Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Эўрапарлямэнту Ганс-Герт Пэтэрынг атрымаў 50 тысячаў подпісаў беларусаў у абарону сваіх правоў і настойліва заклікаў афіцыйны Менск «вызваліць усіх палітвязьняў, у тым ліку Аляксандра Казуліна».



Як паведамляе прэсавая служба Эўрапарлямэнту, 28 траўня спадар Пэтэрынг атрымаў ад Аляксандра Мілінкевіча і Паўла Севярынца пэтыцыю і копіі 50 тысяч подпісаў беларускіх грамадзянаў у падрымку свабоды сумленьня ў Беларусі. Дакумэнты перададзеныя ў Камітэт у справе зваротаў Эўрапарлямэнту.
Асноўныя свабоды грамадзян гэтай краіны не выконваюцца ўладамі

Па выніках сустрэчы быў распаўсюджаны камэнтар спадара Пэтэрынга:

«На жаль, Беларусь застаецца апошняй дыктатурай Эўропы. Асноўныя свабоды грамадзян гэтай краіны не выконваюцца ўладамі, уключна з рэлігійнымі правамі. Я маю поўную сымпатыю да ініцыятывы, выкладзенай у гэтым звароце, і ў прыватнасьці да адвагі дзесяткаў тысяч беларусаў, якія вырашылі выказаць сваю пазыцыю адкрытым спосабам”.

Апрача таго спадар Пэтэрынг “настойліва заклікаў” афіцыйны Менск «вызваліць усіх палітвязьняў, у тым ліку Аляксандра Казуліна», скасаваць сьмяротнае пакараньне, забясьпечыць вольную працу СМІ, незалежнасьць судоў, выконваць права грамадзян на вольныя і дэмакратычныя выбары, а таксама іншыя міжнародна прызнаныя дэмакратычныя каштоўнасьці і правы чалавека.

«Толькі выкананьне гэтых асноўных дэмакратычных умоваў дазволіць Эўрапейскаму Зьвязу нармалізаваць адносіны з Беларусьсю», -- падкрэсьліў Ганс-Герт Пэтэрынг.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG