік фізыкі і матэматыкі спачатку Віленскага дваранскага інстытуту, потым , пасьля 1863 году, Беластоцкай гімназіі, у 1884 годзе сасланы ў Арэнбург. Жыцьцё гэтага чалавека – добры прыклад адданага служэньня сваёй прафэсіі”.

Ракіцкі: “І якім чынам ён мог супрацьстаяць моцнаму мэханізму акупацыйнай улады?”

Процька: “Перш наперш, цэласнасьцю характару і пасьлядоўнасьцю. Ён хацеў навучыць моладзь не рабіць нічога, што пярэчыць уласнаму сумленьню. І не толькі вучыў правільнымі і прыгожымі словамі, а і прыкладам свайго жыцьця. Ён не зайздросьціў, не шукаў прыхільнасьці начальства, не прагінаўся перад аўтарытэтамі. За свае перакананьні ён не аднойчы губляў месца працы, але на кожным новым месцы заслугоўваў любоў і павагу як дарослых, так і дзяцей. Калі Чаховіч памёр у далёкім Арэнбургу, у мясцовым касьцёле сабраліся тысячы людзей, і вучні плакалі”.

Ракіцкі: “Вы гаворыце так прыгожа, і я вам веру. Але за нашы часы прыгожыя словы на адрас настаўнікаў згубілі сэнс, бо насамрэч ягоны стан у сучасным грамадзтве і дабрабыт таксама ня самыя прыгожыя... Давайце пагаворым пра тое, якія былі настаўнікі пры канцы 19 стагодзьдзя. Найперш -- якая у іх была адукацыя, прафэсійная падрыхтоўка?”

Процька: “Адукацыя ў тыя часы была галоўным фактарам добрага жыцьцёвага ўладкаваньня. Настаўнікі пачатковых школаў, як правіла, заканчвалі настаўніцкія сэмінарыі, дзе спачатку два, а пасьля 1870 году за 3 гады, вывучалі Закон Божы, галоўныя асновы пэдагогікі, расейскую і царкоўнаславянскую мовы, арытмэтыку, галоўныя асновы геамэтрыі, каморніцтва, чарчэньне, расейскую гісторыю, расейскую геаграфію, галоўныя зьвесткі для разуменьня зьяваў прыроды, чыстапісаньне, сьпевы і гімнастыку. На тыя часы гэта была даволі добрая адукацыя. Навучаньне было платным. Тыя, хто вучыўся коштам дзяржавы, павінны былі пасьля заканчэньня сэмінарыі адпрацаваць ня меней за 4 гады на пасадзе настаўніка паводле назначэньню папячыцеля Віленскай навучальнай акругі ці выплаціць кошт навучаньня. Выкладчыкі гімназіяў і рэальных вучылішчаў абавязкова мелі вышэйшую адукацыю. Бялінскі, якога мы ўжо сёньня згадвалі, меў вельмі добрыя рэкамэндацыі і за яго, як тады казалі, “прасілі” даволі ўплывовыя людзі. Але ён скончыў толькі 3 курсы Маскоўскага ўнівэрсытэту і ня мог атрымаць пасаду выкладчыка гімназіі, на якую прэтэндаваў. А да працы ў пачатковай школе ён падрыхтаваны ня быў, бо прадметы, якія вывучалі ў настаўніцкай сэмінарыі, ва ўнівэрсытэтах не выкладалі”.

Ракіцкі: “Якія былі абавязкі настаўніка? Што патрабавалася ад яго?”

Процька: “Абавязкі настаўніка вызначаліся спэцыяльнымі інструкцыямі. Згодна зь імі, настаўнік абавязаны быў ”прымушаць усіх вывучыць урок”, апытваць кожнага вучня, узбуджаць і падтрымліваць увагу вучня, задаваць наводныя пытаньні. На ўроку настаўнік абавязаны быў стаяць перад клясай, не хадзіць або сядзець. Урок працягваўся 90 хвілінаў, але настаўніку дазвалялася рабіць пяціхвілінны перапынак, на працягу якога вучні маглі ціха размаўляць, не пакідаючы лаўкі. Народны настаўнік, як правіла, працаваў з дзецьмі розных узростаў і адначасна з трыма аддзяленьнямі (клясамі)”.

Ракіцкі: “Якую нагрузку мелі настаўнікі?”

Процька: “Выкладчыкі гімназіяў, як і настаўнікі пачатковых школ, мелі абавязковую нагрузку ў 12 гадзінаў на тыдзень. Рэальна ж выкладчыкі мелі па 20 і нават па 30 гадзінаў выкладаньня на тыдзень. Вялікая колькасьць гадзінаў тлумачылася дадатковай аплатай”.

Ракіцкі: “А колькі зарабляў настаўнік?”

Процька: “Гэта залежала ад адукацыі і месца працы. Настаўнік пачатковай школы звычайна мог зарабляць да 300 рублёў у год. Гэта столькі, колькі зарабляў дробны чыноўнік першага разраду паводле табэлю аб рангах. Але кваліфікаваныя рабочыя зараблялі ў два разы меней. Выкладчыкі гімназіяў мель значна большыя заробкі. Быў падзел на старшых і проста настаўнікаў. Ужо ўзгаданы Чаховіч, калі працаваў старшым настаўнікам у Беластоцкай гімназіі, зарабляў 1250 рублёў за 12 урокаў, яшчэ 240 за дадатковыя чатыры ўрокі, 160 рублёў за кляснае кіраваньне і 720 – за прыработак у Беластоцкім інстытуце “благародных дзявіцаў”. Агульны ягоны заробак быў крыху большым за заробак прафэсара ўнівэрсытэту”.

Ракіцкі: “А ці ўлічваўся пэдагагічны стаж?”

Процька: “Фармальна стаж на заробак не ўплываў. Але ён даваў магчымасьць атрымаць чарговы чын у табэлі аб рангах, ці з проста настаўніка стаць старшым настаўнікам. Настаўнікі маглі даслужыцца да чыну, які даваў насьледнае дваранства. Так, Чаховіч скончыў сваю кар’еру у чыне, які адпавядаў генэрал-маёру. Пры пасьпяховай працы настаўнікі узнагароджваліся дзяржаўнымі ордэнамі. Так, Чаховіч за 22 гады сваёй пэдагагічнай дзейнасьці меў 3 ордэны. Але для пасьпяховай кар’еры патрэбны былі і іншыя заслугі, акрамя стажу”.

Ракіцкі: “Любоў да цара і ляяльнасьць да ўладаў?”

Процька: “Канешне, добрай кар’еры і ў тыя часы прыхільнасьць да ўладаў як кажуць, ня шкодзіла. Але для настаўнікаў гэта не было галоўным. Заахвочвалася і ўзнагароджвалася дзейнасьць ў напісаньні падручнікаў, навуковыя дасьледаваньні, асьветніцтва, удзел у дабрачынных арганізацыях. Прыкладам, той жа Чаховіч, які не вызначаўся любоўю да цара, а вучні клясы, у якім быў клясным кіраўніком, спрабавалі стварыць рэвалюцыйны гурток, з якога выйшаў тэрарыст Грынявіцкі. Чаховіч меў каля 40 навуковых працаў, атрымаў залаты мэдаль палітэхнічнай выставы ў Маскве, быў правадзейным сябрам некалькіх буйных навуковых таварыстваў Расеі, вёў справаводзтва ў Таварыстве чырвонага крыжу, выступаў з папулярнымі лекцыямі. Добрая кар’ера гарантавала добры заробак”.

Ракіцкі: “Ці я дакладна вас зразумеў -- пры расейскім цары настаўнік меў і высокі сацыяльны статус, і дабрабыт? Няўжо ўсё так было добра?”

Процька: “Мае далёкія сваякі былі настаўнікамі вясковай пачатковай школы. Да таго ж мелі сваю гаспадарку, і жылі дастаткова заможна. У гарадох настаўнікі гімназіяў традыцыйна лічыліся добрымі жаніхамі для любой дзяўчыны”.
Ракіцкі: “А чаму дзяржава дбала пра такі высокі статус настаўніка? І ці зьмянілася б што ў дзяржаве, грамадзтве, калі б гэтага не было?
Процька: “Па-першае, настаўнікі павінны былі вучыць людзей любові да ўлады і праваслаўнай царквы. Але любы прымус заўсёды мае адмоўную рэакцыю. І, мне падаецца, каб настаўнікі сапраўды так вучылі, як належала паводле інструкцыі, то не было б кастрычніцкай рэвалюцыі. Ва ўсіх нашых падручніках гісторыі напісана, што ня лепш тады было, а горш. І ў пэўным сэнсе я з гэтым згодна, хоць бы з гледзішча таго, што забаранялася беларуская мова. Але тагачасная ўлада разумела, што на адных “вернаподданіцкіх” пачуцьцях далёка не заедзеш, і рабіла ўсё, каб заахвоціць да працы людзей і разумных, і таленавітых”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG